Тэма каменных крыжоў часам непрадказана ўзнікае ў медыйнай прасторы і пад відам сенсацыі інтрыгуе людзей рознага ўзросту. Маўляў, крыжы нечакана вырастаюць з-пад зямлі, і ёсць у гэтым пэўны знак, нейкае папярэджанне, якое падаюць нам нашы продкі.
Крыж – адзін з самых старажытных і распаўсюджаных сімвалаў, у хрысціянскім свеце – галоўны, а ў дахрысціянскія часы – прадмет культу. З гэтым сімвалам людзі здаўна звязвалі такія паняцці, як здароўе, урадлівасць, бессмяротнасць, саюз неба і зямлі, духа і матэрыі, сонца і зор. Крыж уяўляе сабой своеасаблівую мадэль чалавека.
Веруючыя, канешне, звязваюць з крыжом пакуты Хрыста, а для беларусаў ён яшчэ азначае і надзвычайныя пакуты народа ў мінулым, таму, падыходзячы да яго, лічыцца за правіла – пакланіцца.
Эпітафія на кірыліцы
Нядаўна ў сацыяльных сетках з’явілася і хутка набрала прагляды відэа пра загадкавы крыж, які знайшлі супрацоўнікі водаканала ў красавіку гэтага года, калі вялі вадавод паміж вёскамі Слабада і Кароўка ў Віцебскім раёне. Загадкавасць рэліктавай каменнай выяве надаў надпіс, які ўзяліся расшыфраваць навукоўцы, гісторыкі і мясцовыя краязнаўцы. Як сведчыць кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак, такая падрабязная эпітафія прымушала знойдзены рарытэт адправіць у Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Так і зрабілі. Гісторык Дзяніс Лісейчыкаў здолеў прачытаць пашкоджаны надпіс: «Сеи крыжъ стоитъ за небощыкомъ славное памети Гарасимомъ Игнатовичомъ Ушаковичомъ Коровчинскимъ». Гісторыкі сышліся на тым, што год пастаноўкі крыжа – 1639-ы, да таго ж названы нябожчык далучаўся да саслоўя панцырных баяр – вольных заможных сялян Вялікага Княства Літоўскага. Такім чынам, гаворка ішла пра перыяд XVII стагоддзя. Высветлілася, што апошні раз Герасім Ігнатавіч узгадваўся разам з сынамі Антонам і Дзмітрыем у дакументах 1635 года.
– Цікава, што надпіс зроблены на старабеларускай мове, – сведчыць Дзяніс Юрчак. – Акадэмік Карскі такую назву даў менавіта літаратурнай мове Вялікага Княства Літоўскага. Даследчыкам вядома каля 30 эпітафій тагачаснага перыяду, напісаных на кірыліцы. Але знойдзены пад Віцебскам крыж – безумоўны лідар па колькасці моўных знакаў.
Размешчаны відэаматэрыял на канале «Витебский край» у ТікТок выклікаў хвалі каментарыяў, што сведчыць, наколькі зацікавіла старажытная знаходка карыстальнікаў інтэрнэта. Выказваліся розныя меркаванні. Было і такое – навошта кранаць крыж з вызначанага для яго продкамі месца? Маўляў, гэта забаронена хрысціянскім законам. Але адказ на гэта абурэнне быў аргументаваны: крыж не знойдзены на могілках, ніякіх рэшткаў ці артэфактаў на месцы знаходкі не выяўлена.
Здаўна ў народзе жывуць чуткі, што той, хто кране крыж са свайго месца, неўзабаве будзе пакараны нябачнымі сіламі.
Шляхамі продкаў
Пятнаццаць год таму ў інтэрнэце падхапілі хвалю новай гістарычнай сенсацыі пра тое, што ў Докшыцкім раёне з’явіліся дзясяткі каменных крыжоў, пра якія быццам бы раней не чулі. Аўтары называлі гэта неверагодным, бо ў XXI стагоддзі, у час росквіту інфармацыйных тэхналогій, пра гэтыя каменныя крыжы нам практычна нічога не вядома. Між тым крыжы рознага памеру, самыя малыя ў вышыню 30 см, іншыя вышэй чалавечага росту, на некаторых з цяжкасцю можна пазнаць паўсцёртыя лічбы, упарта стаяць ужо некалькі стагоддзяў на ўскрайку старых вясковых могілак. Містыка, якая выклікае больш пытанняў, на якія складана знайсці адказы. Ці гэта сярэднявечныя надмагіллі, а можа – рэшткі язычніцкага капішча? А што, калі крыжы проста знеслі ў кучу пры ўладкаванні могілак? Былі і тыя, хто сцвярджаў, быццам пад крыжамі спачываюць французы, якія загінулі падчас нашэсця ў 1812 годзе.
Кропкі над і паспрабавала паставіць раённая газета «Родныя вытокі», надрукаваўшы артыкул мясцовага краязнаўцы Сцяпана Целеша. Спачатку ён распавёў пра самы знакаміты старажытны крыж на Докшыччыне – крыж Стэфана Баторыя, потым прыгадаў вялікі каменны крыж, што знаходзіўся на ўездзе ў вёску Барсукі. Падчас пашырэння дарогі Докшыцы – Глыбокае ён быў скінуты ў канаву і засыпаны. Аналагічны лёс спасціг і вялікі крыж, што размяшчаўся насупраць могілак вёскі Рапяхі, па дарозе на Сітцы, які таксама павалілі і засыпалі.
Краязнаўца быў занепакоены на той час лёсам каменных крыжоў, бо яны не ўнесены ў пералік ахоўных помнікаў, размешчаны па-за населенымі пунктамі, у хмызняках, лясных масівах, на старых могілках. А «чорныя капальнікі» парушалі ці знішчалі ўжо не адзін такі ўнікальны аб’ект гісторыі. І ніхто не ведае, як іх абараніць ад сучасных варвараў.
Не забабоны, а паданні
Чуткі чуткамі, але ў Бягомльскай пасялковай бібліятэцы мне прадставілі самыя сапраўдныя доказы народных і навуковых тлумачэнняў з’яўлення таго ці іншага каменнага крыжа ў Докшыцкім раёне.
Адкуль пайшоў выраз: «Каб ты каменем узяўся»? У кнізе А. Э. Ляўкова «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» ёсць паданне пра Сцёп-камень у Докшыцкім раёне. Узяўся Сцяпан на Вялікдзень зямлю ўзараць. Да паўдня з валом поле ўзаралі. А тут жонка Акуліна абед у збанках прынесла. Пакуль еў Сцяпан, Акуліна ўсё на сваё жыццё скардзілася, папракала мужа. Пасварыліся яны, і, разыходзячыся, яна кінула ў след: «Каб ты каменем узяўся». Сцяпан падышоў да валоў, узяўся за плуг, і раптам усе яны скамянелі: і сам Сцяпан, і вол, і нават збанкі. Вось і ляжаць камяні з таго часу ў адным месцы…
Найбольш верагоднай лічыцца гісторыя пра крыж Стэфана Баторыя. Быў ён ва ўрочышчы Каралёў Стан паміж вёскамі Сасноўка і Асінавік каля дарогі на месцы вельмі старадаўняга могільніка, вышынёй 1,6 метра, шырынёй – метр. На ім высечана схематычная выява чалавека з каронай на галаве, мячом у правай руцэ, шчытом – у левай. Унізе лацінскія літары «RSB», якія даследчыкі чытаюць як «кароль Стэфан Баторый». Ніжэй – два кругі, счэпленыя адзін з адным. Па баках высечаны крыжыкі.
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя вядомы беларускі этнограф і падарожнік Павел Шпілеўскі запісаў наступнае паданне. Аднойчы войска Стэфана Баторыя выйшла на вялікую дарогу і размясцілася абедаць каля сядзібы беднага шляхціца. Разгуляўшыся, воіны перарэзалі ўсіх кароў і бараноў, адабралі ў шляхціца ўсе прыпасы. Няшчасны выйшаў на дарогу, па якой павінен быў ехаць кароль. Убачыўшы караля, спыніў яго каня словамі: «Стань, круль!» Здзіўлены кароль спытаў шляхціца, што здарылася, і той распавёў, што нарабілі яго салдаты, і папрасіў кампенсацыі. Кароль пагадзіўся і запытаў, чаго той пажадае?
– Зямля, на якой ты стаіш, належыць табе. Падаруй яе мне, – смела папрасіў шляхціц.
– Бяры і маўчы! – сказаў кароль і правёў рукой па паветры, як бы азначаючы межы новага ўладання шляхціца.
Так з’явіліся два маёнткі, адзін з каторых назвалі Станкруль (Каралёў стан), другі – Мільча.
Дык вось гэты крыж урэшце напрыканцы ХХ стагоддзя забралі ў сталічны Парк камянёў. Гавораць, ён і дагэтуль там знаходзіцца як каштоўнейшы экспанат.
У кнізе «Памяць. Докшыцкі раён» змешчаны фотаздымак каменных крыжоў каля вёскі Мількунь.
Камень з загадкавымі надпісамі архіўныя сведкі называюць і каля вёскі Бабцы пры дарозе на вёскі Кальнік і Гарадзёнку. Лічыцца, што камень паставілі на магіле нейкага забітага чалавека. Аднойчы спрабавалі яго зрушыць з месца, запрэглі 10 коней, але і тыя не адужалі.
Бабцы родныя!
А нядаўна пашчасціла і мне патрапіць на святое месца каменных крыжоў каля вёскі Бабцы Бягомльскага сельсавета.
Мяркую, і ў назве вёскі ёсць пэўная сувязь з тымі крыжамі. Па дарозе ў пошуках крыжоў сустрэла мясцовага жыхара Леаніда. Запытала, як прайсці да старажытных крыжоў. Ён і паказаў, засведчыўшы, што тутэйшым могілкам не менш за 400 год.
Вёска Бабцы невялічкая. Але яшчэ ў 1897 годзе тут налічвалася 74 двары і 495 жыхароў. У пачатку XX стагоддзя – 83 двары, нават адчынілі народнае вучылішча, якое з часам ператварылі ў пачатковую школу. Перад Вялікай Айчыннай вайной было 130 двароў. У маі 1943-га акупанты спалілі большую частку (78 двароў).
На думку краязнаўцы Анатоля Бруцкага, назва Бабцы паходзіць ад слова «баба». Падобна, што якраз ёй у вобразе крыжа і пакланяліся вельмі даўнія жыхары тутэйшых вёсак. Каменныя бабы віталі калісьці гасцей і ў маёнтках Дзядзінава паблізу Оршы і ў Крынках, што на Лёзненшчыне. Да вайны былі ва Ушацкім раёне вёскі Бабіна Гара, у Лепельскім – Бабін Бор.
Дайшоўшы да старажытных могілак, якія месцяцца на ўскрайку леса, я адразу сустрэла вялікія валуны, раскіданыя ўздоўж засеянага поля. Каменныя крыжы стаяць на сваіх месцах, схаваныя высокай травой, так што не адразу іх і заўважыш.
Ці растуць камяні? Людзі сталага веку перакананыя, што менавіта так. На самой справе камяні, раскіданыя ледавіком на нашых палях, не павялічваюцца, а памяншаюцца. Талая і дажджавая вада змывае глебу. Пад валуном зямля найбольш вільготная, таму, калі надараецца мароз, вільгасць ператвараецца ў лёд, а ён большы па аб’ёме – вось і выштурхоўвае камяні на паверхню. Усе атмасферныя выклікі ўздзейнічаюць на рапаківі і крышталічныя сланцы, ад якіх адвальваюцца значныя кавалкі.
Такі лёс каменных крыжоў, што яшчэ сустракаюцца ў нашым краі. Наогул, выбітыя крыжыкі на культавых камянях – звычайная справа. А каменныя крыжы – яскравы доказ старажытнасці нашай беларускай зямлі.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц