Сталіца абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі» нагадвае будаўнічую пляцоўку: ідзе асфальтаванне вуліц і завулкаў, на плошчах і тратуарах рабочыя ўкладваюць новую плітку, заканчваецца рамонт шматкватэрных жылых дамоў, узводзяцца новыя і рамантуюцца старыя пабудовы. Пра падрыхтоўку горада да маштабнага свята нам расказаў намеснік старшыні Міёрскага райвыканкама Яўген Нікалаёнак.

– У пачатку 2024-га мы даведаліся, што абласныя «Дажынкі» праз два гады пройдуць у Міёрах. Не марнуючы часу, сталі вызначаць, якія аб’екты трэба рамантаваць у сацыяльнай і вытворчай сферах. Загадзя акрэслілі планы па добраўпарадкаванні вуліц, паркаў і плошчаў. У сціслыя тэрміны пачалі работы па складанні неабходнай праектна-каштарыснай дакументацыі. І справа зрушылася з месца, – гаворыць Яўген Нікалаёнак. – Да работ прыцягваем толькі тых, хто зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку і мае багаты вопыт. У сваёй большасці працуюць арганізацыі Віцебскай вобласці. А пачалі мы з рамонту шматкватэрных жылых дамоў, размешчаных кампактна ў цэнтры горада. Паралельна заняліся мадэрнізацыяй СШ № 2 імя Мікалая Ізварына. Пэўны адрэзак часу пайшоў на праходжанне экспертызы праектна-каштарыснай дакументацыі па рэканструкцыі памяшкання для залы боксу, дзе раней размяшчалася актавая зала былой будаўнічай арганізацыі ПМК-55. Аб’ект дзякуючы добрасумленным падрадчыкам паступова набывае новае аблічча і хутка стане кропкай прыцягнення, бо далёка не ў кожным горадзе такі від спорту, як бокс, развіваецца на прафесійнай аснове.

– Ужо цяпер па афарбоўцы пабудоў бачна, што Міёры набываюць свой стыль. З чым гэта звязана?

– Канцэпцыя па добра­ўпарадкаванні была распрацавана ў мінулым годзе па даручэнні аблвыканкама – адзіны стыль афармлення пабудоў з элементамі брэндзіравання. Аб’екты інфраструктуры і шматкватэрныя дамы пафарбаваны ў каляровую гаму, якая асацыіруецца з нашым брэндавым святам «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Навялі належны парадак каля сваіх памяшканняў індывідуальныя прадпрымальнікі. Не засталіся ў баку гаспадары асабістых зямельных надзелаў.

– Час ляціць хутка. Што робіцца, каб здаць аб’екты ў вызначаны тэрмін?

– Кіраўніцтва падрадных арганізацый, самі работнікі не лічацца з асабістым часам. Калі дазваляюць умовы надвор’я, працуюць да 19 і больш гадзін. Нават у выхадныя дні на будаўнічых пляцоўках кіпіць работа. Гараджане з разуменнем адносяцца да таго, што нярэдка трэба прыйсці на дапамогу будаўнікам. Для гэтага мы праводзім суботнікі. Настаўнікі, тэхнічны персанал, бацькі школьнікаў адгукнуліся на заклік па зборцы мэблі ў СШ № 2.

– Дарожная сетка таксама прыведзена ў належны стан?

– Рэспубліканскім дарожным фондам выдаткаваны грашовыя сродкі для жыллёва-камунальнай гаспадаркі на рамонт вуліц райцэнтра, якія асвоены ў поўным аб’ёме. Пакладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё ад аўтатрасы Міёры – Дзісна да пачатку экасцежкі па заказніку Ельня, а гэта восем кіламетраў дарогі. Вядома, што ў Міёрах пройдуць не толькі «Дажынкі», але і штогадовы фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», неад’емнай часткай якога з’яўляецца наведванне балотнага масіву.

– Усе работы знахо­дзяцца пад кантролем мясцовай улады?

– Безумоўна. Праводзім пасяджэнні штаба па падры­хтоўцы да свята ўраджаю, абмяркоўваем праблемныя моманты, шукаем выйсце са складаных сітуацый. Ход рамонтных работ знаходзіцца пад пільным кантролем абласнога выканаўчага камітэта.

Напрыканцы ліпеня з рабочай паездкай Міёры на­ведаў старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка. Ён узначаліў штаб па падрыхтоўцы да «Дажынак». Спікер падкрэсліў, што Міёры змяніліся ў лепшы бок, рамонтныя работы ідуць у запланаваным рэжыме, акцэнт робіцца на аб’ектах, якія патрабуюць да сябе больш пільнай увагі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара і раённай газеты «Міёрскія навіны»