Першым саспеў азімы ячмень, якога сеялі 430 га. Пачалі абмалочваць. Бралі ў першыя дні не з самых лепшых участкаў крыху больш чым па 30 ц з гектара. Наперадзе палі, дзе спадзяюцца атрымаць больш важкую ўраджайнасць. Толькі склалася так, што ўборку ячменю вымушана прыпынілі. Саспеў азімы рапс. «Пастаяць» гэта культура не можа, пачнуць высыпацца зярняты. Параіўшыся, прынялі рашэнне пераязджаць на рапсавыя палі і тэрмінова абмалочваць іх.
Не ўсё з папярэдняй ацэнкай раслін спраўдзілася. Самыя лепшыя з восені палі пацярпелі пасля зімы і не даюць чаканай ураджайнасці. На тых жа, што выглядалі горш, бралі па 20 ц/га. Са сканчэннем абмалоту рапсу вярнуліся на збажыну.
З першай задачай паспяхова справіліся чатыры камбайнеры – Уладзімір Кімстач, Раман Пучынскі, Рыгор Янцэвіч і Іван Ермаковіч. Грашовымі прэміямі будуць узнагароджаны першыя тры камбайнеры, якія намалоцяць па тысячы тон збожжа, а таксама вадзіцель, які першым у раёне даставіць на ток тысячу тон зерня.
Прафсаюзы ўжо падвялі вынікі спаборніцтва па корманарыхтоўцы. Раман Пучынскі (на фота) – лідар сярод маладых механізатараў: больш за іншых даставіў з поля да месцаў закладкі сенажу зялёнай масы. Малады механізатар перавёз 5 тысяч тон здробленай правяленай травы. У гаспадарцы працуе трэці год.
– Сёлета жніво жаркае не толькі ад сонца, а і ад тэмпу работ. Каб не здарылася істотных страт зерня, нельга прамарудзіць не тое што дзень, а гадзіну, – падкрэсліла Таццяна Лукша.
Фота Андрэя ПАНКРАТА.