Ключавым праектам бібліятэкі ў год 95-годдзя з дня заснавання ўстановы і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стаў электронны рэсурс «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны», прысвечаны ўнёску работнікаў кніжных храмаў вобласці ў набліжэнне Перамогі. Праект знаёміць з асобамі бібліятэкараў – удзельнікаў вайны. Пра кожнага з іх прадстаўлена падрабязная інфармацыя: гады жыцця, адукацыя, удзел у баявых аперацыях, працоўны шлях, узнагароды. Праект дапоўнены інтэрактыўнымі плакатамі і інфаграфікай. Рэсурс стаў важным крокам у захаванні гістарычнай памяці і прызнанні заслуг усіх, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Літаратурна-музычная вечарына «И значит, нам нужна одна Победа…» 8 мая будзе прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння Булата Акуджавы. Як прызнанне ў любві да жыцця, людзей прагучаць творы паэта-песенніка, які прайшоў вайну. Госці вечарыны ўпершыню ўбачаць унікальныя кадры рассакрэчанай ваеннай хронікі вызвалення Віцебска, якія пракаменціруе намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва вобласці Таццяна Буевіч.
На кніжных выставах у розных аддзелах бібліятэкі можна ўбачыць унікальныя дакументы, фатаграфіі, кнігі і іншыя матэрыялы, якія расказваюць пра самаахвярнасць і адвагу салдат, раскрываюць значнасць подзвігу простых грамадзян, паказваюць павагу сучаснікаў да памяці загінулых герояў і ветэранаў.
Наведвальнікі бібліятэкі маюць магчымасць даведацца пра новыя факты гісторыі і спадчыны, падзяліцца ўласнымі думкамі і ўражаннямі, адчуць аўру адзінства і сувязі паміж пакаленнямі.

Падрыхтавала Таццяна САЛАЎЁВА.