Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Год гостеприимства

Сувеніры з дапамогай лазера ствараюць у Верхнядзвінску

Трое верхнядзвінскіх аднадумцаў метадам лазернай гравіроўкі і рэзкі вырабляюць арыгінальныя сувеніры на беларускую тэматыку

Міні-прадпрыемства «ВуГЛ» існуе з пачатку года, а першыя ўзоры прадукцыі тут выпусцілі ў сакавіку. Яна трапляе галоўным чынам у Полацк, які наведваюць даволі шмат турыстаў і ёсць попыт на сувеніры. Яшчэ вырабы «ВуГЛ» прадаюцца ў дзвюх мінскіх кропках. Вядома ж, пазнаёміліся з імі і землякі-верхнядзвінцы.

Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Ляховіч мае адукацыю інжынера-машынабудаўніка. Вячаслаў Ліша, які адказвае за лазернае абсталяванне, колішні настаўнік матэматыкі і фізікі. У юрысконсульта Артура Шамёнка, апроч профільнага дыплома, ёсць і эканамічны. Ідэя стварыць вытворчасць сувеніраў з’явілася ў Аляксандра падчас вясельнага падарожжа ў Еўропу яшчэ тры гады назад. Згадкай пра тое на сцяне вісіць адзін з тамтэйшых узораў практычнага ўвасаблення ідэі – дэкаратыўная талерка.

Назву для прадпрыемства, зарыентаванага больш на інтэрнэт-прастору, таксама прапанаваў дырэктар: «ВуГЛ» –транскрыпцыя англійскай абрэвіятуры «ВудГравіяЛазер». Аднак усё ж у Сеціве яно больш вядома як «Дзвінская майстэрня».

Пачынаючы з сувенірных магнітаў, іх вытворцы меркавалі, што гэта будзе другаснай прадукцыяй. Выйшла наадварот, бо магніты ў модзе. Да справы тут ставяцца творча, вывучаючы густ пакупнікоў. Могуць зрабіць магніт нават па індывідуальнай замове. У такіх выпадках заказчыкі прысылаюць эскіз або проста тлумачаць свае пажаданні. Аляксандр, які пачувае сябе і дызайнерам, апрацоўвае ідэю, чэрціць для ўзгаднення некалькі варыянтаў. Зараз да выканання чарцяжоў падключыліся мастакі.

Матэрыялы – дрэва, магнітны вініл, двухслойны пластык, акрылавыя фарбы, фотаўстаўкі. Праўда, сыравіну, скажам, сухія дошкі з дрэў лісцёвых парод, у Верхнядзвінску не знойдзеш, трэба набываць у Віцебску ці Полацку.

Прадпрыемства не працуе на склад. Рэкламацый не было, бо маленькі калектыў аднадумцаў вельмі заклапочаны якасцю сваёй прадукцыі. Цікавасць выклікала серыя (пакуль з сямі магнітаў) «Уладары Вялікага Княства» – гравіраваныя міні-партрэты Гедыміна, Вітаўта, Альгерда і інш. Даспадобы аматарам прыйшліся магніты-гербы шэрагу беларускіх гарадоў, з выявамі храмаў і іншых архітэктурных славутасцей Віцебшчыны, крыжыкі, насценныя і настольныя талеркі і пано, сувенірныя ўпаковачныя скрыначкі. Дарэчы, ёсць магчымасць вырабляць такія скрыначкі не толькі з фанеры, але і з гнуткага шпону (натуральны матэрыял).

Як аказалася, прысвечаныя райцэнтрам сувеніры больш ніхто не выпускае, хаця шмат дзе ёсць калекцыянеры памятных знакаў такога кшталту. Па інтэрнэт-замовах у «Дзвінскай майстэрні» зрабілі магніты для жыхара Нясвіжа і ўраджэнца Беларусі, які жыве ў ЗША. Выкананы пробны заказ Верхнядзвінскага масласырзавода на скрыначкі з лагатыпам «Ян-сырадзел» – для пакоўкі сыроў.

Ёсць сувеніры з гумарам, напрыклад, драўляныя «Сапраўдны беларускі гузік», «Вялікі верхнядзвінскі гузік» (або з найменнямі любых іншых гарадоў). Нават былі прапановы вырабляць зменшаныя іх копіі для адзення, але гэта ўжо іншая вытворчасць.

 – Плануем зрабіць магніты з тэкстамі малітваў: для праваслаўных вернікаў – на рускай мове, для каталікоў – на беларускай, – расказвае Артур Шамёнак.

Нават невялікі вытворчы вопыт гэтага дружнага трыа сведчыць, што сувеніры з гістарычным ухілам усё яшчэ дэфіцыт. А ў «Дзвінскай майстэрні» іх могуць вырабляць з выкарыстаннем і старабеларускага шрыфту.

 – Маем шмат цікавых, арыгінальных ідэй, але магчымасці ўсе іх ажыццявіць пакуль няма. Мяркуем набыць у растэрміноўку абсталяванне, якое дапаможа павялічыць прадукцыйнасць працы. Планы амбіцыёзныя: развівацца, прапанаваць прадукцыю на замежжа, каб там больш ведалі пра нашу Беларусь.

Фота Дзмітрыя Осіпава 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ