Старажытныя галаўныя ўборы, альбо як змянялiся трэнды. Выстава-конкурс у сценах Віцебскага метадычнага цэнтра народных рамёстваў

Печать

Старажытныя галаўныя ўборы – хусткі-абхінанкі, саламяныя каруны, шарсцяныя капелюшы – прадстаўлены на абласной выставе-конкурсе ў Віцебскім метадычным цэнтры народных рамёстваў, якая будзе дзейнічаць да 19 чэрвеня.

У старажытнасці галаўны ўбор завяршаў ансамбль чалавека, быў фінальным акордам адзення. І калі хтосьці выходзіў з дома без капелюша або хусткі, пра яго казалі – апраставалосіўся. Зараз мода на такія ўборы вяртаецца, але ўжо не ставіць іх у ранг неабходнай дэталі строю.

На выставе можна ўбачыць, як мяняўся галаўны ўбор на працягу некалькіх стагоддзяў, як переходзіў з народнага ў шляхецкі гардэроб і наадварот. Напрыклад, у эпоху рамантызму сярод заможных беларусаў у трэндзе былі простыя саламяныя капелюшы. На мастацкіх палотнах таго часу засталіся партрэты прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя, якія насілі гэты звычайны галаўны ўбор. А сялянкі вельмі любілі яскравыя каруны – атрыбут переважна заможных кабет: іх рабілі з парчы і дэкарыравалі самацветамі, жамчужынамі,шыкоўнымі стужкамі.

Што тычыцца паўсядзённых галаўных убораў, то звычайна жанчыны насілі хусткі. Наогул іх колькасць магла даходзіць да 4 – 5: першая закрывала непасрэдна валасы, другая выкарыстоўвалася для ўпрыгожвання, трэццюю накідвалі перад выхадам на вуліцу, каб сберагчы ніжнія чыстымі. Яшчэ адну,невялікага памеру, маладая асоба скручвала ў трубку і брала з сабой: мужчына, калі подыходзіў да дзяўчыны, напрыклад, на вечарыне, не меў права дакранацца да яе рукі, таму браўся за гэтую хустку.

Адзін з самых старажытных прыкладаў хусткі-наміткі прадставіла браслаўскі майстар Наталля Парахневіч. Гэта прыклад жаночага галаўнога ўбора XVI – XIX стагоддзяў, а гісторыя яго бярэ пачатак нават у XIV ст. Наміткі маглі быць вельмі доўгімі і дасягаць васьмі метраў.

На выставе таксама дзейнічаюць майстар-класы па выкананні галаўных убораў, іх упрыгожванні. Напрыклад, метадыст-майстар Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Таццяна Ушакова прадэманстравала адну з самых старажытных тэхнік – набіўку малюнка на тканіну. У былыя часы для расфарбоўкі палатна, пераважна ільнянога, выкарыстоўвалі… звычайную бульбу. Караняплод разразалі напалову, выразалі пажаданы ўзор –кветкі, сонейка – і з яго дапамогай штампавалі фарбай выяву па ткані.

Зараз майстры прымяняюць трафарэты і акрылавую фарбу, наносяць разнастайныя узоры, нават складаныя спіралі. Тэхніка няпростая ў выкананні і патрабуе цярпення. Напрыклад, для ўпрыгожвання абруса неабходна 8 гадзін.

Фото Алеси Пушняковой

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны