Пастаўскі клуб «Традыцыя» на працягу 20 гадоў перадае наступным пакаленням спадчыну роднага краю

Печать

Пастаўскі клуб «Традыцыя» ўжо 20 гадоў вывучае нацыянальную кухню, гульні, абрады, адраджае і перадае наступным пакаленням спадчыну роднага краю.

Ёсць у аб’яднанння і сваеі традыцыі. На адным са стэндаў змешчаны фотаздымак дзвюх маленькіх дзяўчынак, якія падносяць каравай жанчынам у нацыянальных строях. Праз 20 гадоў ужо дарослыя Паліна Балаш і Святлана Грэська зноў уручалі каравай членам клуба, які вырас да народнага, набыў шырокую папулярнасць на Віцебшчыне і за яе межамі.

Адных рэцэптаў караваяў і хлеба мае больш за дзесяць. А колькі іншых гатуе страў – не пералічыць. Кожнае свята, у якім бярэ ўдзел «Традыцыя», не толькі вясёлае, але і смачнае. Парсючкамі з бульбы, вясельнымі баранамі, вэнджанінай і смажанінай пачаставаліся за два дзесяцігоддзі тысячы ўдзельнікаў фестываляў «Звіняць цымбалы і гармонік», «Славянскі базар у Віцебску», «Свята смак» ў латвійскім Рэзекне, іншых мерапрыемстваў у нашай краіне і замежжы. У ліку іх, кажуць, былі Людміла Зыкіна і ансамбль «Любэ».

Гэтай восенню клуб накрываў стол на другі дзень конкурсу вясельных абрадаў у Расонах і таксама змог здзівіць журы стравамі, якія не толькі насычалі, але і аздараўлялі арганізм пасля багатага застолля першага дня.

Дарэчы, клёцкі з душамі, якія гатуюць удзельніцы клуба, дзякуючы старанням Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра ўнесены ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, як і гульня «Яшчар», што захавалася ў гэтай мясцовасці.

Адраджэнне абрадаў і гульняў – яшчэ адзін накірунак дзейнасці «Традыцыі». Ужо ў першы год існавання яе члены аднавілі вясельны абрад, характэрны для Пастаўшчыны, і паказалі яго на «Славянскім базары». З таго часу яго дэманстравалі на розных пляцоўках.

Абрады члены аматарскага аб’яднання будуюць на этнаграфічным матэрыяле, а паказваюць у выглядзе тэатралізаваных прадстаўленняў. Менавіта такім чынам былі рэалізаваны самабытныя праекты «Кола года ў Ліпніках», «На прызбе ў пастаўскага млынара», «Завітайце да нас на Пастаўшчыну».

З нагоды юбілею ў адрас «Традыцыі», яе кіраўнікоў розных гадоў Ксеніі Грэська, Ганны Балаш, Вікторыі Курто прагучала шмат узнёслых слоў і шчырых пажаданняў. Самі ж члены калектыву маюць багата задум на будучыню. У прыватнасці, пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва, бо ва ўсім свеце існуе трывалы інтарэс да традыцый сваіх продкаў. У гэтым у чарговы раз пераканаліся ў лістападзе. Амаль тыдзень “Традыцыя” падарожнічала па польскім памежжы з Беларуссю, удзельнічала ў шматлікіх кулінарных мерапрыемствах, правяла для польскіх кухараў майстар-клас па гатаванні дранікаў, а пасля пачаставала імі з мачанкай. На ўра пайшлі сала, хлеб, салёныя грыбы… Смачныя стравы нацыянальнай кухні беларусаў прыйшліся даспадобы суседзям.

Фота з архіва клуба «Традыцыя».

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны