Звароты людзей раскрываюць праблемы: Анатоль Ліневіч правёў выязны прыём грамадзян у Верхнядзвінску

Печать

“Прамая лінія” з памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектарам па Віцебскай вобласці Анатолем Ліневічам пачалася, як кажуць, хвіліна ў хвіліну. Не паспела стрэлка гадзінніка спыніцца на лічбе 10, як прагучаў першы званок. Жанчына цікавілася, ці ёсць у яе дачкі магчымасць палепшыць жыллёвая ўмовы. Адразу былі ўдакладнены розныя аспекты агучанай праблемы, патрабаванні заканадаўства.. Райвыканкаму было дадзена заданне дэталёва разабрацца ў сітуацыі.

Магчымасцю звярнуцца да інспектара па Віцебскай вобласці верхнядзвінцы карысталіся актыўна. Абсалютная большасць званкоў была зроблена вясковымі жыхарамі і тычылася стану дарог. У в. Свольна, напрыклад, гравійку разбіла цяжкая тэхніка меліяратараў, паведаміла мясцовая жыхарка. Сельвыканкам рух машын і трактароў спыніў. Але пакуль ні арганізацыя, ні дарожнікі не спяшаюцца выправіць сітуацыю.

 Падсыпаць жвірам 100-метровы ўчастак гравійкі прасіў жыхар в. Баліны. У яго пяць кароў, гаспадар прадае малако дзяржаве. А малаказборшчык не можа даехаць да сядзібы, таму даводзіцца выносіць прадукцыю да месца прыпынку машыны.

Просьба пра рамонт вуліцы прагучала і з Асвеі.

І на “прамой лініі”, і падчас асабістага прыёму Анатоля Канстанцінавіча не раз гучалі прэтэнзіі да работы камунальнай службы.

Па адных зваротах адразу былі прыняты канкрэтныя рашэнні, іншыя патрабавалі простага тлумачэння механізму налічэння аплаты за камунальныя паслугі і тэрмінаў рэалізацыі абласной праграмы “Чыстая вада”.

Хоць многія запыты тычыліся, здавалася б, асабістых праблем, пры дэталёвым вывучэнні высвятлялася, што закранаюць яны інтарэсы больш шырокага кола людзей. У прыватнасці, маці дзіця-інваліда прасіла памочніка Прэзідэнта звярнуць увагу законатворцаў на такіх, як яна, жанчын. Трыццаць гадоў яна даглядае бездапаможнага сына, інваліда І групы, і ў выніку можа прэтэндаваць толькі на сацыяльную пенсію. Хацелася б, казала яна, каб дзяржава ацэньвала яе працу з большым разуменнем.

Абсалютная большасць пытанняў будзе вырашана на месцы, у сваім раёне. Шэраг патрабаваў увагі вышэйшых інстанцый. Усе, запэўніў Анатоль Ліневіч, будуць перададзены адказным асобам, а людзі атрымаюць кампетэнтныя адказы.

Канструктыўнасць размовы, дакладнасць даручэнняў па рэагаванні на звароты задавальняла тых, хто па тэлефоне ці прама звяртаўся да памочніка Прэзідэнта. Яны дзякавалі Анатолю Ліневічу за ўважлівасць да іх праблем.

Візіт інспектара па Віцебскай вобласці на Верхнядзвіншчыну быў насычаны сустрэчамі з працоўнымі калектывамі. Анатоль Канстанцінавіч наведаў мясцовы льнозавод. Па выніках работы за мінулы год прадпрыемства належыць да лепшых у вобласці, паспяхова выконвае дзяржзаказ па продажы валакна, мае запас сыравіны да новага ўраджаю. Мехатрад гатовы да пачатку веснавых палявых работ.

Было пра што расказаць памочніку Прэзідэнта кіраўніку ААТ “Шайцерава” Міхаілу Гумянкову. Гаспадарка лідзіруе сярод сельгаспрадпрыемстваў вобласці па вытворчасці малака. За два месяцы прыплюсавала да мінулага года 10% па валу, сёння атрымлівае ад каровы амаль па 22 літры малака.

Такія прыёмы і сустрэчы патрэбныя, падкрэсліў Анатоль Ліневіч. Яны раскрываюць праблемы, што існуюць у рэгіёне, даюць уяўленне пра тое, як працуе мясцовая ўлада. Многае з таго, пра што гавораць людзі, павінна вырашацца на месцы.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны