Фермер з Міёрскага раёна Вячаслаў Згірскі: «Калі любіш сваю справу і працуеш з ахвотай, вынік будзе»

Печать

Ціхі адпачынак у адным з маляўнічых куточкаў Беларусі ўжо не адзін год прапануе тым, хто шукае спакою на прыродзе, гаспадар аграсядзібы “Заазерцы” Вячаслаў Згірскі. Год дзесяць таму мінчук, выкладчык музыкі і спеваў, заядлы фотааматар прыдбаў на Міёршчыне закінуты хутар. Дом, як узгадвае, быў лядашчы, затое ад пейзажаў наўкол нельга было адарваць вачэй. Быў, праўда, яшчэ адзін момант і, напэўна, не менш рашаючы.

– Я родам з гэтых мясцін, – сказаў Вячаслаў Часлававіч. – Напрасткі ад хутара Казельскія, дзе цяпер маю дом, блізка да вёскі Радзюкі, што ў Шаркаўшчынскім раёне, дзе я нарадзіўся.

Старая хата патрабавала рамонту. Вячаслаў Часлававіч пачаў нястомна адбудоўваць новае сямейнае гняздо на беразе возера Заазерцы. Падвёў электралінію, прабурыў артэзіянскую свідравіну і ўзяўся за будынак. Пашырыў яго памеры, зрабіў другі паверх для ўласнай сям’і, а потым падумаў, што можа паклапаціцца і пра адпачынак іншых гараджан. Так з’явілася ўдалечыні ад шумных дарог сядзіба для аматараў ціхага баўлення часу. Для гасцей быў узведзены новы сучасны і камфортны драўляны катэдж з пакоямі для адпачынку, кухняй, лазняй з купеллю, каміннай залай з більярдам і дамашнім кінатэатрам.

Пазней вырасце яшчэ каскад домікаў, якія будуць спускацца з пагорка да возера, летняя альтанка для банкетаў, дарожкі, вымашчаныя рукамі гаспадара, звяжуць паміж сабой пабудовы, а сабраныя ў акрузе старыя рэчы стануць экспанатамі невялікага музея пад адкрытым небам і будуць знаёміць гасцей сядзібы з побытам беларускіх сялян мінулых стагоддзяў.

Раней на выхадныя ці на некалькі дзён сюды прыязджалі з Латвіі, Германіі, Кітая, не кажучы пра Маскву, Смаленск і Разань. Сёлета катэдж актыўна абжываюць мінчане. Калі жыхары іншых гарадоў шукаюць паратунку ад гарадской мітусні, спадзяюцца пабачыць у натуральным асяроддзі бабра, казулю, лася ці дзіка, то міярчане едуць святкаваць урачыстасці.

Стварэнне камфорту для сваёй сям’і і для гасцей патрабавала сіл і часу, але жыццё не магло працякаць без простай сялянскай працы. Спачатку Вячаслаў Згірскі разбіў агарод, потым заклаў сад. Пасадзіў яблыні, грушы, іншыя пладовыя культуры і зразумеў – праца на зямлі яму блізкая і прыемная. Так спакваля выспела рашэнне пашырыць бізнес, акрамя агратурызму заняцца вырошчваннем буякоў. Ягада папулярная ў аматараў здаровага ладу жыцця, з ахвотай ёй частаваліся дзеці.

2 гады назад Вячаслаў Згірскі зарэгістраваў у райвыканкаме фермерскую гаспадарку. Атрымаў у спадчыннае валоданне 11,5 гектара зямлі і заняўся вырошчваннем буякоў. Пачынаў з некалькіх кустоў, а цяпер іх больш за 3 тысячы. Вядома, яшчэ не ўсе пладаносяць. Але гаспадар лічыць, што зможа прадаць сёлета 3,5 тоны.

– Буякі – ягада капрызная, патрабуе ведання агратэхнікі, – паведаміў Вячаслаў Часлававіч, – складанага па складзе грунту, які рыхтуем самі, рэгулярнага паліву. Але калі любіш сваю справу і працуеш з ахвотай, вынік будзе.

Фермер плануе пашыраць сваю плантацыю. Свабоднай зямлі яшчэ хапае. Якія менавіта гэта будуць гатункі, вывучае на вопытнай пляцоўцы, дзе праводзіць свае эксперыменты. Дарэчы, многіх гараджан вопыт Згірскага натхняе купіць дом у вёсцы і таксама заняцца агародніцтвам ці садаводствам.

Фота з адкрытых крыніц.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны