Трымае планку на ўзнятай вышыні ААТ «Хацілы-Агра» з Пастаўшчыны

Печать

На блізкіх па ўрадлівасці глебах, пры роўных умовах надвор'я ААТ “Хацілы-Агра” з года ў год збірае значна вышэйшыя, чым суседзі, ураджаі сельскагаспадарчых культур. Сёлета тут атрымалі па 72,6 цэнтнера збожжавых з гектара – лепшы паказчык у вобласці. У параўнанні з мінулым годам валавы намалот павялічаны на 19%.

Вядома, усіх цікавіць, як гэта ўдаецца пастаўскім хлебаробам. Такое пытанне таксама задала намесніку дырэктара па эканоміцы Ганне Шубелька. Яна пра ўкладзеныя ў глебу сродкі, даходы і расходы ведае ўсё. Пра тое, што арганіка ўносіцца на ўсе палі, а не толькі на бліжэйшыя да комплексу, што мінеральнымі ўгнаеннямі глеба запраўляецца пад поўную патрэбу пасеяных культур, што апрацоўваецца яна так, што падобная на пух. Адным словам, усе тэхналагічныя аперацыі выконваюцца, як таго патрабуе агратэхніка. І гэтым хацілаўцы процістаяць капрызам надвор’я, падбіраючы адпаведна яму падыходы ў вядзенні земляробства.

Сёлета ў гаспадарцы добра ўрадзіліся ўсе культуры.

-- У сярэднім выйшла больш чым па 70 цэнтнераў, -- канстатавала Ганна Мар’янаўна. -- Асобныя палі збажыны далі пад 90 ц/га. І не заморскія гатункі, а наша беларуская “ядвіся”.

Парадаваў рапс -- і азімы, і яравы. Механізатары, што ўбіралі яго, гаварылі: «Да сёлетняга года не бачылі такога». 1952 тоны намалоту забяспечылі бялком жывёлу пад гадавую патрэбу. Частка рапсу пайшла ў абмен на шрот, частка на рэалізацыю. Лішкі, а гэта амаль 700 тон, прадалі ў сярэднім па 963 рублі за кожную.

Важкі ўклад унесла гаспадарка і ў агульнарэспубліканскі каравай. 2377 тон пшаніцы з высокім утрыманнем клейкавіны адгружаны дзяржаве, на 1367 тон больш, чым мела заданне. Усяго ж з ураджаю 2020 года прададзена 4,5 тыс. т зерня, у тым ліку 500 тон элітнай пшаніцы. “Хацілы-Агра” насенневодчае сельгаспрадпрыемства і кожны год аддае іншым гаспадаркам эліту ў абмен на фураж. Пад поўную потрэбу, а гэта больш чым 5 тыс. тонн, засыпана зернефуражу.

У цэлам жа ад раслінаводчай галіны тут плануюць мець па заканчэнні года паўтара мільёна рублёў прыбытку. На выручаныя раней грошы гаспадарка набыла па лізінгу кормаўборачны камбайн КВК-800, 2 зернеўборачныя КЗС-1218, 4 энерганасычаныя трактары “Беларус” і высокапрадукцыйны трактар нямецкай вытворчасти Fendt.

Для хутчэйшай дапрацоўкі зерня ў гэтым годзе куплена і ўведзена ў эксплуатацыю мабільная зернесушылка магутнасцю 24,5 т у гадзіну.

Пра гаспадарчасць і прынцыповасць дырэктара па раёне ходзяць легенды. У Вячеслава Крыштафовіча, кажуць, не змарнуецца нічога. Ён не саступіць вышэйшым кіраўнікам, калі іх прапановы пра далейшае развіццё адкрытага акцыянернага таварыства не будуць адпавядаць яго ўласным перакананням. Скрупулёзна вывучыць сітуацыю і толькі тады прыме рашэнне.

Такім сур’ёзным крокам было рашэнне пра рэканструкцыю малочнатаварнай фермы “Волахі”. Напэўна, адна з першых рабатызаваных у вобласці, яна паказала, што вытворчасць малака трэба пераводзіць на прамысловую аснову, зводзіць да мінімуму ўплыў чалавечага фактару на канчатковы вынік. Жыццё пацвердзіла гэта. Камп'ютар, які кіруе працэсам, аказаўся лепшым даглядчыкам і доярам. Ёсць каровы, якія ходзяць да яго на дойку па 4-5 разоў за суткі, даюць па некалькі

дзясяткаў літраў, а ў сярэднім па комплексу атрымліваецца на адну галаву па 24 літры. На звычайных жа фермах сярэдні ўдой меншы.

Таму летась дырэктар прыняў рашэнне расшырыць “Волахі”, дабудаваць побач з рабатызаванай новую сучасную ферму з даільнай залай. А гэта 6 памяшканняў: 3 кароўнікі для дойных па 320 месцаў, даільная зала з галерэямі, памяшканне для сухастойных кароў на 300 месцаў, прафілакторый для ўтрымання 222 цялят.

Матэрыял для каркасаў гэтых памяшканняў Вячаслаў Крыштафовіч збіраў па ўсім раёне, па гаспадарках, якія ў свой час планавалі будоўлю, але па розных прычынах не пачалі яе. Праектныя разлікі паказалі, што для ўзвядзення новых будынкаў спатрэбіцца 16,5 млн крэдытных рэсурсаў. Зашмат, палічыў Вячаслаў Іосіфавіч. Пасадзіў свайго намесніка і іншых ўліковых работнікаў за дакументы, прапанаваў шукаць шляхі зрабіць будоўлю таннейшай. Разам яны прыйшлі да высновы, што зменшыць затраты змогуць толькі, калі купяць матэрыялы, абсталяванне прама, без пасрэднікаў, возьмуць на сябе транспартныя расходы. На гэтым сэканомілі каля 4 мільёнаў рублёў і напісалі дзясятак тлумачальных запісак, чаму змяншаюць крэдыт, які звычайна кліенты просяць у большых памерах.

Будоўля ў стадыі завяршэння. Першы пускавы комплекс, а гэта кароўнік на 320 дойных кароў, кароўнік для сухастойных, прафілакторый для цялят, ужо абжываюцца. З новай фермы пайшла прадукцыя, а гэта значыць, пакладзены пачатак яе акупляльнасці. Да новага года будаўнікі абяцаюць перадаць у эксплуатацыю яшчэ два памяшканні.

-- Добрая карова прыносіць гаспадарцы ў год каля 3 тысяч долараў,-- паведаміла Ганна Мар’янаўна. – Ад рэалізацыі малака чакаем па выніках года 1880 тысяч рублёў прыбытку, рэнтабельнасць галіны складзе 30%. У цэлым жа па жывёлагадоўлі яна будзе крыху меншай. Нясём, хоць і невялікія, але страты на адкорме кароў.

Акрамя буйнага будаўніцтва ў гаспадарцы кожны год рэканструюць гаспадарчым спосабам старыя памяшканні пад выгульнае ўтрыманне жывёлы. Вынікі паляпшэння ўмоў працы работнікаў і ўтрымання кароў, адчуваюцца адразу прыбаўкамі надояў і прываг.

Наогул у “Хацілах-Агра” высокая шчыльнасць жывёлы. Увесь статак налічвае 5335 галоў, з іх 1577 кароў. Вялікае пагалоўе трэба карміць, даглядаць, лячыць, абнаўляць. На высокі вынік у галіне працуе ўвесь калектыў. Кожны па ўкладзе мае і грашовую аддачу. Сярэдні заробак -- 1240 рублёў у месяц, у механізатараў, якія складаюць касцяк, летам вагаўся ад 2,5 да 3 тысяч рублёў.

-- Народ у нас дысцыплінаваны, -- запэўніў галоўны інжынер Валерый Курто. -- Да абавязкаў ставіцца адказна, работу сваю ведае і выконвае так, як гэта належыць.

Сам Валерый – мясцовы. Хата бацькоў суседнічае з канторай гаспадаркі. Пра сям’ю Курто з павагай адгукаюцца вяскоўцы. Працавітая, трымае вялікую гаспадарку. Таму і Валерый вырас не беларучкам. Кіраўнік ААТ падбірае сабе ў каманду прафесіяналаў, на каго можна паспадзявацца ў любой справе. Акрамя інжынернай адукацыі Валерый Курто мае і ўпраўленчую. Пры руплівым гаспадары абяцае вырасці прафесіяналам і малады памочнік кіраўніка гаспадаркі.

Падводзячы вынікі, засталося толькі сказаць, што да шматлікіх узнагарод, якімі адзначана праца дырэктара ААТ “Хацілы-Агра” Вячаслава Крыштафовіча, дабавіўся ордэн Пашаны, якім руплівага гаспадара ўзнагародзіў сваім Указам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Ордэн з рук Аляксандра Лукашэнкі ён атрымаў на ўрачыстасці 5 лістапада разам з іншымі паспяховымі працаўнікамі.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны