Рыцар сумлення і свабоды: цікавыя факты з жыцця Уладзіміра Караткевіча

Печать

Неяк патэлефанавала мінская сяброўка і прапанавала паўдзельнічаць у стварэнні энцыклапедыі Караткевіча, якую рыхтуе да друку выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» з нагоды юбілею нашага земляка. Збіраючы фактуру для замоўленага артыкула, я нечакана захапілася вывучэннем жыцця і творчасці выдатнага пісьменніка і нават адкрыла многа невядомага.

Сапраўды, Уладзіміра Караткевіча невыпадкова называюць прадвеснікам новай эпохі, духоўным сімвалам сучаснага беларускага адраджэння. Вырашыла, што некаторыя факты з жыцця пісьменніка будуць цікавыя і павучальныя для нашых чытачоў.

Мой, наш Караткевіч 

Памятаю, калі яшчэ вучылася ў школе, кніга эсэ У. Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» карысталася вялікай папулярнасцю. Выдадзеная ў цвёрдай глянцавай вокладцы, з яркімі ілюстрацыямі, яна тады здавалася нам найлепшым даведнікам па Беларусі. І адкуль гэты дзядзька Уладзімір Сямёнавіч столькі цікавостак назбіраў пра нашу радзіму? А мы і не ведалі!

Асоба Караткевіча шматпланавая. Акрамя таго, што ён быў чалавекам энцыклапедычных ведаў, краязнаўцам, паэтам, публіцыстам, ён асобным чынам далучыўся і да нацыянальнай драматургіі. Адным словам, класік! Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ўвасобіў на сцэне гістарычную драматургію Караткевіча: «Званы Віцебска» (1974 г.), «Кастусь Каліноўскі» (1978 г.), «Ладдзя роспачы» (2005 г.), «Леаніды не вернуцца на Зямлю» (2012 г.), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (2013 г.), «Дзікае паляванне караля Стаха» (2015 г.). Здаецца, коласаўцы жылі і жывіліся сілай слова Караткевіча, сілкаваліся крыніцай яго творчасці. І ў краіне не існуе больш трывалага прыклада пранікнёнай і жывой сувязі тэатра і пісьменніка. Гэта повязь пісьменніка і тэатральных падмосткаў адчуваецца менавіта ў Віцебску.

Кожны, хто бывае ў Оршы, імкнецца наведаць і музей Уладзіміра Караткевіча, дзе многія рэчы нагадваюць нам пра ўзнёслага рамантыка беларускай літаратуры. Хаця літаратуразнаўцы сцвярджаюць, што пісьменнік не любіў, калі яго называлі рамантыкам. І ўсё ж менавіта Караткевічу мы абавязаны адкрыццём Беларусі – не мужыцкай і сялянскай, а гераічнай, старасвецкай.

Матэрыялы пра жыццё і дзейнасць Уладзіміра Караткевіча экспануюцца і ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі. Яго імем называюць вуліцы і бібліятэкі, па яго творах здымаюць фільмы.

І хаця ўклад Уладзіміра Караткевіча ў развіццё беларускай літаратуры, абу-джэнне гістарычнай памяці народа бясспрэчны, думаецца, што сапраўднае прызнанне ролі асобы Караткевіча ў сталенні нацыянальнай свядомасці яшчэ наперадзе.

Пад штандарам любові да Бацькаўшчыны 

З усяго прачытанага пра У. Карат-кевіча найбольш уразіла кніга ўспамінаў Адама Мальдзіса «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча». Пісьменнікі сябравалі, у іх былі падобныя погляды і меркаванні на многія рэчы. Таму мемуары Мальдзіса мне падаліся самымі шчырымі і глыбокімі.

Пра свой радавод лепш, чым сам пісьменнік, ніхто не распавядзе. У аўтабіяграфічных нататках «Дарога, якую прайшоў» Уладзімір Сямёнавіч пісаў: «Гісторыю маю можна было б пачаць з таго, што роўна сто год таму назад мая зямля была ахоплена паўстаннем. Гарэла ўсё: фальваркі, вёскі, цэрквы, нівы». Попел паўстання 1863 года будзе «грукаць у яго сэрца» на працягу ўсяго жыцця. У той жа аўтабіяграфіі ён, падводзячы вынікі працы над раманам «Каласы пад сярпом тваім», падкрэсліў, што гэтай кнігай ён пастараўся заплаціць доўг Дняпру, людзям паўстання 1863 года, Беларусі. «Каласы пад сярпом тваім» стаў праграмным творам Караткевіча і, дарэчы, самай прадавальнай кнігай Беларусі летась.

Яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду. Ганарыўся Караткевіч і сваімі «прашчурамі па кудзелі» – з боку маці, Надзеі Васільеўны: «дзед, бацька маёй маці (ён памёр у вайну), даслужыўся да павятовага казначэя, і прытым быў атэіст і спачуваў марксістам».

Рыфмаваць Валодзя пачаў яшчэ ў дзяцінстве, але сур'ёзна заняўся паэзіяй па-сля ўніверсітэта, калі працаваў настаўнікам на Украіне, а потым у Оршы.

Упершыню ў друку вершы Караткевіча з’явіліся ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» 29 ліпеня 1951 года, калі будучы пісьменнік закончыў другі курс Кіеўскага ўніверсітэта.

У 1955-м ён паслаў некалькі вершаў сябру ў Мінск, а той занёс іх у рэдакцыю часопіса «Полымя». Так быў на-друкаваны верш «Машэка». Тады ж у газеце «Літаратура i мастацтва» крытыка заўважыла: «У асобе У. Караткевіча мы маем здольнага паэта, які імкнецца гаварыць сваім голасам».

Але не ўсё было гладка ў пачатку творчага лёсу пісьменніка. Актыўная жыццёвая пазіцыя ўжо сталага пісьменніка, сумленнага патрыёта і грамадзяніна часам выклікала крытычнае стаўленне ці то з боку кіраўніцтва рэспублікі, ці то з боку кіраўніцтва творчым саюзам. Нават аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» не адразу была належным чынам ацэнена тагачаснай крытыкай. Некаторых палохалі смеласць яго думак, нязвычныя новыя формы падачы матэрыялу.

Пачатак рамана «Каласы пад сярпом тваім» быў пакладзены 7 жніўня 1959 года ў Азярышчы над Дняпром, дзе ўзвышалася над кручай пахілая груша, – так ва ўсякім разе пісаў сам аўтар у сваёй запісной кніжцы. Закончыўшы першую кнігу, Уладзімір Караткевіч аднёс яе ў «Полымя», дзе твор друкаваць не спяшаліся. У выніку першая кніга рамана выйшла ў другім – шостым нумарах часопіса за 1965 год.

Ужо пасля смерці Уладзіміра Караткевіча ён быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа за раман «Чорны замак Альшанскі» (1984 г.). У 1986 г. выйшаў да друку падрыхтаваны ім самім паэтычны зборнік са знамянальнай назвай «Быў. Ёсць. Буду». У 1987 – 1991 гг. выданы збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 8 тамах. А раман «Каласы пад сярпом тваім» увайшоў у школьныя праграмы па літаратуры. Творы Уладзіміра Караткевіча перакладаліся больш чым на дваццаць моў народаў свету, у тым ліку на англійскую, французскую, нямецкую, іспанскую, рускую, польскую, украінскую.

У адным інтэрв’ю Уладзімір Караткевіч на пытанне пра задачу літаратуры адказаў так:

– Быць сумленнем сваёй эпохі. Не хлусіць! Калі чалавек заблуджаўся шчыра, гісторыя прабачыць, калі хлусіў – не! Акрамя ж літаратуры, ніхто не скажа чалавеку, як жыць.

У свой дзень нараджэння 26 лістапада Уладзімір Сямёнавіч звычайна апранаў белую кашулю. Рыхтаваліся рэдкія стравы (з дзічыны, грыбоў) і настойкі («беларуска-літоўскі крупнік»). Гасцям раздаваліся «буські», чыталіся новыя вершы. Ня-зменна прысутнічала маці пісьменніка Надзея Васільеўна, прыходзілі сябры Барадуліны, Мальдзісы, Грынчыкі, Адамчыкі. Часам прыязджалі сваякі з Оршы – пляменніца Ляля з мужам Юркам («сапраўдным казаком»). Набіраўся цэлы стус парадыйна-гумарыстычных віншаванняў. Вось так па-хатняму, сямейна.

Святлана ДЗЯДЗІНКІНА, Віцебск.
Фота з адкрытых крыніц.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны