Каб здзейснілася жаданне, трэба ехаць у Браслаў. Там з’явіліся “Залатая рыбка” і “Арка жаданняў”

Печать

Да 950-гадовага юбілею Браслава Відзаўскі каледж зрабіў гораду цудоўныя падарункі – «Залатую рыбку» і «Арку жаданняў», якія ўстаноўлены на ўездзе ў райцэнтр.

Дзве новыя архітэктурныя формы, звязаныя адной ідэяй вечнай мары чалавека і яе здзяйснення, унеслі ў аблічча старажытнага горада непаўторны каларыт. Бліскучая пад сонечнымі промнямі рыбка з залатой каронай на галаве нібы вынырвае з хваляў возера. Падыдзі да яе, адкрый свае самыя патаемныя мары, а потым няспешна прагуляйся пад аркай па брукоўцы пачатку мінулага стагоддзя, падумай пра тое, як казку зрабіць явай.

Напэўна, гэтыя думкі наведваюць многіх гараджан і іх гасцей, бо пасля ўсталявання двух работ відзаўскіх умельцаў сюды прыходзіць усё больш людзей.

А ў дырэктара каледжа Міхаіла Смірнова і майстроў тэхнічнай творчасці выспявае новая задума: зрабіць брукоўку «Дарогай жаданняў», з дапамогай металапластыкі стварыць непаўторны гарадскі пейзаж. Пачатак ужо ёсць. Узгадаем, раней райцэнтр упрыгожылі «Музычная лаўка» ля школы мастацтваў і «Дрэва дружбы» ў скверыку ля райвыканкама.

У вольны час дырэктар каледжа бярэ аловак і кладзе на паперу вобразы, якія выспелі ў галаве. Эскіз, чарцёж, матэматычныя разлікі, пошук патрэбнага матэрыялу... Калі ўсё зроблена, за справу бяруцца майстры Эдвард Стацэвіч і Антон Жалабоўскі – таленавітыя людзі, якія ўмеюць плесці з металу тонкія карункі. У выніку гэтага саюзу нараджаюцца цудоўныя рэчы, цікавыя фігуры і формы.

Фота Тамары Пашкевіч.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны