Дах над Летнім амфітэатрам: ад абяцання Лужкова да будаўніцтва

Печать

 Дзесяць гадоў таму, у жніўні 2006-га, пачалося будаўніцтва даху над Летнім амфітэатрам.

sbaz02

Фестывальныя дні амаль заўсёды суправаджаюць ліпеньскія дажджы. Асабліва ў 1990-я гэта было нейкай навалай. І трэба ж, менавіта падчас адкрыцця свята рэдка абыходзілася без моцнага ліўня. У глядацкай зале людзі сядзелі, прыкрыўшыся парасонамі альбо поліэтыленавымі пакетамі.

Так было і 22 ліпеня 1998 года, калі сярод гасцей быў мэр Масквы Юрый Лужкоў. Выступаючы са сцэны з прывітальным словам пад шум дажджу, кіраўнік расійскай сталіцы з уласцівым яму тэмпераментам раскінуў рукі ўшыркі і сказаў, што даўно наспела вырашэнне праблемы будаўніцтва даху над амфітэатрам. Непагадзь не павінна ўплываць на атмасферу фестывалю, і ён гатовы прафінансаваць узвядзення перакрыццяў над залай.

Luzhkov1998SBazar

Юрый Лужкоў падчас выступлення на адкрыцці фестывалю “Славянскі базар” у ліпені 1998 года

Прамоклыя і азяблыя гледачы натхнёна віталі словы мэра Масквы. Навіну тут жа падхапілі і журналісты. Некаторыя з іх жартаўліва называлі будучы дах “кепкай Лужкова” (як вядома, ён аддаваў перавагу менавіта гэтаму галаўному ўбору).

Кажуць, што ў жніўні 1998 года ў аблвыканкам з маскоўскай мэрыі даслалі факс, у якім паведамлялася, што Юрый Лужкоў даручыў адпаведным службам зрабіць канструктарскую распрацоўку навеса. Па задумцы архітэктараў ён павінен быў мець плоскія празрыстыя панелі, у цэнтры ж яны рассоўваліся. Але на гэтым усё і спынілася. Па-першае, праект быў дастаткова складаны з тэхнічнага боку, ды і Юрый Лужкоў не стрымаў абяцання прафінансаваць будаўніцтва.

Рэалізацыя даўняй ідэі пачалася толькі ў жніўні 2006 года. Праз некалькі дзён пасля заключнага канцэрта XV фестывалю “Славянскі базар” па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стартавала маштабная мадэрнізацыя Летняга амфітэатра. Самым галоўныя яе элементам стала ўзвядзенне даху. 

У лютым 2007 года абласная газета “Народнае слова” паведамляла, што кожны дзень на аб’екце працуюць каля 300 спецыялістаў рознага профілю. Унікальнай канструкцыяй займаліся вучоныя з інстытутаў Мінска, Брэста і Наваполацка. У канцы сакавіка планавалася правесці выпрабаванне металічных дэталяў на трываласць і ўскласці на іх 700 т жалезабетонных блокаў. Дарэчы, глыбіня фундамента пад асноўнымі апорамі даху складала 20 метраў.

amfik1-c

Так выглядаў амфітэатр у лютым 2007 года.

Як і пры ўзвядзенні самога амфітэатра, узнікала пытанне: ці паспеюць будаўнікі да ліпеня. Штаб рэканструкцыі ўзначальваў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пятруша. Кожны вечар падводзіліся вынікі зробленага за дзень з удзелам старшыні Віцебскага гарвыканкама Пятра Драздова, кіраўнікоў 25 арганізацый, што праводзілі рэканструкцыю. Са складаным заданнем будаўнікі справіліся за 9 месяцаў.

У пятніцу, 6 ліпеня 2007 года, з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбылося ўрачыстае адкрыццё “Славянскага базару” ў адноўленым амфітэатры. Перад гэтым кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вынікамі працы будаўнікоў, наведаў мадэрнізаваныя грымёрныя для артыстаў, арт-кафэ і выставачную залу “Духаўскі круглік”, што ўзвялі на месцы адной з вежаў старажытнага замка Віцебска. 

Фота Антона Сцепанішчава.

 

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны