Галоўны аграном СВК «Маяк Браслаўскі» Валянціна Таўкінь: «Наперадзе яшчэ ўборка яравога»

Печать

Напрыканцы сёмай гадзіны машынны двор «Маяка Браслаўскага» ў Пагошчы пакідалі апошнія механізатары. На поле павезлі камбайнераў, услед рушылі трактарысты, што рыхтуюць глебу пад азімы рапс, на гатовыя палі – яго сеяльшчыкі, дазапраўлялі машыны вадзіцелі… Рэгулявала гэты працэс галоўны аграном Валянціна Таўкінь, якая, лічыць старшыня СВК Рамуальд Шукель, лепш за іншых ведае, дзе працуюць камбайны, куды і каму пераязджаць, якія палі засяваць.

 

Валянціна Віктараўна на двары не затрымалася. У машыну – і па самых важных участках, дзе вырашаецца цяпер лёс сёлетняга і будучага ўраджаю. Перш на сушыльную гаспадарку. На яе пляцоўках ужо накапілася збажыны. Трэба думаць, як паскорыць працэс сушкі, адзначыла спецыяліст, пагутарыўшы з аператарамі і загадчыцай склада. Далей да работнікаў, што рыхтуюць насенне да сяўбы. Гэтым шмат гадоў займаюцца Андрэй Варнела і Аляксандр Магрын. Праз іх рукі за год праходзіць да 3 тысяч тон зерня, якое яны чысцяць і пратручваюць. Некалькі партый азімых культур, шматгадовых траў ужо гатовы да высеву.

Сяўбу рапсу маякоўцы ўжо пачалі. Плануюць вырошчваць азімага 500 га, на 50 га больш, чым летась. Сёлета азімы даў на круг па 36 ц. А былі ўчасткі, дзе ўзялі па 45. Намалацілі 1,5 тысячы тон. Прадаць плануюць не больш 150 – 200 т, каб выручаныя грошы скарыстаць на пакупку насення гібрыдаў ды сродкі аховы раслін. Астатняе на свой цэх, на выраб рапсавага алею.

– Наперадзе яшчэ ўборка яравога, – тлумачыла Валянціна Віктараўна. – Ён таксама радуе. Мяркую, што яравога намалоцім яшчэ да тысячы тон. Культура выгадная.

І ёй у гаспадарцы займаюцца ўсур’ёз. Вырошчваюць толькі гібрыдныя сарты, якія маюць патэнцыял высокага ўраджаю. А да яго вопыт максімальнага захавання тэхналогіі.

– Папярэднікі падабралі добрыя. Падрыхтоўку глебы і сяўбу вядуць людзі адказныя. Сяргей Данілаў, Юрый Ядзяла і Леанід Балочка займаюцца гэтым усё жыццё. Трактару Леаніда 35 гадоў, а паглядзіце, выглядае, як новы, бо мае гаспадара клапатлівага і ўмелага, – падкрэсліла Валянціна Таўкінь. – Вячаслаў Пяткун – адзін з лепшых сеяльшчыкаў. Дарэчы, нашы механізатары за захаваннем тэхналогіі вырошчвання культур сочаць гэтак жа пільна, як і мы, аграномы. Нядаўна быў выпадак: тэлефануе мне адзін з трактарыстаў і кажа: «Загад начальніка ўчастка «сеяць» выконваць не буду. Прыехаў на поле, а ўгнаенні яшчэ не ўнесены».

Людзі ў «Маяку» сапраўды працавітыя і адказныя, штогод аспрэчваюць меркаванне, што на браслаўскіх землях збажына не расце. У сёлетні, не лепшы кліматычны год азімай пшаніцы тут збіраюць па 39 ц з гектара, трыцікале – па 34. Мала саступілі яравыя. Пшаніца яравая дае па 36 ц, ячмень – па 26 – 28.

– Калі ўдарыла спякота, думала, намалаціць бы хоць 10 тысяч т валу, – дзялілася сваімі разважаннямі галоўны аграном. – Сёння, мяркую, будзем мець значна больш. З раніцы 17 жніўня было ўжо 8,5 тысячы т збажыны ў складах і на сушыльнай гаспадарцы. А з 3900 га ўбрана 63 %.

На жніве ў «Маяку» задзейнічана
15 камбайнаў. Праўда, не кожны дзень усе ў полі. Тэхніка падзелена на тры групы. У бліжэйшую да Пагошчы і паехалі.

Стан камбайнераў быў разбіты на пагорку. Тэхніка тут застаецца на ноч пад наглядам вартаўніка. Гэта танней, чым ганяць на машынныя двары, спальваючы і без гэтага дэфіцытнае паліва і растрасаючы агрэгаты на каўдобінах прасёлкаў. Яшчэ стаяла раса, і механізатары аглядалі свае камбайны, чысцілі жняяркі і бункеры. Пераязджалі з пшанічных палёў на ўборку аўса. З жартам сустрэлі агранома, далажылі аб гатоўнасці да работы, параіліся, з якога ўчастка лепш пачынаць абмалот.

Далей – да другога стану. Дарога дазваляла пагаварыць пра рознае, у тым ліку і пра ўрадлівасць браслаўскіх зямель, пра тое, як і на іх вырошчваць адносна неблагі ўраджай. Маякоўцы ўмеюць манеўраваць фінансамі, тэхнікай, кадрамі, што і дапамагае арганізаваць вытворчы працэс і мець ад яго вынік.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны