Выставу навагодніх і калядных масак ў Віцебску зладзілі майстры з усёй вобласці (+ФОТА)

Печать

Навагоднія і калядныя маскі, сувеніры і ёлачныя ўпрыгажэнні можна ўбачыць на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Карнавал масак» у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

– Сярод усіх калядных выяў самы папулярны – вобраз казы. Гэта сімвал дабрабыту і ўрадлівасці. Маскі вырабляліся з любога матэрыялу, які быў пад рукой, але сёння найбольш запатрабаваны – саломка, – распавяла вядучы метадыст АМЦНТ, кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар.

Для выставы свае работы перадалі каля сотні майстроў з усёй вобласці. У сваіх творах яны выкарыстоўвалі не толькі саломку, але і берасту, гліну, тканіну, бісер і іншыя матэрыялы.

Напрыклад, майстар Чашніцкага Дома рамёстваў Валянціна Атрашкевіч зрабіла фігуру калядоўшчыцы з маскай казы ў тэхніцы валяння. Гэта старажытная тэхналогія, якая была раней распаўсюджана на Беларусі, але забыта з цягам часу. Сёння яна адраджаецца.

“Калядоўшчыкі” – справа рук майстра з Глыбокага Віктара Дудкевіча, які ў гэтым годзе падчас свята-конкурсу майстроў разьбы па дрэве атрымаў 1-е месца ў намінацыі “Народныя цацкі”. Яго кампазіцыя – гэта сінтэз механічнай цацкі і жлоб – батлеечнага тэатра, які быў распаўсюджаны на Віцебшчыне.

Да 20 студзеня можна не толькі палюбавацца прадстаўленымі экспанатамі, але і набыць найбольш упадабаныя, адзначылі ў метадычным цэнтры.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны