Топ-100
23.07.2019Курсы валют НБРБ: 2.0244 2.2673 3.2098

75 ЛЕТ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ
Оршанский район перезагрузка

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Аб чым спявае верхнядзвінская “Ярыца”?



“А ў гародзе – ярыца” – гэтая гарэзлівая беларуская песня бальш за 20 гадоў назад распачала рэпертуар і дала назву зараз народнаму вакальна-харэаграфічнаму калектыву “Ярыца” Верхнядзвінскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Фальклорная перлінка з’яўляецца своеасаблівай візітоўкай самадзейнай суполкі. Дарэчы, ярыцай называюць яравое жыта.

У “Ярыцы” сабраліся аматары спеўнай і танцавальнай спадчыны ва ўзросце ад 23 да 51 года – медыкі, настаўнікі, работнікі культуры, шматдзетныя мамы. Вакальная група выконвае папулярныя народныя песні, у тым ліку ва ўласнай аранжыроўцы – “А ці ў лесе, а ці ў полі”, дажыначныя, купальскія і іншыя, звязаныя з народным календаром, а таксама вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, сярод якіх “Прывітальная”, “Развітальная”. Шэсць з дзесяці удзельніц калектыва граюць на пральных дошках – празаічная рэч атрымала творчае прымяненне. З танцаў публіцы падабаюцца віхурыстыя “Верхнядзвінская кадрылка” і “Баркавіцкая полька”, плаўныя народныя вальсы, іншыя мясцовыя, а таксама эстрадныя танцы. У харэаграфічнай групе не хапае выканаўцаў моцнага полу, таму танцоркі вельмі рады, што да іх далучыўся слесар з газазабеспячэння Станіслаў Чарняк.

“Ярыцы” пад сілу падрыхтаваць поўнавартасны канцэрт. А яшчэ яе ўдзельнікі з вялікай асалодай для сябе і гледачоў калядуюць на Раство, папярэдне дамовіўшыся, па хатах велічаюць песнямі гаспадароў, іх сямейнікаў.

Усім вельмі даспадобы, бо стараюцца самадзейныя артысты ад чыстага сэрца. Гэтым жа разам справа была ва Узмёнах суседняга Міёрскага раёна. Жыхары даведаліся аб верхнядзвінскіх калядоўшчыках праз работнікаў мясцовага Дома культуры. У аграгарадок, які стаіць на супрацьлеглым беразе Дзвіны, меркавалася ехаць праз мост на санях, аднак для гэтага не хапіла снегу, таму дабраліся на аўто. Замест трох запланаваных сядзіб наведалі восем. Бабулькі, якія памятаюць вясёлы і яркі абрад са свайго далёкага маленства, былі ў захапленні. Здорава атрымалася, для ўзмёнцаў калядны дэсант стаў падзеяй, святочным падарункам.

Нярэдка “Ярыца” запрашае далучыцца да сваіх творчых праектаў ансамбль лажкароў “Забава” РЦК, народны вакальны гурт “Дзвінскія напевы” Бігосаўскага СДК, іншыя самадзейныя калектывы раёна. А найчасцей поруч з ёй выступае народны ансамбль народнай музыкі “Верхнядзвінскія музыкі”, у якога таксама багатая і самабытная гісторыя. Сённяшні яго склад – ужо другое пакаленне ўдзельнікаў, вартасныя прадаўжальнікі тутэйшых выканальніцкіх традыцый. З работнікаў РЦК гэта гарманісткі Майя Рубель і Іна Гарбатава, спявак і барабаншчык Мікалай Зярноў. Дырэктара Бігосаўскай школы мастацтваў Ігара Новікава называюць чалавекам-аркестрам, бо яму падуладныя гармонік, жалейка, дудачка, гітара і спевы. Ягор Максуль з кінафікацыі – бас-гітарыст і піяніст, а работнік аўтазапраўкі, каларытная прыгажуня Анжэла Ткачова грае на бубне, каробачцы, пральнай дошцы.

Штомесяц “Ярыца” і “Верхнядзвінскія музыкі” даюць, бывае, па чатыры супольных канцэрты, і не толькі ў сваім раёне. Ім апладзіравалі на “Славянскім базары ў Віцебску”, “Браслаўскіх зарніцах”, “Дняпроўскіх галасах ў Дуброўне”. Мара – выступіць на фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах.

Дарэчы, у “Ярыцы” і “Верхнядзвінскіх музыкаў” адзін кіраўнік – Майя Рубель, якая шмат гадоў жыцця прысвяціла развіццю мастацкай самадзейнасці, збору і захаванню ўзораў народнай творчасці на мясцовых абшарах.

 – Планы ў нас вялікія. Хочам асвоіць велікодныя валачобныя песні. Па выхадных летніх днях чакаецца фальклорная экспедыцыя, каб пазнаёміцца з носьбітамі фальклору, якія жывуць у вёсках раёна, паслухаць аўтэнтычнае гучанне твораў. Трэба спяшацца, бо такіх адметных людзей засталося няшмат. І, канешне, рыхтуемся да новых сустрэч з нашымі ўдзячнымі гледачамі, – дзеліцца задумкамі Майя Генадзьеўна.

Ва ўсім яе падтрымліваюць верныя паплечнікі па сцэне, сярод якіх калега з РЦК, спявачка і дашкар Аксана Ахламёнак, маці траіх дзяцей, аматарка народных песень і танцаў Алеся Літвінава (на фота), іншыя здольныя выканаўцы з “Ярыцы” і “Верхнядзвінскіх музыкаў”.

 – Мы – адна творчая сям’я, дзе пануюць сяброўства і ўзаемаразуменне. Я шчыра ўдзячна асабіста кожнаму ўдзельніку гэтых калектываў, – падсумавала іх кіраўнік.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.

Подписка на новости

Подпишитесь и будете в курсе выхода новых новостей на нашем сайте