Топ-100
Оршанский район перезагрузка
ВЫБОРЫ 2019
год малой родины

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Калектывы з сямі краін выступілі на міжнародным фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах



Гісторыю і культуру, старажытнасць і сучаснасць з’яднаў сёлета Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”. Адначасова Паставы шырока адзначалі два юбілеі: 610-годдзе горада і 30-годдзе свята народнай музыкі.

Старажытны горад сустрэў гасцей абноўленымі фасадамі будынкаў, рэканструяванай плошчай, новымі малымі архітэктурнымі формамі, якія з моманту ўсталявання сталі месцам прыцягнення мясцовых жыхароў і іх гасцей. І вядома, новымі творчымі здабыткамі таленавітых калектываў, якімі багаты край. Гэтыя дзве важныя падзе і вызначылі трохдзённую праграму мерапрыемстваў, якімі было напоўнена жыццё пастаўчан.

 Урачысты сход з нагоды юбілею горада сабраў, бадай, прадстаўнікоў усіх працоўных калектываў. Крок за крокам яны прайшлі па гістарычных вехах сваіх Пастаў, узгадалі найбольш значныя падзеі ў яго гісторыі, знакамітых людзей, якія памножылі і памнажаюць сёння славу родный зямлі. Аднаму з іх – беларускаму і польскаму дзеячу культуры, дырыжору і кампазітару Станіславу Казуру ў дні фестывалю была адкрыта памятная дошка на будынку Дома культуры. А непасрэдна на ўрачыстым сходзе вялікай групе ветэранаў, якія шчыравалі на карысць Пастаўшчыны ў наш час, уручылі памятныя знакі.

Шанавалі ў гэтыя дні і краязнаўцаў, якія аднавілі ход шматлікіх падзей у родным краі, вярнулі імёны славутых землякоў. У выніку такіх пошукаў пабачылі свет новыя выданні, пазнаёміцца з якімі можна было на выставах падчас навукова-практычнай канферэнцыі “Пастаўшчына ў вымярэнні часу”, набыць у гандлёвых радах. Самыя актыўныя даследчыкі даўніны атрымалі падарункі ад раённага краязнаўчага музея, а самыя вядомыя, як Ігар Пракаповіч – спецыяльны знак Беларускага Фонду культуры, Міхаіл Гіль – Падзяку.

Народная культура як частка спадчыны кожнай нацыі стала арганічнай складальніцай агульнага свята, надала яму ўзнёсласць і радасць, у чарговы раз дала магчымасць зазірнуць у музычную скарбонку розных народаў, пазнаёміцца з іх песнямі, танцамі. Што гэта цікава для сучаснікаў, пацвярджае 30-гадовы “стаж” фестывалю.

Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі “За духоўнае адраджэнне”, прафесар, старшыня журы на музычным фэсце Міхаіл Казінец падкрэсліў, што фестываль – гэта творчая лабараторыя, дзе адшліфоўваецца майстэрства выканаўцаў, прэзентуюцца новыя творчыя калектывы, нараджаюцца цікавыя ідэі і праекты.

І сапраўды, за гады фестывалю, як не раз падкрэсліў старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік, удзел у ім бралі звыш 600 творчых калектываў, прыкладна 500 індывідуальных выканаўцаў з дваццаці краін свету. За гэты час Пастаўшчына займела 13 гарадоў-пабрацімаў.

Сёлета гасцямі фестывалю сталі творчыя калектывы з Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Грузіі. Мастацкі кіраўнік калектыву “Масковія” з расійскага Пушкіна Марына Серыхава адзначыла, што іх ансамбль бярэ удзел у фестывалі чацвёрты раз.

Не ў першы раз прыехаў на Віцебшчыну калектыў з эстонскага горада Йыхве. Як расказалі Март і Яніка, іх гурт нарадзіўся, калі спатрэбілася падтрымаць сваіх дзяцей, навучэнцаў гімназіі, на адным з конкурсаў. Паспрабавалі, а пасля не пажадалі разыходзіцца. Пастаўскі фестываль стараюцца не прапусціць з-за добразычлівага настрою, што пануе на ім, з-за магчымасці сустрэцца з аднадумцамі, знаўцамі і захавальнікамі народнай культуры.

На фестывалі як месцы захавання і папулярызацыі традыцый акцэнтаваў увагу старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

– Калі падумаў, у чым жа яго моц і каштоўнасць, – сказаў ён у момант урачыстага адкрыцця свята, – то гэта менавіта ў традыцыйнасці, у тым, што дапамагае захоўваць народную культуру і тым сілкаваць творчасць маладых пакаленняў. А пра значнасць, можна меркаваць па складзеу журы, якое сабрала цвет беларускага музычнага алімпу.

Пастаўшчына не абдзелена на жыццё культурнае. Але самае ганаровае месца яе жыхары ўсё ж аддаюць фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік. У гэты час горад ператвараецца ў адзіную канцэртную пляцоўку. Па ўборах, мове можна вывучаць геаграфію гасцей, па выступленнях – адметнасць творчасці. Пакарылі пастаўчан майстэрствам выканання, яркасцю вобразаў, прыгажосцю касцюмаў не толькі замежныя калектывы. Свае, беларускія, у тым ліку і мясцовыя, не ўступілі ім ў майстэрстве. За некалькі дзясяткаў метраў ад Палаца культуры, дзе ішоў конкурс “Хто каго?” былі чутныя бурныя воплескі – гледачы не адпускалі народны аркестр баянаў і акардэонаў Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа, ансамбль “Лебедзеўскія выкрутасы” з Маладзечненскага раёна, танцавальны гурт Віцебскага каледжа культуры “На ростанях”. Напоўнены песнямі, інструментальнымі і харэаграфічнымі нумарамі, фестываль прадэманстраваў багацце нацыянальных культур розных народаў.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ