Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Танцавальны турнір і дэгустацыя аўтэнтычных страў: у Полацку адбыўся этнафэст «Жывая даўніна»

Этнафэст «Жывая даўніна», прысвечаны Году малой радзімы, прайшоў у Полацкім раённым Цэнтры культуры. Свята сабрала аматараў беларускай архаікі, якія зберагаюць духоўныя скарбы свайго народа і перадаюць традыцыі з пакалення ў пакаленне.

– Шанаваць спадчыну трэба дзейсна, – кажа дырэктар Полацкага раённага цэнтра культуры Наталля Дзёміна. – Таму сваёй найважнейшай задачай мы лічым пераемнасць, адраджэнне і распаўсюджванне унікальных традыцый нашага рэгіёна, каб яны працягвалі жыць у натуральным асяроддзі. Этнафэст падсумаваў вынікі гэтай працы за апошні год, дазволіў абмеркаваць праблемы і абмяняцца вопытам з калегамі.

Летась Полацкі РЦК паспяхова рэалізаваў праект “Смачнае падарожжа Надзейкі”, выдаўшы зборнік рэцэптаў аўтэнтычных кулінарных рэцэптаў, запісаных ад мясцовых старажылаў. Сёлета даследчыцкія вандроўкі працягнуліся ў новым ракурсе. Супрацоўнікі раённага цэнтра культуры на чале з галоўнай гераіняй праекта Надзеяй Зайцавай наведалі восем адметных сем’яў у розных сельсаветах Полаччыны, даведаліся, чым яны жывуць і якія каштоўнасці зберагаюць, а затым падрыхтавалі тэматычныя відэасюжэты і фотасправаздачы, аформілі зборнік “Цікавае падарожжа Надзейкі. Малая радзіма пачынаецца з сям’і”.

Прэзентацыя гэтага выдання адбылася ў межах этнафэста “Жывая даўніна”, куды запрасілі ўсіх удзельнікаў праекта. Сем’ям уручылі падарункі, а яны ў адказ зладзілі выставу-дэгустацыю прысмакаў, якія гатуюць дома.

Праграма свята аб’яднала розныя накірункі народнай творчасці. На арт-пляцоўцы “Полацкая Гранд-батлейка” можна было пачуць мясцовыя легенды і паданні. Народны фальклорны калектыў “Галасы спадчыны” Багатырскага СДК прадэманстраваў унікальную манеру спеваў “у перахлёст”, якой нададзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Народны фальклорны ансамбль “Блізнянка” Сільніцкага СДК прапанаваў урывак абрадавай дзеі, што выконвалася падчас старажытнага свята Юр’е.

Захапляльнымі майстар-класамі парадавалі і госці фэсту – сябры аматарскага фальклорнага аб’яднання “Жывая спадчына” з Віцебскага раёна, народнага гурта архаічных спеваў “Княжыч” з Наваполацка, фальклорнага гурта “Варган” Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. А кульмінацыяй мерапрыемства стаў адкрыты турнір “Танцуем па-даўнейшаму”.

У відовішчным спаборніцтве прынялі ўдзел 22 пары, што павінны былі адлюстраваць рэгіянальныя асаблівасці выканання народных побытавых танцаў “Кракавяк”, “Лысы”, “Падэспань”. Бясспрэчную перамогу журы прысудзіла Станіславу Палякову і Ксеніі Прызба з Віцебскага раёна, але і астатнім удзельнікам турніру падзякавала за талент, энергетычны запал, любоў да народнай культуры і адданасць справе яе папулярызацыі. Варта адзначыць, што танцавальныя пары прадставілі ўсе сельскія Дамы культуры Полаччыны, а значыць, у розных кутках раёна аўтэнтычныя культурныя каштоўнасці зберагаюцца і перадаюцца ад носьбітаў традыцый моладзі.

Фота Полацкага РЦК.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ