Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Міёршчына ўспамінае славутага земляка – Генадзя Цітовіча, з дня нараджэння якого мінула 110 год

Народны артыст СССР, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі БССР, кавалер трох ордэнаў Генадзь Іванавіч Цітовіч нарадзіўся 7 жніўня (25 ліпеня па старым стылі)  1910 года на Міёршчыне ў вёсцы Новы Пагост. Пра яго дзяцінства вядома мала. Бадай, толькі тое, што рос у сям’і мясцовага святара, прачынаўся і засынаў пад спевы бабулі, што першую навуку мастацтва і культуры атрымаў у дзіцячыя гады ад Флора Манцэвіча.

У сына святара была адна дарога – у духоўную семінарыю, куды ён і паступіў. Але пазней скажа, што насамрэч родная зямля адкрывала шмат сцежак, трэба было толькі выбіраць сваю. Урэшце ён гэта і зробіць, пойдзе па той, што вяла ў шырокі свет мастацтва. Але да гэтага яшчэ павучыцца на прыродазнаўча-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, зразумее, што і матэматыка яму нецікавая. Адна радасць – хор, якім кіраваў у навучальнай установе Рыгор Шырма. Генадзь іграў на барытоне у капэле, прыдбаў дырыжорскія навыкі, ведаў шматлікія народныя песні і з гэтым багажом паступіў у Віленскую кансерваторыю.

  Запісамі беларускіх народных песняў Цітовіч захапляўся з юнацтва. Зрабіў шэраг  фальклорных экспедыцый па навакольных да Новага Пагоста вёсках, а калі рэпертуар родных мясцін быў вычарпаны, адправіўся па Віцебшчыне па рацэ Дзісне, а пазней аб’ездзіў усю Заходнюю Беларусь, пабываў у самых глухіх вёсачках і хутарах. Дзе толькі не сустракалі фалькларыста! Заўсёды па-сяброўску настроены, вясёлы і дасціпны, ён быў жаданым госцем у любой хаце.

Біёграфы і музыказнаўцы разбяруць жыццё і творчасць Генадзя Цітовіча не толькі па гадах, а, можна сказаць, па днях. Матэрыялу стане столькі, што на яго радзіме і ў вучняў Новапагосцкай школы з’явіцца фундамент для стварэння музея знакамітага земляка. Ён адчыніць свае дзверы напярэдадні 80-годдзя з дня нараджэння Генадзя Іванавіча. Кожнага, хто заходзіць у пакой, на фоне беларускага рушніка сустракае партрэт музыкі з пранізлівым позіркам уважлівых вачэй і мяккай усмешкай. Мастацкую і навуковую канцэпцыю музея дапамагла распрацаваць загадчыца сектара Літаратурнага музея імя Я. Купалы Святлана Майхровіч. Яна дапамагла і ў афармленні экспазіцыі, матэрыял для якой сабралі вучні.

Старшакласнікі пісалі пісьмы на тэлебачанне, вядомым паэтам, кампазітарам, дзеячам мастацтва, збіралі дакументы. Вучні 5 – 8-х класаў запісалі песні сваёй мясцовасці, аформілі альбом пра жыццё і творчасць Генадзя Іванавіча, выпусцілі тэматычную газету.

У экспазіцыі прадстаўлена дзевяць партрэтаў Цітовіча, рукапісы, манаграфіі, граматы, фотаздымкі, грампласцінкі, афішы на традыцыйных тумбах-рэкламах.

 На свята адкрыцця музея з Мінска прыехалі жонка і дачка Генадзя Іванавіча, Святлана Майхровіч, артысты Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча і іх мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Міхаіл Дрынеўскі, госці з райцэнтра.

З таго часу музей адчынены для  наведвальнікаў, якія слухаюць экскурсаводаў, а могуць і самі пагартаць розныя выданні, прачытаць тое, што больш цікава.

Пагартаем і мы.

Сын Флора Манцэвіча – першага настаўніка Генадзя Цітовіча — Барыс узгадвае такія эпізоды з жыцця заснавальніка найстарэйшага самабытнага хору вёскі Вялікае Падлессе, арганізатара і мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору БССР:

– Свае здольнасці ў арганізацыі творчых калектываў Генадзь Цітовіч праявіў яшчэ ў Вільні. Але найбольш талент маладога дзеяча харавога мастацтва заззяў у 1939 годзе, калі, працуючы на Баранавіцкім абласным радыё, Генадзь Іванавіч сфарміраваў у вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна хор, аўтарытэт якога рос год ад года. Ужо ў 1940-м ён удзельнічаў у 1-й дэкадзе беларускага мастацтва і культуры ў Маскве, а ў 1945-м атрымаў дыплом 1-й ступені на Усесаюзным аглядзе харавой самадзейнасці, набыў папулярнасць за межамі рэспублікі.

Гады ішлі. Рос, мяняўся калектыў. У 1965 годзе Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца стаў Дзяржаўным народным хорам БССР, а ў 1983 годзе яму далі назву Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору. Але каб дасягнуць такіх вышынь, Генадзь Іванавіч многа працаваў сам і гэтага ж запатрабаваў ад харыстаў.

 Барыс Манцэвіч узгадвае сведчанне хормайстра Фёдарава пра дыялог Цітовіча з адной са спявачак:

 – Выйдзіце з хору! Вы не працуеце, – сказаў ёй.

Жанчына запярэчыла:

– Чаму, Генадзь Іванавіч? Я ж спяваю!

– Не, – адказаў Цітовіч, – вы душой адсутнічаеце і ў думках знаходзіцеся недзе, магчыма, на базары. Я бачу вашы вочы – у іх ні настрою, ні зместу таго, што вы выконваеце.

Каб быць такім, якім з’яўляўся Генадзь Цітовіч, трэба да бяспамяцтва любіць сваю радзіму, робіць выснову аўтар успамінаў. Пацвярджэнне яе знаходзім яшчэ ў адным сведчанні.

Народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі піша:

– Дзякуючы Генадзю Цітовічу я стаў народнікам. Да гэтага працаваў у Палацы культуры трактарнага завода. Мы ўжо займалі першыя месцы і ў рэспубліцы, і ў Саюзе. Цітовіч мяне ўбачыў у канцы пятага курса на канцэрце ў філармоніі і прапанаваў працаваць у хоры. І я як прыйшоў, так і застаўся. Цітовіч — вялікі музыкант ад прыроды, ад Бога. Ён і вучоны, і добры філолаг. І галоўнае для мяне — гэта яго адносіны  да народнай песні.  Генадзь Іванавіч так раскажа пра песню, што яна атрымоўвалася добра апрацаваным брыльянтам. Для мяне гэта была вялікая школа. Тое, што адчуваю ў народнай песні, — дзякуючы Генадзю Іванавічу.

Сам Генадзь Цітовіч, яго хор пакінулі адбітак на жыцці некалькіх пакаленняў беларусаў. Вучылі шанаваць родную мову, народныя песні, якія Генадзь Іванавіч параўноўваў з малітвай – шчырай, адкрытай, без ілжывасці і падману. На прыкладзе яго жыцця, адданасці справе цяпер вучацца міёрскія школьнікі.

Фота з адкрытых крыніц.

 

 

 

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ