Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Вёска Ледневічы Сенненскага раёна – зямля ганчарных традыцый і сардэчных людзей

Вёска Ледневічы Сенненскага раёна знаходзіцца ў баку ад вялікіх дарог. Калісьці яна з’яўлялася цэнтрам аднайменнага калгаса. А яшчэ раней прадукцыя тутэйшых майстроў была вядома далёка за межамі вёскі. І хоць у назве адчуваецца холад, жыхары Ледневіч прыветлівыя і адкрытыя. У іх нібы захавалася цеплыня печаў для абпальвання гліны, якія сто гадоў таму былі на кожным двары.

 

Кіраўнік справамі Какоўчынскага сельсавета Сяргей Цярэня нарадзіўся і вырас у Ледневічах і з’яўляецца праўнукам майстра-ганчара. Калісьці ў іх доме было шмат збаноў, гарлачоў, гаршкоў, глякоў, спарышоў (здвоеныя і замацаваныя ручкай ёмістасці, у якіх насілі ежу на сенакос і жніво). Але маці аддала гліняныя вырабы вучоным з Акадэміі навук, якія прыехалі ў Ледневічы ў экспедыцыю па даследаванні гісторыі промыслу. У дзяцінстве Сяргей Мікалаевіч бавіўся глінянымі свістулькамі, зробленымі прадзедам, таксама Сяргеем.

У кожнага майстра быў свой сакрэт, дзе браць гліну. За сыравінай хадзілі ноччу, каб канкурэнты не бачылі. Капалі драўлянай рыдлёўкай і неслі дамоў у мяху. Гліну на тыдзень замочвалі ў вадзе. Штогод перакладвалі печы, бо яны напальваліся дубовымі плахамі і больш за сезон не вытрымлівалі высокай тэмпературы. Каб праверыць якасць вырабаў, майстар браў іх у рукі і біў адзін аб адзін. Для бляску гаршкі і гарлачы пакрывалі спецыяльнай вадкасцю – паліванкай, у якую дабаўлялі свінец. Каб надаць цёмны колер, у гліну замешвалі перацёртыя ў парашок камяні, якія бралі ў лазні, што тапілася па-чорнаму. Кажуць, што ганчарныя вырабы з Ледневіч нават вазілі на продаж у Маскву. Але мясцовыя жыхары займаліся не толькі ганчарствам. Тут таксама жылі добрыя сталяры, якія выраблялі дзежкі, кадушкі, вёдры, пралкі, кросны, калёсы, сані.

Так што калі ў каго на Сенненшчыне ці ў суседніх раёнах засталіся гарлачы ці пралкі, цалкам верагодна, што яны з Ледневіч.

Невядомы герой

У пачатку вайны, калі Чырвоная армія вымушана была адступаць, у Ледневічах маладзенькі савецкі салдат здзейсніў подзвіг, які вядомы толькі мясцовым жыхарам. Пра геройскі ўчынак воіна Наталлі Азаронак расказвала яе бабуля.

Савецкія сапёры замініравалі шлях на Багушэўск і расставілі пасты ўздоўж дарогі, якія павінны былі паказваць адступаючым падраздзяленням бяспечны напрамак руху. Раптам прарваліся немцы, захапілі ў палон чырвонаармейца і загадалі правесці праз міны. І ён іх павёў… Праз некалькі хвілін адбыўся выбух, чырвонаармеец загінуў разам з некалькімі акупантамі. Пасля вайны яго рэшткі перезахавалі разам з партызанамі, што аддалі жыццё за свабоду Радзімы, на высокім месцы Ледневіч, якое тут называюць Курганам. Імя героя засталося невядомым.

Дарэчы, на Кургане ў старажытнасці былі вясковыя могілкі.

Школа – талакой

Ледневіцкую базавую школу пабудавалі талакой у 1946 – 1948 гадах. Кожная брыгада (вёска), што ўваходзіла ў склад калгаса, абавязвалася ўзвесці клас. Установа адукацыі стаяла літарай «П» і мела плошчу каля 500 кв. м. Сяргей Цярэня згадвае, што калі пайшоў у школу ў 1972-м, у яго класе было 24 вучні, а ўсяго тады навучалася больш за 150 чалавек. У сярэдзіне 2000-х установу закрылі, калі тут было 16 вучняў. Наталля Азаронак расказала пра адну з традыцый школы: кожны год да Дня Перамогі 9 Мая ў двары рабілі клумбу ў выглядзе пяціканцовай зоркі. Цяпер у Яноўскую базавую школу з Ледневіч ездзяць на працу дзве настаўніцы – стрыечныя сёстры Марыя і Алена Цярэня і атрымліваюць веды дзве вучаніцы – дачка Марыі Міхайлаўны Юлія і Анастасія Румо. Дарэчы, учатырох яны даглядаюць за брацкай магілай часоў вайны, дзе пахавана 26 герояў.

Сустрэнемся ў парку

Пра ранейшае бурлівае і актыўнае жыццё Ледневіч сведчыць масіўны будынак клуба. Ён лічыўся самым вялікім на Сенненшчыне сярод сельскіх устаноў культуры. Узводзіўся за кошт калгаса ў 1967 – 1973 гадах. Тады штодня, апроч панядзелка, у зале на 150 – 200 месцаў круцілі кіно. Пасля адкрыцця на першым сеансе для дзяцей паказвалі мультфільм «Ну, погоди!». Вельмі папулярнымі былі індыйскія стужкі. У клубе сваімі сіламі арганізоўвалі канцэрты, меўся ўласны вакальна-інструментальны ансамбль. Калі Ледневічы далучылі да ААТ «Літусава», былы кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Каўрыжэнка планаваў зрабіць у клубе спартыўны зал. Але ідэя засталася нерэалізаванай.

Вакол клуба разбіты парк. Былы трактарыст Уладзімір Русакоў школьнікам прымаў удзел у яго закладцы, садзіў ліпы і бярозы. З дубчыкаў яны ператварыліся ў магутныя дрэвы і нагадваюць пра маладосць. За сваю працоўную дзейнасць Уладзімір Мікалаевіч сеяў і араў на пяці трактарах: пачынаў на МТЗ-52, заканчваў на «Кіраўцы». Зараз у парку ў летні перыяд бавіць час моладзь. У тапаніміцы Ледневіч ён не мае ніякай назвы. «Сустрэнемся ў парку», – гавораць мясцовыя жыхары.

Купіць і пагаварыць

Ураджэнка вёскі Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна Зоя Вежан пасля заканчэння тэхнікума ў Полацку прыехала ў калгас «Ледневічы» эканамістам у 1979-м. Тут выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. Калі ў 1988-м выходзіла з дэкрэтнага, гаспадарку далучылі да суседняга саўгаса «Янова». Прапанавалі пайсці прадаўцом у магазін, дзе і працуе па сёння з 10.00 да 18.00 з адным выхадным у нядзелю. Праўда, у аўторак рабочы дзень напалову скарочаны. Улетку месячны тавараабарот дасягае 12 – 13 тыс. руб. Гэта прыстойны паказчык для гандлёвай кропкі, якая абслугоўвае жыхароў і гасцей адной вёскі. Бывае, што і праезджыя завітаюць у краму. Зоя Яўгеньеўна тут і загадчыца, і мерчандайзер, і тэхнічка, і грузчык. Адным словам, поўная гаспадыня. Сярод асартыменту вылучае працукцыю Сенненскага райспажыўсаюза: добрым попытам карыстаюцца зробленыя без дадаткаў каўбасы «Дарожная», «Маскоўская», «Фінская», «Савецкі сервелат». У дзень прыезду карэспандэнта «ВВ» у магазін завезлі прадукцыю Глыбоцкага мясакамбіната, што нагадала прадаўцу пра малую радзіму. Але з’язджаць з Ледневіч Зоя Вежан ніколі не думала, бо прыжылася тут.

Калісьці мясцовыя хлопцы былі даволі ўчэпістыя і не выпускалі свайго шчасця. Апроч Зоі Вежан, у Ледневічы выйшлі замуж яшчэ дзве жанчыны. Брыгадзір Надзея Мірановіч родам з Ровенскай вобласці Украіны, прыязджала сюды на заработкі па ўборцы льну. Жывёлавод Валянціна Ходас з Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці вучылася на швачку ў віцебскім ПТВ. З сяброўкай наведвалася ў госці да яе бацькоў, ды так і засталася, пазнаёміўшыся на танцах з будучым мужам.

Магазін у Ледневічах з’яўляецца своеасаблівым клубам. Сюды прыходзяць не толькі набыць тавар, але і сустрэцца з аднавяскоўцамі, пагаварыць, абмеркаваць навіны. Як тут кажуць – палюдзяніць.

Ледневічы вядомыя з XVI ст. як населены пункт Аршанскага павета ВКЛ. У 1634-м згадваецца як маёнтак. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. адзіная ў Сенненскім павеце вёска з саматужным промыслам. Тут усе займаліся ганчарнай вытворчасцю. Вырабы збывалі на кірмашах, развозілі па населеных пунктах. Зараз у Ледневічах 52 двары, зарэгістравана 105 чалавек, з іх 72 – працоўнага ўзросту.

Фота Сяргея Кавалеўскага.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ