Поиск

Сохраненные статьи

Вы еще не добавили ни одной статьи в закладки!

Просмотр статей

Согласие!

Мы используем файлы cookies для улучшения работы сайта. Оставаясь на нашем сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.
Для обеспечения удобства пользователей сайта мы используем Политику конфиденциальности персональных данных

На Верхнядзвіншчыне рэдка якое свята абыходзіцца без удзелу народнага аматарскага аб’яднання «Расіца»

На Верхнядзвіншчыне рэдка якое свята абыходзіцца без удзелу народнага аматарскага аб’яднання нацыянальнай кухні, фальклора і гульні “Расіца”. Створанае пры Бігосаўскім Доме культуры амаль 25 гадоў таму назад, яно шмат зрабіла для таго, каб захаваць рэцэпты страў нацыянальнай кухні, каб у дзяржаўны Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культунай спадчыны былі ўнесены “клёцкі з душамі”, запісалі песні продкаў, іх гульні – адным словам,  сабралі багацейшую спадчыну Бігосаўскага наваколля, якую сёння шырока выкарыстоўваюць у розных жыццёвых сітуацыях. І ўсё гэта  сіламі 15 чалавек – творчых, апантаных, па-сапраўднаму руплівых і дбайных,  перакананых, што спадчына продкаў – кладзезь мудрасці, якая будзе сілкаваць беларусаў і праз стагоддзі.

 Сціплымі сіламі мясцовых актывістак было праведзена з дзясятак этнаграфічных экспедыцый, у старажылаў вёсак Бігосава, Вопытная, Росіца, Марозы, Баліны, Навікі сабраны  шматлікія рэцэпты беларускіх страў, гульні, песні. Увесь гэты матэрыял стаў асновай для распрацоўкі трох метадычных выданняў па абрадах, гульнях і кухні Бігосаўшчыны пад назвай “Скарбонка каштоўнасцей”. Гартаючы іх, разумееш, што, напрыклад, самабытныя беларускія стравы сведчаць пра  рацыянальнасць і разнастайнасць харчавання беларусаў. Хаця на сваіх падворках сяляне трымалі кароў, свіней, авечак, коз, свойскую птушку мясныя стравы гатавалі, у асноўным, на святы. Саланіну, каўбасы, вяндліну бераглі на пару цяжкіх сельскагаспадарчых работ – сенакос, жніво. А штодзённа ўжывалі пераважна вегетарыянскую ежу – з агародніны, зернебабовых культур, малочных прадуктаў, насення лёну і канапель, сушаных грыбоў, ягад, садавіны, мёду.

 Ні з чым не параўнаць стравы з сырой дранай бульбы – бабкі, бліны, дранікі, клёцкі і вядома ж клёцкі з “душамі”.

Паэтычная назва гэтай стравы, тлумачаць бігосаўскія метадычкі, паходзіць ад начыння, якое змяшчаецца ў сярэдзіну клёцкі і называецца «душой». Адметнасць гэтых клёцак крыецца ў тым, што «душа» у іх выключна з крышанага на невялікія кавалачкі мяса ці сала.  

Члены клуба звычайна частуюць  імі на святах, клубных пасядзелках, фестывалях.  Разам з удзельнікамі раённага сходу перадавікоў Верхнядзвіншчыны таксама паспрабавала, паслухала задаволенае смакаванне іншых і разам з усімі перажыла радасць ад задушэўных народных песень, якія спявалі жанчыны. Так і пазнаёмілася з Бігосаўскім краем “на смак” і “слух”. Тамашнім гаспадыням ёсць што прапанаваць нават самаму прыдзірліваму госцю.

Увесь здабыты матэрыял, сваеасабісты жэмчуг мясцовага фальклору, выкарыстоўваецца ў разнастайных мерапрыемствах, якія праводзяцца ўдзельнікамі аб’яднання для папулярызацыі беларускага фальклору, нацыянальнай кухні і беларускіх гульняў. Клуб ладзіць разнастайныя мерапрыемствы забаўляльнага характару накшталт “Гульнёўкі з нашай кладоўкі”, якія складаюцца з гульняў, у якія гулялі нашы продкі. Карыстаюцца попытам у дзяцей і моладзі  экскурсіі ў беларускую хатку. У фармаце тэатралізаванага дзеяння наведвальнікаў знаёмяць з побытам беларусаў, з беларускімі рэчамі, посудам, прыладамі працы, якія выкарыстоўвалі ў даўніну продкі, частуюць старадаўнімі стравамі.

 Аматарскае аб’яднанне, якое ўжо 10 гадоў носіць званне “народнага”, жаданы госць на абласных мерапрыемства. “Расіца” брала ўдзел у свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны, у абласным свяце нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні “Нас з’яднала зямля Беларусі”, рэгіянальным свяце песні «Збіраем зорны карагод».

Калектыў “Расіца” браў удзел у праекце “На рубеже трех государств”, у межах Міжнароднай сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху на Кургане Дружбы арганізаваў выставу “Партызанская кухня”… Адным словам, няма такога года, каб “Расіца” не засвяцілася сярод пераможцаў самых розных конкурсаў. У яе скарбонцы дзясяткі дыпломаў за захаванне і адраджэнне народнай спадчыны, таго, што яднае народ, вызначае яго самабытнасць. Апошні са свята  аматарскай творчасці “ Мы шчаслівыя, калі разам” у аграгарадку Каханавічы, на якім бігосаўскія гаспадыні правялі майстар-клас па гатавані дранікаў, а пасля пачаставалі аж дзесяцю іх відамі – з грыбамі, зелянінай, смятанай, цыбуляй, шкваркамі і нават заварнымі.

Рэцэпт стравы «Клёцкі з душамі»
Бульбу чысцяць у дзень прыгатавання стравы, дзяруць яе на тарцы або выкарыстоўваюць кухонны камбайн. Драннё моцна адціскаецца ў талерку. Сок з бульбы, які адстоіцца, зліваюць, а гушчар дадаюць ў адціснутае драннё. Соляць, кладуць трошкі мукі, замешваюць.
Прыгатаванне «душаў»: рэжуць мяса, сала маленькімі кавалачкамі, дадаюць кмен, соль, пакрышаную цыбулю і іншыя спецыі.
Гатовае драннё начыняецца, робяцца клёцкі. Клёцкі з «душамі» кідаюць у кіпячую ваду, вараць паўгадзіны. Клёцкі з «душамі» гатовы!
Ужываюць іх як самастойную страву, а таксама падаюць са шкваркамі, смятанай, малаком.
* * *
З цягам часу сталі разнастайнымі і начынкі для «душаў»: акрамя сала, мяса, хатняй каўбасы або фаршу, пачалі выкарыстоўваць грыбы і нават куплёную каўбасу. У пост у якасці «душаў» выкарыстоўвалі таўчоны мак, ільняное семя, грыбы.

 

 

 

 


Следующая новость
Сенатор Олег Жингель провел личный прием граждан в Глубоком