Алег Уладзіміравіч Салтук (1946–2015) – паэт, лаўрэат шматлікіх прэмій пэўны час працаваў у абласной газеце “Віцебскі рабочы”, уласным карэспандэнтам, літаратурным супрацоўнікам. Нарадзіўся ў в. Рыжэнькі Шумілінскага раёна ў сям'і хлебаробаў, якая ў 1962 годзе пераехала на радзіму бацькі ў в. Якаўкі Ушацкага раёна.

Да школы бацька навучыў сына чытаць, а маці ў раннім дзяцінстве прывіла любоў да песні. У 1963 годзе А. Салтук скончыў Мішкавіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Аркадзя Куляшова. Пасля заканчэння інстытута служыў у Савецкай Арміі.
У 1969–1973 гады працаваў адказным сакратаром Ушацкай раённай газеты «Патрыёт». 3 1974 года – уласны карэспандэнт абласной газеты «Віцебскі рабочы».
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1977 года.
У 1980–1999 гг. – сакратар Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Першы верш надрукаваў у 1965 годзе ў газеце «Магілёўская праўда».
Пасля з’явіліся яго зборнікі паэзіі «Пачатак дня» (1974), «Працяг» (1977), «Святло зямлі» (1982), «На далонях жыцця» (1988), «Трывога лёсу» (1996), «Не разлюбі» (2003), «На вейцы веку» (2006), «Дзве зары» (2011).
Творчасць Алега Ўладзіміравіча прасякнута любоўю да роднай зямлі, да тых куткоў, якія сталі яму дарагімі – Шуміліншчыны і Ушаччыны. У яго вершах – чыстыя пачуцці, прызнанне старэйшаму пакаленню ва ўдзячнасці і вернасці.
Творы паэта перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, балгарскую, нямецкую мовы.
У 2005 годзе прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. п. Шуміліна».
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Віцебшчыны ў галіне літаратуры, адзін з першых лаўрэатаў прэміі часопіса «Маладосць», лаўрэат літаратурных прэмій імя У. Караткевіча (2000) і «Залаты купідон» (2011). Узнагароджаны медалямі «За доблесную працу», «За працоўную адзнаку».
Жыў у Віцебску.