Дарафееў Анатоль Максімавіч (1941–2010) нарадзіўся ў в. Лажані Гарадоцкага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння біялагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута застаўся працаваць на кафедры заалогіі, у 1971 годзе атрымаў вучоную ступень кандыдата біялагічных навук. Уся навуковая, педагагічная і грамадская дзейнасць Анатоля Дарафеева звязана ў Віцебскім дзяржуніверсітэтам імя П.Машэрава, дзе ён у перыяды 1977-1986 і 1994–2002 гадоў працаваў прарэктарам па навуковай рабоце.

На пачатку 90-х гадоў Анатоля Максімавіча прызначаюць на пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па экалогіі, у 1994 г. – Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Захапіўшыся арніталогіяй са студэнцкіх гадоў, вучоны з прафесійным сталеннем глыбока вывучаў сістэмы азёр і верхавых балот Віцебшчыны, па яго ініцыятыве было праведзена шмат навукова-практычных канферэнцый, прысвечаных ахове ўнікальнай прыроднай спадчыны Паазер’я, праблемам захавання біялагічнай разнастайнасці.
Шмат часу А.М. Дарафееў прысвячаў краязнаўству, вывучэнню гісторыка-культурнай спадчыны сваёй малой радзімы і не толькі. Дзякуючы яго клопатам Гарадоцкі краязнаўчы музей узбагаціўся каштоўнымі і рэдкімі знаходкамі, былі праведзены першыя літаратурныя чытанні, прысвечаныя паэме “Тарас на Парнасе”. Ананімны аўтар гэтага твора сярэдзіны ХІХ стагоддзя набыў канкрэтныя рысы гарадоцкага мешчаніна, ураджэнца вёскі Астраўляны — Канстанціна Вераніцына. З імем вучонага можна звязаць і вяртанне нашчадкам памяці пра слыннага класіка беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, які паходзіць з Расонскага раёна.
У 2002 годзе ў Віцебскім дзяржуніверсітэце ім.П.М.Машэрава была створана кафедра экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя. Узначаліў яе дацэнт Анатоль Дарафееў, аўтар больш як 120 навуковых прац. Ён з’яўляўся рэдактарам другога выдання Чырвонай кнігі, склаў папулярны сярод школьнікаў энцыклапедычны даведнік “Птушкі Беларусі”, а разам з калегай па ўніверсітэце Святланай Сюбаравай напісаў кнігу “Они не должны исчезнуть”.
Сетка асоба ахоўных прыродных тэрыторый Беларускага Паазер’я, стваральнікам якой стаў у тым ліку і Анатоль Дарафееў, уяўляе сабой багацейшую скарбніцу біяразнастайнасці.
Вучоны-біёлаг, краязнавец, грамадскі дзеяч, педагог А.М. Дарафееў узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 6-ю медалямі, выдатнік вышэйшай школы СССР; выдатнік народнай асветы СССР; выдатнік народнай адукацыі СССР.