Поиск

Сохраненные статьи

Вы еще не добавили ни одной статьи в закладки!

Просмотр статей

Согласие!

Мы используем файлы cookies для улучшения работы сайта. Оставаясь на нашем сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.
Для обеспечения удобства пользователей сайта мы используем Политику конфиденциальности персональных данных

Балючыя кропкі лёсу ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Веры Барташэўскай

На гэтым тыдні Вера Іванаўна Барташэўская прымала гасцей. У яе хату завіталі ваенны камісар Верхнядзвінскага ваеннага камісарыята Дзяніс Мельняйчук і старшыня Валынецкага сельскага Савета Надзея Ліпоўская, павіншавалі з хуткімі майскімі святамі і ўручылі юбілейны медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг».

Вера Іванаўна і парадавалася, і пасумавала. Парадавалася, што не забываюць, цэняць і яе ўклад у перамогу над фашыстамі. Пасумавала, бо не хацела вяртацца нават ва ўспамінах у гады акупацыі, калі не раз апыналася, як кажуць, на валасок ад смерці. Але як не ўспомніш тыя страшныя падзеі, не падзякуеш Богу, знаёмым і незнаёмым людзям, жывым і ўжо адышоўшым у вечнасць, хто дапамог выжыць.

Калі пачалася вайна, Веры было 12 гадоў. Вялікая сям’я Івана і Марфы Плюшчык, у якой падрасталі 8 дзяцей, жыла ў Дубровах, невялікай асвейскай вёсцы, што прытулілася да лесу і балота. Не дзіўна, што ў гэтых мясцінах хутка з’явіліся партызаны, да якіх падаўся і бацька. Асвейская партызанская зона разрасталася, што бязмерна раздражняла акупантаў. У адну з карных аперацый вялікая бяда прыйшла і ў іх вёску. Каго з жыхароў расстралялі, каго спалілі жывымі ў хляве. Аўтаматная чарга скасіла дзвюх меншых сясцёр Веры, у агні загінула маці. Ацалелі нямногія, хто змог – уцёк і схаваўся на балоце. У глыбіні яго вяскоўцы, прадбачачы магчымасць прыходу карнікаў, мелі схованкі – шалашы, толькі не ўсім пашчасціла дабрацца да іх. Веру з сястрой Марыяй прытуліў стрыечны брат бацькі. Пэўны час перасядзелі ў яго зямлянцы, а пасля ўсе разам падаліся да партызан.

Перажыты стрэс, холад і голад адбіліся на здароўі дзяўчат. Спачатку на тыф захварэла Вера, услед за ёй Марыйка. Але, на шчасце, адна за адной паправіліся, пачалі дапамагаць старэйшым дзяўчатам і жанчынам па гаспадарцы. Хадзілі на партызанскія палі жаць збажыну, малолі зерне, замешвалі цеста, пяклі хлеб, сачылі за парадкам… Не раз, калі карнікі падбіраліся да іх лагера, спешна знімаліся з месца і пад варожымі кулямі шукалі паратунку ў гушчары асвейскіх лясоў, таіліся па балотах, хаваючыся паміж купінамі ў халоднай вадзе. Сёстры стараліся не быць цяжарам для іншых.

Напэўна, гэту іх самастойнасць, цярплівасць і вынослівасць прыкмеціў камандзір атрада, бо пры першай магчымасці адправіў іх самалётам у глыб вызваленай тэрыторыі. А можа, палічыў, што так будзе лепш дзяўчынкам, бо з усёй сям’і жывымі засталіся толькі яны. Дзе бацька, у той час яшчэ не ведаў ніхто. Гэта пазней высветлілася, што ён ваюе на фронце.

Так склалася, што ўслед за ім па франтавых дарогах вайны пайшлі і дочкі. Дзяўчынак прыпісалі да гаспадарчай групы адной з вайсковых часцей, з якой яны прайшлі з Віцебшчыны па Латвіі, Літве, Польшчы аж да Венгрыі. Там і сустрэлі Перамогу. Дарэчы, менавіта пад Будапештам Веру прынялі ў камсамол. Свой камсамольскі білет яна беражліва захоўвае да гэтага часу.

– У атаку з сястрой не хадзілі, штурмам крэпасці не бралі, – сказала Вера Іванаўна. – Толькі вайна нікому не гарантавала бяспекі. Здаралася ўсякае. Давялося трапляць у засады, абараняць сваю базу. Але больш займацца гаспадарчымі спра­вамі. Для байцоў сваёй часці шылі і рамантавалі ваеннае абмундзіраванне, мылі бялізну, дапамагалі кухарам…Нагрузка была вялікай. Лёгка не было нікому.

Пасля Перамогі сёстрам прапанавалі застацца служыць у часці, якую пераводзілі ў Крым. Але іх цягнула дадому. Вярнуліся на Верхнядзвіншчыну. Веру накіравалі вучыцца на агранома ў Полацкі сельгастэхнікум, пасля якога яна стала спачатку сакратаром, а пазней старшынёй колішняга Кісялёўскага сельвыканкама. Сястра ж паехала ў Полацк, яе вабіла гарадское жыццё.

Так у працы, клопаце пра іншых і сустрэла Вера Барташэўская сталасць, назаўсёды захаваўшы ў памяці даты і факты, імёны людзей, што пакінулі след у яе лёсе, у якім многа балючых кропак.


Следующая новость
Режим #стопвирус в действии: какие меры по профилактике COVID-19 приняты в торговых объектах Витебской области