Поиск

Сохраненные статьи

Вы еще не добавили ни одной статьи в закладки!

Просмотр статей

Согласие!

Мы используем файлы cookies для улучшения работы сайта. Оставаясь на нашем сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.
Для обеспечения удобства пользователей сайта мы используем Политику конфиденциальности персональных данных

Расонскі паэтычны клуб «Натхненне» ўдала выступіў на рэспубліканскім конкурсе «Бацькаўшчына светлая мая»

Удзельнікі народнага клуба самадзейных паэтаў “Натхненне” пры Расонскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ўдала выступілі на рэспубліканскім літаратурным праекце-конкурсе “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаным Году малой радзімы.

На працягу конкурснага года 346 удзельнікаў даслалі журы на чале з вядомым беларускім паэтам Міколам Мятліцкім звыш 800 сваіх вершаў і эсэ. Кожны чацвер на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё гучаў агляд лепшых твораў, шэраг іх надрукаваны ў літаратурным часопісе “Маладосць”. Трое з 72 фіналістаў – расонцы: усе пенсіянеры і актывісты мясцовага творчага жыцця.

 – Назва конкурсу – радок з напісанага паўстагоддзя таму назад верша Уладзіміра Караткевіча “Бацькаўшчына” – сугучны Году малой радзімы. Прыемна, што да ўдзелу спрычыніліся гараджане і вяскоўцы з розных рэгіёнаў краіны. Мы, расонцы, выступалі ў намінацыях “Эсэ” і “Паэзія”. На траіх маем восем перамог (па колькасці адзначаных твораў): палову – Надзея Кожар, па дзве – Таццяна Луткоўская і я, – распавядае кіраўнік клуба “Натхненне”, самадзейны паэт з важкім стажам і колішні электрык Аляксандр Матошка. Ён стаў фіналістам конкурсу з эсэ “Берагі, злучаныя жыццём” і вершам “Былыя Гараўцы”.

“Гараўцы – ад гары ці ад гора?

Ласкай ціха ласкоча рака.

Воды Дрысы зліваюцца з морам,

Як імгненні зліюцца ў вяках”.

Спецыяльным дыпломам “За яркую вобразнасць” адзначаны эсэ “Голас радзімы” і “Гаршэчак масла” гардэробшчыка раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяны Луткоўскай.

 – Малая радзіма, Вялікая Айчынная вайна – вельмі блізкія і хвалюючыя тэмы. Я вырасла ў вёсачцы Гаравыя Шумілінскага раёна, у бабулі, якая да канца свайго жыцця чакала з вайны сына. Мяне гэта ўразіла з маленства і зараз хвалюе да глыбіні душы, – зазначае Таццяна Аляксандраўна, якая ўжо 30 гадоў піша вершы і прозу.

Уладальніца дыплома першай ступені ў намінацыі “Эсэ” Надзея Кожар – выпускніца філалагічнага факультэта БДУ, былы навуковы супрацоўнік Расонскага музея баявой садружнасці, а зараз мастацкі кіраўнік клуба “Нахненне” – шматгранна адораны чалавек: малявала, ляпіла, вышывала, першы верш і апавяданне напісала яшчэ школьніцай. Кажа, што яе літаратурныя здольнасці – наследныя.

 – Дзядзька – вядомы беларускі літаратурны крытык Макар Шалай (Шалаеў) – працаваў са знанымі паэтамі і празаікамі, але згарэў у полымі рэпрэсій, расстраляны ў Курапатах у 1937-м. Яшчэ адзін дзядзька – Міхаіл Шалаеў, які пісаў вершы і фантастычныя апавяданні, загінуў у вайну. Адораным чалавекам была і цёця Ніна Шалаева – баявая паплечніца Пятра Машэрава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яна таксама ўдзельнічала ў конкурсах, магла выступіць з яркай, прачулай прамовай, – распавядае Надзея Уладзіміраўна.

Яе эсэ “Успаміны старога маёнтка” навеяна легендай пра вабную мясціну на беразе Расонскага возера, дзе дагэтуль стаіць палац пана Глазкі. Эсэ “Малюнкі Альбрэхтаўскага кірмашу” згадвае мінуўшчыну суседняй з райцэнтрам вёскі. Трэцяе – “Святло ўдзячнасці і любові” – пра мастака Чолу Кукуладзе, танкіста Вялікай Айчыннай вайны, баявы лёс якога звязаны з Расоншчынай. А верш “Знявечаны крыж” скіруе памяць на старыя каталіцкія могілкі, дзе пахаваны родзічы Надзеі Уладзіміраўны, да прыгожага касцёла, што некалі высіўся на стромкім азёрным узбярэжжы.

Творы расонцаў пра малую радзіму – адметныя, прасякнутыя шчырай любоўю да яе. Таму і былі заўважаны аўтарытэтным конкурсным журы.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.


Следующая новость
В Витебске открылось Почётное консульство Украины