Восенню Міёры стануць гаспадарамі абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026». Мы наведалі горад і пацікавіліся ходам падрыхтоўчых работ да маштабнага сельскагаспадарчага форума.
Першае, што ўражвае вока, – гэта вуліца Набярэжная. У нядаўнім мінулым яе пешаходная зона была выкладзена аэрадромнымі плітамі. Цяпер вырашылі пакласці тратуарную плітку, што, безумоўна, надасць сучасны выгляд Набярэжнай.
Згодна з планамі ідзе капітальны рамонт шматкватэрных жылых дамоў у цэнтры горада. Размешчаны яны кампактна, што дазваляе выконваць работы падрадным арганізацыям больш хуткімі тэмпамі. Капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі вядзецца ў сярэдняй школе № 2. Для Міёр стане знакавым аб’ект з залай боксу, бо далёка не ў кожным горадзе такі від спорту развіваецца на прафесійнай аснове.
У стадыі будаўніцтва знаходзяцца ачышчальныя збудаванні. Іх узвядзенне пачалося ў мінулым годзе, асвойваюцца выдаткаваныя грашовыя сродкі. Здача аб’екта ў эксплуатацыю прадугледжана на кастрычнік.
– Выдзелены сродкі на распрацоўку плана азелянення тэрыторый. У многіх куточках горада будзе пакладзены новы асфальт, на вуліцы Верхнядзвінскай – з уладкаваннем тратуарнай дарожкі, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Войніч. – Прадоўжацца работы па ўладкаванні гульнёвай пляцоўкі і зоны адпачынку на вуліцы Кастрычніцкай. Яшчэ мяркуем ажыццявіць пазіцыянаванне брэнда Міёршчыны. У знакавых месцах з’явяцца фігуркі жураўля і журавін, на фасады будынкаў будуць нанесены элементы мурала.
Закранула Таццяна Войніч і тэму афармлення лавак для адпачынку, стварэння безбар’ернага асяродку. Гэтыя элементы будуць мець сучасную форму.
– Кожны жыхар нашага горада павінен зрабіць пасільны ўклад у добраўпарадкаванне раённага цэнтра, каб ён стаў яшчэ больш прыгожым і ўтульным. І пачынаць трэба з сябе, – рэзюмавала начальнік аддзела.
Фото Сяргей РАЙЧОНАК