
Два дні ў Браславе праходзіў жнівеньскі фэст шанавання абраза Маці Божай Браслаўскай. Яго сёлетні дэвіз “Трываць з Марыяй – Славіць Бога – Будаваць Супакой”. Да Маці Божай Валадаркі азёраў і апякункі Віцебскага краю ў чарговы раз прыйшлі сотні вернікаў з розных куточкаў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Людзі дзяліліся з ёй сваімі радасцямі, дзякавалі за жыццё, за дзяцей, прасілі аб міры на зямлі, аб вырашэнні шматлікіх жыццёвых праблем. Верылі, што дапаможа, бо яе валадарства – месца сілы для жыхароў Віцебскага краю.

Разам з Марыяй надвячоркам мінулай пятніцы гасцей на прыступках базілікі сустракалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і ксёндз-пробашч Станіслаў Мжыглуд. Сярод пілігрымаў было шмат тых, хто прыбыў у Браслаў не першы раз. Адзін за адным у адзіночку, маленькімі і вялікімі групамі яны падыходзілі да храма. Паставы, Смаргонь, Ліда, Міёры, Удзела, Вілейка, Віцебск, Гомель, Магілёў, Гродна… Як і ў мінулыя гады здалёк было чуваць глыбачан, якія тры дні ішлі з песнямі ў Браслаў калонай, больш за сто чалавек. Іх калектыў аб’яднаў віцебчан, палачан, жыхароў Шаркаўшчыны і іншых населеных пунктаў, якія далучаліся да калоны па дарозе.









Усю ноч у базіліцы не сціхалі малітвы. У час урачыстасцяў вялікай групе вернікаў з розных парафій Віцебшчыны быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі і такім чынам іх прызналі сталымі ў веры. Прыгожым момантам фэсту стала начная працэсія святароў і вернікаў па вуліцах Браслава. А ранішнія суботнія ўрачыстасці пачаліся святымі імшамі, у тым ліку аднаўлення сужэнскіх абяцанняў. Кульмінацыяй жа фэсту стала ўрачыстае богаслужэнне з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Іньяцыя Чэффаліа, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага, апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі Сяргея Гаека, старшыні райвыканкама Алены Бабінскай і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Пучынскай.









Атмасферу ўзнёсласці, глыбокіх духоўных перажыванняў стварыў на свяце касцельны хор, у складзе якога былі не толькі мясцовыя спевакі, а і ўдзельнікі летняй школы касцельнага спеву.
Напэўна, кожны з удзельнікаў урачыстасцяў у гэтыя дні не раз прамовіў: “Тваёй абароне, Маці Божая, аддаёмся”… І няважна было адкуль ён прыйшоў ці прыехаў, каб пакланіцца святыні браслаўскай зямлі. У касцёле і ля палявога алтара людзі роўна схілялі галовы перад нябеснай апякункай, спадзяваліся на яе міласэрнасць і сустрэчу ў будучым годзе, прыняць удзел у якой запрасіў прысутных біскуп Алег Буткевіч. Ён таксама падзякаваў усім, хто меў дачыненне да правядзення фэсту.
Фота Аляксандр АЗЕРСКІ