Крысціна Філіповіч прафесію медыцынскага работніка выбрала свядома. Яшчэ ў дзяцінстве, калі разам з бацькамі наведвала паліклініку, яе не палохалі пах медыкаментаў, выгляд крыві, нават без боязі заходзіла ў кабінет стаматолага. Пасля школы паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на факультэт медыка-дыягнастычнай справы.
– Імкліва праляцелі гады, і я апынулася на Міёршчыне, – кажа Крысціна. – Радавала тая акалічнасць, што непадалёк знаходзіцца мая малая радзіма – Браслаўскі раён. А яшчэ мне вельмі пашчасціла пачынаць свой працоўны шлях у 2019 годзе ў сценах новай раённай бальніцы. Як вядома, цяперашні будынак Міёрскай ЦРБ з некаторымі перапынкамі ўзводзіўся шмат гадоў. Цяпер жа гэта сучасная шматфункцыянальная ўстанова аховы здароўя, дзе працуе прафесійны калектыў работнікаў старшага, сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу.
Сёння Крысціна – урач клінічнай лабараторнай дыягностыкі Міёрскай ЦРБ, апошнія тры гады займае пасаду загадчыка аддзялення.
– У маім падпарадкаванні 13 чалавек: ёсць старэйшыя, ёсць больш маладзейшыя за мяне, але з упэўненасцю магу сказаць, што мы каманда аднадумцаў, – падкрэслівае Крысціна. – Наша лабараторыя дынамічна развіваецца. Тут ідзе асваенне і ўкараненне новых методык; праходзяць мерапрыемствы па павышэнні якасці лабараторных даследванняў; штодзённа выконваюцца даследванні аналізаў, цэнтралізавана дастаўленых з усіх адасобленых структурных падраздзяленняў Міёр, Дзісны і раёна. Мы рухаемся наперад, напрацоўваем вопыт і рады дапамагчы ўрачам у дыягностыцы захворванняў.
Міёрская зямля стала для Крысціны Філіповіч другой малой радзімай. Тут маладая жанчына пачала кар’еру ў любімай справе, тут знайшла сваю другую палову.
Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў хочацца пажадаць Крысціне і надалей упэўненым крокам рухацца да здзяйснення сваіх запаветных мар і жаданняў, прафесійнага росту і вялікага асабістага шчасця ў жыцці.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.