Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Образование

Браслаўская настаўніца расказала, як практыкавалася ў навучальных установах ЗША

Гэты год выдаўся для браслаўскай настаўніцы Маі Даронінай напружанымі разам з тым плённым. Да самых значных падзей яна адносіць прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст» і двухмесячнае павышэнне моўнай і педагагічнай практыкі ў Злучаных Штатах Амерыкі.

У свой час вясковая школьніца Мая Дароніна дзякуючы сваёй настаўніцы Алене Стальмачонак паступіла ў інстытут замежных моў.

Вучылася старанна, не цуралася грамадскіх абавязкаў і спорту. Узначаліла савет выдатнікаў. Як адной з лепшых студэнтак ёй пашчасціла практыкавацца ў Оксфардзе і Манчэстэры. Выпускніцы, якая атрымала дыплом з адзнакай, прапанавалі застацца ў аспірантуры. Але Мая паехала назад у раён, адкуль мела мэтавае накіраванне на вучобу. Пра што ніколі не пашкадавала. Змагла рэалізаваць сябе і ў сельскім рэгіёне, стаць прызнаным педагогам, майстрам сваёй справы.

Адпраўляючы сваіх дзяцей у Браслаўскую гімназію, многія бацькі жадаюць, каб іх дачка ці сын трапілі ў групу менавіта да Маі Мефодзьеўны. Гэтая настаўніца – чалавек творчы, першапраходца ў асваенні новых методык навучання, завязванні сяброўскіх сувязей з замежнымі навучальнымі ўстановамі, удзеле ў міжнародным супрацоўніцтве.

Першыя праекты і гранты гімназія атрымала менавіта дзякуючы камунікабельнасці і ініцыятыўнасці свайго педагога. Партнёраў для навучальнай установы Мая Дароніна звычайна знаходзіла на міжнародных семінарах, канферэнцыях, сустрэчах. Менавіта такім чынам завязалася шматгадовае супрацоўніцтва са шведскімі педагогамі і школьнікамі, калі некалькі гадоў запар ішоў абмен вучнёўскімі дэлегацыямі: браслаўчане знаёміліся са Скандынавіяй, а шведы адкрывалі для сябе Беларусь, многія ўпершыню чулі пра Вялікую Айчынную пры наведванні Хатыні і іншых мемарыяльных комплексаў.

На адной з канферэнцый лёс звёў браслаўскую настаўніцу з прадстаўнікамі пасольства ЗША. Педагогі з гэтай краіны прыязджалі ў беларускія ВНУ, дзе выкладалі розныя навукі на англійскай мове. І Мая Мефодзьеўна запрасіла іх на Браслаўшчыну. Амерыканцам край спадабаўся, але рашаючым фактарам усё ж аказаўся ўзровень падрыхтоўкі настаўнікаў раёна і вучняў гімназіі.

Мая Дароніна выйграла і грант на паездкі ў ЗША дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, якім скарысталіся двое гімназістаў. А сама Мая Мефодзьеўна два месяцы ў складзе групы з 20 педагогаў з 19 краін свету практыкавалася ў навучальных установах штата Нявада.

– Вучыліся мы па трох накірунках, – расказвае Мая Дароніна, – методыцы выкладання англійскай мовы, педагогіцы і інфармацыйным тэхналогіям. Прыемна здзівіла захапленне амерыканскіх школьнікаў не камп’ютарнымі гульнямі на перапынках, а чытаннем мастацкай літаратуры. І не таму, што да гэтага іх абавязвае настаўнік, а па ўласным жаданні. Шафы з кнігамі ёсць у кожным класе. Дарэчы, камп’ютар для амерыканскіх дзяцей – толькі інструмент атрымання інфармацыі, а тэлефоны ў школах наогул забаронены.

Мая Мефодзьеўна на ўроках у ЗША актыўна выкарыстоўвала відэапрэзентацыі Беларусі, Браслаўшчыны і гімназіі. Яе замежным вучням, кажа, спадабаліся нашы гульні, песні, цукеркі і дранікі. Яны былі ўражаныя тым, што мабільны дадатак Viber і гульня World of Tanks створаны беларускімі праграмістамі, а шматлікія вядомыя ў свеце мастакі, вучоныя, артысты маюць карані ў Беларусі.

— Урокі праходзілі лёгка дзякуючы цікавасці амерыканскай дзятвы да прадстаўніка новай для іх культуры, – расказвае Мая Дароніна. – Мы разам гулялі ў «бульбу», «трэцяга лішняга», «бэрку».

Новыя веды натхнілі настаўніцу пачаць у ЗША новы праект «Кніга Свету». Па задумцы аўтара яна будзе складацца з дзвюх частак: успамінаў былых вучняў гімназіі і гасцей нашага краю і відэааповедаў удзельнікаў праграмы з 19 краін свету пра іх краіны, школы, сем’і. На выніковым семінары ў Вашынгтоне Мая Мефодзьеўна прэзентавала свой праект, Беларусь і азёрную Браслаўшчыну з яе інвестыцыйнымі, турыстычнымі і адукацыйнымі магчымасцямі.

– Дзякуючы ўдзелу ў гэтай праграме, – кажа настаўніца, – атрымала новы вопыт, які дае магчымасць выкарыстаць перадавыя метады і формы міжнароднай адукацыі ў сваёй рабоце, якім як член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў замежнай мовы змагу навучыць калег.

Ды і кваліфікацыя настаўніка-метадыста абавязвае Маю Мефодзьеўну перадаваць свой вопыт іншым педагогам, садзейнічаць іх прафесійнаму росту.

Фота з асабістага архіва Маі ДАРОНІНАЙ.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ