Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Дом, дзе жыве любоў: у чым сакрэт дабрабыту сям'і Плотнікавых з Міёраў

Тое, што ў гэтым доме па вуліцы Піянерскай у Міёрах жыве сям'я дружная, таленавітая і працавітая, бачна па ўладкаванні сядзібы. Высока ля гарышча дома сядзіць бусел, а ўнізе тупае журавель, па галінках садовага дрэўца скача ваверка, а побач распяваюць свае песні птушкі, сярод кустоў гуляюць лясныя насельнікі… Вакол дома няма кавалачка пустуючай зямлі. Калі з яе не “лезе” грыб, то на пні сядзіць лесавічок, паўсюдна кветкі. Алея белых, бэзавых, цёмна-барвовых, аранжава-ружовых кустоў хрызантэм вядзе ад дома да гаспадарчых пабудоў. А іх сцены -- таксама аснова для роспісаў. Дрэва, метал, крышачкі ад ліманадаў – усё служыць тут матэрыялам для творчасці.

Першае ўражанне пра гаспадароў толькі акрэпла ў доме. Адразу кінуліся ў вочы распісаныя ва ўсходнім стылі дзверы пакояў, столь, шматлікія маляваныя, вышываныя, фотапартрэты дзятвы і бацькоў.

Мяне сустрэў сярэдні сын Міраславы і Дзмітрыя Плотнікавых Андрэй, запрасіў праходзіць у пакой. Ён увесь час туліўся да Міраславы, ціхенька цмокаў у шчаку, выбягаў з пакоя і ўрэшце вярнуўся з кубкам гарбаты, а пасля і з талеркай катлет, запрашаў падсілкавацца з дарогі.

-- Андрэйка ў нас гаспадар, да працы ахвочы, уважлівы, ведае, дзе і што ляжыць, -- ахарактарызавала сына Міраслава. -- 11 кастрычніка яму споўнілася 6 гадоў. Яраслаў іншы. Яму трэба ляпіць, маляваць, выразаць… Вучыцца ў 2-м класе, любіць урокі выяўленчага мастацтва і матэматыкі. Аддалі сына і ў школу мастацтваў, хай там пад кіраўніцтвам педагогаў спасцігае навуку малявання, лепкі.

За той час, што гасціла ў сям’і, Яраслаў падарыў тры мае партрэты, ружовага ката. Не пажадаў адстаць ад брата і Андрэйка. Працягнуў гноміка і сказаў: “Зрабіла мама, але падарыць хачу я”.

А мама майстрыца на ўсе рукі: шые, вяжа, вышывае, малюе, выразае, пляце… Да нараджэння малодшага Паўла працавала ў ТЦСАНе, дзе вяла розныя гурткі. Цяпер у водпуску па доглядзе за чатырохмесячным Паўлікам, які ціха ляжаў на яе руках, не выказваючы інтарэсу да таго, што адбывалася наўкол.

-- У водпуску маю больш часу для дзяцей, для заняткаў рамёствамі, -- расказала Міраслава. — Распачалі рамонт, па чарзе мяняем падлогу ў пакоях, клеім новыя шпалеры.

Мяне зацікавіла змайстраваная з кардону печ. З-за прыадчыненых дзверцаў яе вылятала полымя, намаляванае так натуральна, што хацелася адвесці руку. Аказалася, гэта дапаможны сродак па навучанні бяспечным правілам ацяплення дома. І не толькі сваіх дзяцей. Дзмітрый Плотнікаў -- інспектар прапаганды ў райаддзеле МНС. Мастацкі талент жонкі спатрэбіўся і яму на службе. Міраслава зрабіла не адну ”цацку”, з дапамогай якіх муж вядзе навучальную і папераджальную работу сярод насельніцтва.

Быў канец рабочага дня. Дзмітрый прыехаў дахаты, адразу ўзяў на рукі малодшага сына. А той нібы чакаў гэтага, прытуліўся і засапеў на плячы бацькі.

Дапаўняючы адно аднаго, Міраслава і Дзмітрый расказвалі гісторыю свайго знаёмства, сяброўства і кахання, пра тое, што будуюць кватэру, але і з бацькамі не хацелі б раз’язджацца.

-- Адносіны з цешчай не такія, як у анекдотах? – запыталася ў Дзмітрыя.

-- Для мяне яна за маці, -- адказаў ён. — Як і цесць – за бацьку. Напэўна, таму, што прынялі мяне як сына. Альберт Геронімавіч узяў на сябе абавязкі па двары, я – па хаце.

-- А мама – наша гаспадыня, -- дадала Міраслава. — На ёй кухня. Ведаеце, як смачна яна гатуе, якую здобу выпякае! Няма таго, што яна не ўмее.

Каб не дарослая дачка і тры ўнукі, прыняла б бабулю за маладзіцу. Ладная, у модных штанах у клетку, яна шпарка завіхалася сярод каструль і талерак, гатуючы вячэру на сям’ю.

Не прамінула і яе спытаць пра зяця, унукаў, гоманам якіх напоўнена хата.

-- Гэта прыемная мітусня і шум. Унукі дабаўляюць энергіі і здароўя. А добры муж у дачкі -- маці таксама шчасце.

Пакідала дом у добрым настроі, быццам наталіла душу  цялом дома, дзе жывуць узаемапавага, каханне і гасціннасць.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ