Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Рэтраспектыва: Як амерыканскі верталёт прызямліўся ў Пальчыках і як вёска на Сенненшчыне жыве сёння

Невялікая вёска Пальчыкі Сенненскага раёна знаходзіцца ўдалечыні ад шумных дарог. Але ў свой час тут адбылася падзея, якая трапіла на старонкі газет. У пачатку жніўня 1978 года ў Пальчыках прызямліўся амерыканскі верталёт. Карэспандэнт «ВВ» паспрабаваў адшукаць сведкаў той цікавай гісторыі.

ДАВЕДКА «ВВ»

З 30 ліпеня па 4 жніўня 1978-га на аэрадроме Віцебскага аэраклуба ў Кукавячыне праходзіў ІІІ чэмпіянат свету па верталётным спорце. У ім удзельнічалі 50 пілотаў, у тым ліку 19 жанчын, з СССР, Венгрыі, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША і ФРГ. Паназіраць за спаборніцтвамі збіралася да 100 тыс. чалавек. У адзін з дзён з радараў прапаў амерыканскі верталёт, якім кіравала 20-гадовая Мішэль Манзо. Аказалася, што яна зрабіла вымушаную пасадку ў Пальчыках, амаль за 30 км ад аэрадрома.

Такі амерыканскі верталёт прызямліўся ў Пальчыках у жніўні 1978 года

СТАРЭЙШЫ ЖЫХАР

На той час у вёсцы было прыкладна 46 двароў. Цяпер тут пастаянна жывуць шэсць чалавек, на лета прыязджаюць дачнікі. Адзіная вуліца так і называецца – Дачная. Старэйшы жыхар – 84-гадовы Мікалай Камароў – усё жыццё адпрацаваў механізатарам, у той дзень ён быў заняты ў полі. Пазней яму расказалі, што верталёт прызямліўся на пляцоўцы каля сянажнай ямы. Да яго падышлі людзі, пачаставалі пілота яблыкамі.

Не так даўно Мікалай Аляксандравіч страціў жонку Надзею Іванаўну, з якой выхаваў чатырох дзяцей – Уладзіміра, Васіля, Зінаіду і Таццяну. Па гаспадарцы дапамагае сацыяльны работнік. Па выхадных прыязджаюць дзеці. 

У ВЁСКУ НА ПМЖ 

Юрый Баранаў і Аксана Юргенсон пра даўнюю гісторыю нічога не ведаюць, гэта і не дзіва. Муж і жонка пераехалі ў Пальчыкі з Віцебска шэсць гадоў таму. Яны гавораць, што даўно марылі змяніць гарадское жыццё на вясковае. У свой час ездзілі на заробкі ў Маскву, рамантавалі кватэры. Сабралі грошы, купілі хату і завялі гаспадарку. Цяпер у іх пяць кароў, чатыры цялушкі, свінаматка, кныр, парасяты. Маюць 8 га зямлі пад сенажаць, выпас і агарод. Юрый – майстар на ўсе рукі: электрагазазваршчык, сантэхнік, электрык, муляр. Аксана гаворыць, што ён таксама і гатаваць умее лепш за многіх жанчын. Зараз сям’я вядзе будоўлю больш прасторнага хлява. Па выхадных прыязджаюць дачка Крысціна з зяцем Русланам і ўнучкай Веранікай. 

Новыя жыхары Пальчыкаў Юрый і Аксана з дачкой Крысцінай

Юрый і Аксана маюць кватэру ў Віцебску, і калі даводзіцца там бываць, то стараюцца хутчэй з’ехаць ад гарадской мітусні ў спакойныя Пальчыкі. Напрыканцы яны папрасілі праз газету выказаць словы падзякі дырэктару філіяла «Віцебская вопытная меліяратыўная станцыя Інстытута меліярацыі»(Сенненскі раён) Валерыю Кучко за дапамогу ў нарыхтоўцы сена. 

ЛЕТА З УНУКАМІ 

Пра амерыканскую верталётчыцу ад бацькоў чула Таццяна Заіка (у дзявоцтве Ясінская), якая на той час выехала з роднай вёскі. Яна параіла знайсці Валянціну Панкратаву, якая была непасрэднай сведкай падзеі і цяпер жыве ў Сянне. 

Таццяна Заіка разам з мужам Міхаілам праводзяць у вёсцы цэлае лета

Сама Таццяна Паўлаўна разам з мужам Міхаілам пасля выхаду на пенсію праводзіць кожнае лета ў Пальчыках. Адпачыць да бабулі з дзядулем з Віцебска прыязджаюць унукі. Старэйшыя – Карына, Назар і Соф’я – бавяць час на свежым паветры некалькі тыдняў. Дапамагаюць на агародзе, катаюцца на веласіпедах, ездзяць на возера. Меншаму Глебу яшчэ другі год. Дачнікі вырошчваюць бульбу, агуркі, памідоры, гарбузы і процьму кветак. Гаспадара мы дома не засталі. Ён быў у лесе, бо ўзяў абавязак нарыхтаваць на зіму для сябе і сем’яў двух сыноў 50 л журавін і 50 л грыбоў.

WELCOMЕ У ХАТУ 

Кантактны тэлефон Валянціны Панкратавай (пасля замужжа Сіняковай) нам дапамог знайсці старшыня Студзёнкаўскага сельсавета Алег Барытка. 

У той жнівеньскі дзень 1978 года 21-гадовы галоўны аграном калгаса «Бярозкі» Валянціна Панкратава прыехала дамоў на абед. Не паспела сесці за стол, як маці сказала, што прыляцеў верталёт, напэўна, па меліярацыі. Валянціна пабегла да меліярацыйнага канала, на беразе якога стаяў невялікі і прыгожы паветраны іншаземны апарат. З яго выйшла высокая ўсхваляваная і заплаканая дзяўчына, «нешта казала не па-нашаму». Пазней высветлілася, што ў яе сапсаваўся верталёт. Пачалі падыходзіць аднавяскоўцы. Урэшце амерыканка працягнула канверт, у ім была просьба пры неабходнасці аказваць усялякую дапамогу ўдзельніку чэмпіяната свету і нумар віцебскага тэлефона. Валянціна павяла нечаканую госцю дамоў (у іх хаце быў адзіны ў Пальчыках тэлефон, бо бацька працаваў брыгадзірам). Пакуль званілі, пачаставалі амерыканку курыным супам з вермішэллю, малаком, парэчкамі. Госця прапанавала Валянціне і яе 13-гадоваму брату Алегу не бачаную раней жуйку ў пласцінах. Праз дваццаць хвілін прыляцелі два верталёты – Віцебскага аэраклуба ДТСААФ і яшчэ адзін, амерыканскі, большы па памерах. Мішэль забралі, а праз гадзіну пілот-мужчына ўзняў у паветра яе машыну. 

Мікалай Камароў: амерыканскі верталёт сеў каля сянажнай ямы

Праз некалькі дзён да Валянціны Панкратавай прыехаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Іван Шыбека, які самастойна кіраваў «Волгай». Ён прапанаваў паўдзельнічаць у сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй, што пройдзе ў піянерскім лагеры «Арбіта». Апроч Валянціны, былі запрошаны яе бацькі Петр Паўлавіч і Ніна Сяргееўна, а таксама старшыня калгаса Уладзімір Жэміс. Перад сустрэчай прайшлі невялікі інструктаж у Сенненскім райкаме КПБ. У прыватнасці, ведаючы вясёлы нораў Уладзіміра Жэміса, яму сказалі, каб абыходзіўся без жартаў. 

У «Арбіту» з Віцебска прыбыў чырвоны аўтобус «Ікарус» з назвай «Дзвіна», які прывёз 32 чалавекі – амерыканцаў, перакладчыкаў, карэспандэнтаў. Піянеры паказалі канцэрт, быў накрыты багаты стол. З Уладзімірам Жэмісам здарыўся кур’ёз. Дзядзька Мішэль Манзо спытаў у яго: ці вялікая ваша фірма? Ён недачуў і адказаў, маючы на ўвазе ферму: «Вялікая, на 1200 галоў». Так што без смеху не абышлося. Бацька Мішэль Манзо дзякаваў Валянціне за дапамогу дачцэ. Удзельнікі сустрэчы абмяняліся адрасамі. Пазней Валянціна Панкратава некалькі разоў адпраўляла пісьмы ў ЗША, але адказу не было. 

Налета споўніцца 40 гадоў, як у Пальчыках адбылася гэта гісторыя. Валянціна Пятроўна плануе напісаць у тэлеперадачу «Жди меня», каб знайсці амерыканку і разам узгадаць падзеі жніўня 1978-га. 

Фота Сяргея КАВАЛЕЎСКАГА, з архіваў  Валянціны СIНЯКОВАЙ (ПАНКРАТАВАЙ)  і Віцебскага аэраклуба.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ