Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

У Полацку вызначаны пераможцы абласнога конкурсу «Уладар сяла»

Чаго тут толькі не было: хлеб ды караваі, дранікі, шкваркі з каўбасамі, гурочкі і яблыкі, плеценыя дываны і вырабы з дрэва, прэзентацыі ўласнай гаспадаркі, песні і танцы, вязанне снапоў і запраганне коней. Усё гэта можна было пабачыць на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла», які сабраў 14 лепшых маладых сямей з розных куткоў Віцебшчыны ў Полацку. Для большасці гараджан такі спіс – экзотыка, але для жыхароў беларускай вёскі – штодзённы побыт, да якога прызвычаіліся і маладыя сем’і, якія абралі для жыцця невялікі населены пункт.

Сям,я Рамановіч з Шаркаўшчынскага раёна запрашае на свой падворак.

Напачатку конкурсу гасцей старажытнага горада на Дзвіне чакала цікавая экскурсія па мясцовых славутасцях. Удзельнікі яе прызналіся, што хоць і жывуць недалёка, але так і не дабраліся пабачыць Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр і Сафійскі сабор, пазнаёміцца з іх гісторыяй. Тлумачылі: «Няма часу, у вёсцы заўсёды шмат працы». Здзівіла сваім размахам і новая школа №18 імя Еўфрасінні Полацкай, на базе якой адбываўся конкурс. Менавіта тут разгарнулася выстава дасягненняў творчасці і быту маладых сем’яў.

На сцэне актавай залы ўдзельнікі прадстаўлялі свае візітоўкі «Вітаем па-беларуску», у кабінеце працы гатавалі дранікі, на стадыёне вязалі і ўпрыгожвалі снапы, перабіралі бульбу, запрагалі каня.

Як адзначыў намеснік старшыні камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама Генадзь Сабыніч, праект кожны год аб’ядноўвае сем’і і праслаўляе чалавека зямлі:

– Сельскія працаўнікі з’яўляюцца гордасцю прыдзвінскага краю, яны заўсёды будуць у пашане, бо ад іх залежыць забяспечанасць рэгіёна прадуктамі харчавання. Дзякую арганізатарам конкурсу – абласному камітэту БРСМ – за папулярызацыю жыцця ў вёсцы і сямейных каштоўнасцей.

Трэці раз сярод членаў журы абласнога конкурсу – намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч. Але ў гэтым годзе, прызнаўся ён, выбраць лепшых было асабліва складана, бо ўсе ўдзельнікі вельмі высокага ўзроўню.

Сноп вяжа
Алеся Сырапятка з Глыбоччыны.

У выніку лепшую прэзентацыю ўласнай гаспадаркі і гасціннасць свайго дома прадэманстравала сям’я Аўчынка з Друі Браслаўскага раёна. Сям’я Курылёнак з аграгарадка Лявонішана Верхнядзвінскага раёна была самай творчай у візітоўцы. Сярод выстаў сямейных дасягненняў журы прызнала лепшай працу Вольгі і Александра Рамановіч з аграгарадка Радзюкі Шаркаўшчынскага раёна. Найсмачнейшыя дранікі атрымаліся ў Веры і Паўла Бондаравых з Дубровеншчыны. Лаўчэй за іншых ў пераборцы бульбы аказаліся Кудрашовы з Бешанковіцкага раёна, у запраганні каня – сям’я Лабейка з Шумілінскага, у вязанні снапа вызначыліся Цяцюевы з Сенненшчыны.
У выніку ўсёй конкурснай праграмы трэцяе месца заняла сям’я Сырапятка з Глыбоччыны, другое ў сям’і Рамановіч з Шаркаўшчынскага раёна. А на рэспубліканскім конкурсе, які мае адбыцца падчас «Дажынак» у Гарадку, нашу вобласць прадставяць пераможцы – сям’я Курылёнак з аграгарадка Лявонішана Верхнядзінскага раёна.

Эдуард і Раіса працуюць у мясцовым сельгаспрадпрыемстве «Лявонішана», выхоўваюць траіх дзяцей, даглядаюць за ўласнай гаспадаркай і сядзібай. Жывуць у «прэзідэнцкім» доме, які патанае ў кветках. І прызнаюцца, што ніводнага дня на вёсцы не сумуюць.

– Няма калі! У Лявонішана цікава жыць і працаваць, – кажуць Эдуард і Раіса.

 Дадому пераможцы адправіліся ў выдатным настроі, з яскравымі ўражаннямі і добрымі падарункамі. Удзельнікі і абласны камітэт БРСМ выказваюць шчырыя словы падзякі за гасціннасць Полацкаму райвыканкаму.

Фота Вольгі Маслоўскай


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ