Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Персона

Як беларускі інжынер стаў расійскім акцёрам. Міхаіл Барсковіч у жыцці і на экране

Нават пасля непрацяглага знаёмства з вядучым інжынерам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па эксплуатацыі збудаванняў «БелЭЗ» Упраўлення справамі Прэзідэнта Беларусі Міхаілам Барсковічам (на фота) узнікае ўражанне, што на гэтага чалавека можна абаперціся ў жыцці. Не толькі таму, што шыракаплечы, з рукамі, здатнымі да любой працы. Нешматслоўны, разважлівы, з ледзь улоўным для старонняга вока пачуццём уласнай годнасці. Расійскі кінарэжысёр Бакур Бакурадзэ, які любіць запрашаць у свае фільмы непрафесійных акцёраў, пазнаёміўшыся з Міхаілам на браслаўскіх абшарах падчас пошуку натуры для здымак стужкі «Паляўнічы», разгледзеў у ім куды больш, бо прапанаваў галоўную ролю. 

Міхаіл ніколі раней не меў стасункаў з акцёрскай творчасцю. Хіба што школьнікам дэкламаваў вершы са сцэны, хадзіў у танцавальны і драматычны гурткі, а пазней вёў дыскатэкі. Пасля службы ў арміі ажаніўся, і стала не да таго. Выпускнік Полацкага ляснога тэхнікума, ён працаваў у Дзяржінспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі, начальнікам аддзела аховы прыроднага комплексу ў Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры». Словам, ад нечаканага запрашэння зняцца ў кіно збіраўся адмовіцца. Дачка пераканала Міхаіла Уладзіміравіча рызыкнуць: маўляў, нічога не губляеш. Пасля трох паездак на пробы яго зацвердзілі іграць ролю фермера-свінавода Івана Дунаева, маўклівага сямейнага чалавека. Дзеля здымак на Пскоўшчыне браў на працы чарговы адпачынак і яшчэ месяц за ўласны кошт.

Фільм распавядае пра побыт расійскай глыбінкі, пра наканаванае звычайнаму вяскоўцу штодзённае пераадоленне манатоннага, празаічнага жыцця. Гледзячы на яго, разумееш, што па такой схеме звыкла існуюць мільёны людзей, і не толькі ў сельскай мясцовасці. «Паляўнічы» – у сэнсе працаўнік, здабытчык, які забяспечвае сям’ю, усё валачэ дахаты, а паляванне дапамагае яму адасобіцца ад бясконцых гаспадарчых клопатаў. Тое, што робіць кінагерой, для Міхаіла Барсковіча аказалася не ў навіну, скажам, паляваць, свежаваць і прадаваць парсюкоў і многае іншае. Дарэчы, з жонкай, якая працуе кантралёрам КПП у Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры», дачкой – студэнткай эканамічнага ўніверсітэта і сынам-гімназістам ён жыве ў доме, збудаваным уласнымі рукамі «з нуля». Шмат чаго ўмее гэты браслаўчанін, толькі, кажа, катастрафічна не стае часу, каб рэалізаваць свае ўмельствы.

Потым некаторыя крытыкі заўважаць, што Міхаіл Барсковіч іграў у «Паляўнічым» самога сябе. Значыць, рэжысёр не памыліўся ў выбары непрафесійнага выканаўцы. Канешне, ад уласнага жыццёвага досведу нікуды не падзецца, кажа Міхаіл, аднак усё роўна гэта было чужое жыццё – Івана Дунаева, якое яму, акцёру-аматару, выпала спасцігаць перад бязлітасным вочкам камеры.

– Я на самай справе не такі. Не люблю стаяць на месцы, у працы развіваюся да нейкай пэўнай кропкі, і, калі адчуваю, што дасягнуў яе, – мне становіцца нецікава. У адзін са складаных момантаў Бакур Бакурадзэ спытаў, ці хацеў я калі-небудзь стаць акцёрам. У дзяцінстве хто ж не марыў, кажу. Дык вось уяві, працягвае, што твая мара збылася, давай шукаць патрэбныя для эпізодаў адчуванні ў перажытым табой. Не дазваляў мне выходзіць з ролі нават пасля заканчэння здымачнага дня, каб я не згубіў неабходны настрой, – згадвае складанасці творчага працэсу Міхаіл Барсковіч.

Яго герой гаворыць мала. Міхаіл Барсковіч умее маўчаць у кадры, тое, што адбываецца ў душы, адлюстроўваюць вочы. Міжволі згадваеш ролі з кінарэпертуару Жана Габэна ці Вячаслава Ціханава. Фільм «Паляўнічы» заканчваецца тым, што Іванава каханка Люба з’язджае, а ён за­стаецца з сям’ёй, пры нязменных клопатах свінагадоўчага канвеера. Разумее, што дачку таксама згубіў для сябе, турбуючыся пра сына, у якога ад нараджэння высахлая ручка. Іван, бацькоўскую душу якога вярэдзіць пытанне хлопчыка, як таму, аднарукаму, жыць, прымервае сітуацыю на сябе: спрабуе адной рукой зарадзіць ружжо, стрэліць, прыпаліць цыгарэту…

Першыя некалькі месяцаў пасля кіназдымак было цяжкавата вяртацца да звыклых спраў, бо Міхаіл настолькі ўвайшоў у ролю, што спрацоўвала яе эмацыянальная інерцыя.

– Я і не падазраваў, як яно цяжка – сыграць іншага чалавека, а пасля гэтага застацца самім сабой. Увогуле кіно змяніла маё жыццё, – прызнаецца Міхаіл Уладзіміравіч.

У 2011 годзе фільм, які крытыка аднесла да ўзораў канцэптуальнага кіно, гэта значыць, «не для ўсіх», атрымаў шэраг прызоў на прэстыжных расійскіх кінафестывалях. Больш таго, «Паляў­нічага» паказалі і на Канскім, у межах праграмы «Асаблівы позірк». Гэта высокі гонар для рэжысёра і ўсёй здымачнай групы. Падчас адкрыцця славутага кінафоруму браслаўчанін Міхаіл Барсковіч шпацыраваў сярод яе прадстаўнікоў па вядомым на ўвесь свет зорным чырвоным дыване. Была і традыцыйная фотасесія пад «абстрэлам» шматлікіх пытанняў. Гэтая стужка дэманстравалася таксама ў цыкле «Закрыты паказ» на Першым канале расійскага тэлебачання, дзе ўдзельнічаў і Міхаіл. Прагляду папярэднічала абмеркаванне з удзелам аўтарытэтных кіназнаўцаў. На Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад-2011» «Паляўнічы» быў прызнаны лепшым фільмам. Гран-пры «Золата «Лістапада» ўручылі Міхаілу, які прадстаўляў там здымачную групу.

Пасля таго рэжысёр кінастудыі «Беларусьфільм» Віктар Аслюк (аўтар звыш за 40 дакументальных фільмаў, уладальнік 25 прэстыжных кінапрэмій) запрасіў яго на галоўную ролю ў кароткаметражны мастацкі фільм пад назвай «Рускі» (мянушка героя) паводле аднайменнага апавядання беларускага класіка Максіма Гарэцкага. Двойчы давялося ездзіць на пробы, Міхаіл якраз тады працаваў у Мінску. Стужку, прымеркаваную да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, летась знялі на мелавых кар’­ерах у Ваўкавыскім раёне, берагі якіх увасаблялі Карпаты.

Дзея адбываецца на расій­ска-аўстра-венгерскім фронце. Галоўныя героі – беларус і галічанін, воляй лёсу закінутыя па розныя бакі акопаў, бо прызваныя з тэрыторый розных імперый. Калі ў «Паляўнічым» герой Міхаіла Барсковіча – чалавек моцны, непадуладны эмоцыям, стрыжань, які не зламае ніякая жыццёвая руціна, то тут – наадварот.

– Сцэна забойства «аўстрыяка», ролю якога выканаў вядучы беларускай тэле-«Калыханкі» Аляксандр Ждановіч, аказалася для мяне страшнай, вельмі перажываў пры гэтым. Цяжка даўся і эпізод вяртання на тое месца, пахавання забітага. Дапамагла, калі можна так сказаць, згадка пра моцны душэўны боль, які давялося перанесці, калі сем гадоў назад памёр мой малодшы брат. Дамовіліся з рэжысёрам зняць два дублі гэтага эпізоду. Здаецца, у стужку ўвайшоў прапанаваны мной, – працягвае расповед Міхаіл.

Паказ адбыўся ў межах Дзён беларускай культуры ў Беластоку (Польшча). Падчас нашай сустрэчы Міхаіл Уладзіміравіч патэлефанаваў Віктару Аслюку, і той паведаміў, што нядаўна фільм дэманстраваўся на XX Міжнародным кінафестывалі ў грэчаскім горадзе Драма.

Вось такі неардынарны чалавек жыве і працуе ў Браславе.

- Раз-пораз сазвоньваемся з Бакурам Бакурадзэ, які збіраецца на Браслаўшчыну трэці год. І Віктар Аслюк абяцае пры выпадку абавязкова зазірнуць. Яго калега і жонка Вольга Дашук сказала, што хоча зняць пра мяне дакументальны фільм. Прыязджайце, кажу, калі што, вырашым гэтае пытанне. А як раптам з’явяцца цікавыя прапановы наконт здымак у мастацкім кіно – падумаю,– з уласцівай для яго сур’ёзнасцю заключыў Міхаіл Барсковіч.

Фота Дзмітрыя Осіпава


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ