Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Персона

Ларыса Мартынава: актрыса, якая верыць у цуды

Тэатр «Лялька» – гэта не толькі крыніца дзіцячага святла, але і востраў цудаў для людзей рознага ўзросту. Ларыса Мартынава – актрыса тэатра, на спектаклях якой пабывала не адно пакаленне малых. Лялькі для яе — жывыя істоты, з дапамогай якіх яна даносіць да гледача ідэі дабрыні і справядлівасці. Да таго ж Ларыса – кіраўнік нядзельнай школы пры адным з праваслаўных віцебскіх храмаў. На парозе юбілею актрыса рассказала пра сваё жыццё сярод лялек і цудаў.


Як даўно вы працуеце ў тэатры?


– Ужо дваццаць пяты год. Ва ўніверсітэт паступіла не адразу, пасля школы пайшла працаваць на завод. Там захаплялася сама­дзейнасцю. У выніку мяне адправілі вучыцца. Я паступіла ў Інстытут культуры на тэатральную рэжысуру. Увогуле на гэты від мастацтва захварэла ў трэцім класе, калі пабачыла Марыінскі тэатр у Санкт-Пецербурзе. Кулісы, асаблівая атмасфера… Адразу адчула: гэта маё. Калі вучылася на чацвёртым курсе інстытута, даведалася, што ў Віцебску арганізоўваецца лялечная трупа, і вырашыла паспрабаць свае сілы. Мяне ўзялі! Так я сюды і патрапіла.

А вы не адчуваеце расчаравання? Можа быць, ваш шлях – гэта ўсё ж такі драма?

– Не. Хаця спачатку і былі сумненні. А пасля я пабачыла сінтэз: танцы, дзеянне і лялькі… Таму лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо маё месца тут. Гэта нешта незвычайнае, калі ў цябе ў руках лялька і яна выражае твае думкі і пачуцці.

Вы двойчы атрымалі ўзнагароду за ролі хлопчыкаў у спектаклях «Хлопчык-зорка» і «Чорная курыца»...

– Так, спектакль «Хлопчык-зорка» вельмі глыбокі, нават выхаваўчы. І мастак быў цудоўны, і рэжысёру нават прыснілася адна са сцэн, і сама казка Оскара Уайльда, на аснове якой пастаноўка, – усё спалучылася ў адно цудоўнае цэлае. Мне далі «Крыштальную кветку» за ролю хлопчыка ў гэтым спектаклі ў 1998 годзе. А ў 2004-м мы павезлі пастаноўку у польскую Катавіцу, дзе я стала лаўрэатам. За Алёшу з «Чорнай курыцы» атрымала ўзнагароду ва Ужгарадзе. Не магу сказаць, што хлопчыкаў мне падабаецца іграць больш (смяецца). Проста так склалася.

Ці было ў вас калі-небудзь адчуванне, што роля не ваша?

– Канешне, было. Даводзілася прымушаць сябе працаваць. Калі ў казцы дзеянні адбываюцца ў пэўнай эпосе, то пачынаеш даведвацца пра гэты час. А потым «ужываешся» з лялькай. Яна можа хадзіць, сядзець, заплюшчваць вочы. Гэта сапраўды складана – навучыцца па-майстэрску ёю кіраваць. Калі лялька не падабаецца, то пачынаеш шукаць, як казаў Станіслаўскі, манок, каб цябе штосьці зачапіла. Часам, бывае, хутка здаваць спектакль, а да ролі ставішся суха. А потым пачынаюцца прагоны... І раптам усё атрымліваецца!

Цяжка іграць адмоўных персанажаў?

– Пэўна асадак у душы ёсць. Напрыклад, калісьці я іграла вядзьмарку. Але сама лялька была такая жывая і цікавая! Адмоўны герой жа таксама мусіць быць, інакш як распазнаць добрае і дрэннае?

А ці ёсць у вас роля-мара?

– Калісьці мне хацелася сыграць Герду са «Снежнай каралевы», але гэты спектакль мы не ставілі. А ўвогуле мне цікава ўсё, дзе можна камунікаваць з гледачамі, дзе я адчуваю настрой залы. Мне даспадобы і сур’ёзныя працы, і ў той жа час хочацца скакаць вакол ёлачкі з дзецьмі.

Заўжды было цікава, ці хвалюецца акцёр падчас выступу? Альбо з цягам часу гэта праходзіць?

– У кожнага акцёра перад прэм’ерай ёсць хваляванне, бо ты не ведаеш, якія гледачы і на што рэагуюць. А на наступных спектаклях адчуваеш сябе больш спакойна. Але, натуральна, хвалюешся ўсё роўна, напрыклад, калі ў пастаноўцы складаная лялька-марыянетка. Нітачка можа зача­піцца, і ўсё пойдзе не так, як трэба.

Ці можаце сказаць, што тэатр для вас – гэта жыццё?

– Я думаю, што так. Тут трымае толькі адданасць тэатру, велізарная любоў да яго. Нельга падвесці калектыў, таму выходзіш на сцэне ў любым выпадку, нават калі хварэеш.

Вы яшчэ з’яўляецеся кіраўніком ня­дзельнай школы пры Георгіеўскім храме…

– Так, ужо пяты год. Пачалося ўсё з таго, што мяне папрасілі дапамагчы зрабіць лялечную пастаноўку ў школе, я пагадзілася. Так мы сталі ставіць спектакль за спектаклем. Пастаноўкі паказвалі ў бальніцах і інтэрнатах. І гэта кранала людзей. Хутка месца кіраўніка нядзельнай школы засталося вакантным. Сабраліся бацькі дзетак і сказалі: «Нам патрэбна Ларыса». Шчыра кажучы, я доўга вагалася, бо працаваць трэба ў суботу і нядзелю, прычым бясплатна. Але ў выніку ўсё ж такі пагадзілася і ні кроплі не шкадую пра свой выбар.

Як жа вы ўсё паспяваеце?

– Нават не ведаю. З Божай пад­трымкай. Вера дапамагае па жыцці, я магу прыводзіць прыклады гэтага бясконца. Вось прыходзьце, пазнаёмцеся з нашымі мнагадзетнымі сем’ямі, і вы зразумееце, што мы часам праходзім міма цудаў і не заўважаем іх. А вакол нас іх так шмат!

Вікторыя Чаплева, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ