18.10.2017

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search
Search - K2

Персона

Невідушчы жыхар Віцебска атрымаў вышэйшую адукацыю і знайшоў сваё месца ў жыцці



Здольны спявак і гукааператар, магістр псіхалогіі і камп’ютарны дока – гэта ўсё можна сказаць пра супрацоўніка аддзела рэабілітацыі ўнітарнага прадпрыемства “Элект” ГА “БелТІЗ” Дзмітрыя Шлому. Асаблівую ўнікальнасць факту надае тое, што ён ад нараджэння невідушчы.

Насуперак злому року

Ад самага пачатку жыцця лёс наканаваў Дзмітрыю цяжкія выпрабаванні. З-за праблемаў пры родах дзіця адразу ж змясцілі ў кіслародную камеру, а маці паведамілі, што шанцы на выратаванне мізэрныя. Аднак насуперак усяму хлопчык выжыў, але зрок не ўдалося ўратаваць. Не дапамаглі і паездкі ў Маскву з бацькамі да светачаў афтальмалогіі.

Сёння малады чалавек удзячны сваякам за тое, што, нягледзечы на фізічныя недасканаласці, выхоўвалі яго “адэкватна”, не ствараючы цяплічных умоў: “Рос як звычайны чалавек”. Напрыклад, калі за нешта каралі старэйшага брата, дык “за кампанію” даставалася і Дзіму. Ды і наогул стараліся не вадзіць за ручку.

Сам адаптаваўся гуляць дома і на вуліцы арыентаваўся, а жылі тады ў прыватным сектары. Быў даволі хутканогім дзіцём, жыццё крынічыла. Нягледзячы на адсутнасць зроку, без усялякіх прыладаў бегаў па двары, зразумела, не абыходзілася і без сінякоў. Але сур’ёзных траўм, дзякаваць Богу, не было.

Праз церні – да ведаў!

Дзіцячы садок хлопчык не наведваў (усе неабходныя веды атрымліваў у сям’і) і калі ў 8 гадоў пайшоў у школу, гэта быў, канешне, стрэс. На той час паняцця “інтэграванае навучанне” не было, а людзі з адхіленнямі ў фізічным развіцці вучыліся ў спецыялізаваных установах.

Дзмітрый лічыць, што ўсё ж-такі павінна быць сумеснае знаходжанне дзяцей з інваліднасцю са здаровымі равеснікамі. У такім выпадку з маленства фармаваліся б станоўчыя адносіны паміж імі.

Яго ж тады аддалі ў Шклоўскую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем зроку. Там і вучыўся, і жыў на працягу 11 гадоў. Натуральна, нават не для зусім “хатняга” хлопчыка першапачаткова быў шок сюды трапіць. Да таго ж дзеці былі розныя, у тым ліку з сацыяльна недабрабытных сем’яў. Але прызвычаіўся. Малады чалавек дагэтуль удзячны выхавацелям і настаўнікам, якія далі вельмі якасную адукацыю.

Шмат у чым дзякуючы ім здарыўся цуд: мабыць, упершыню ў гісторыі гэтай установы чалавек, пазбаўлены зроку, паступіў у ВДУ імя П. Машэрава на факультэт “Сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі”. Сколькі цяжкасцей давялося пераадолець, каб атрымаць дазвол на праходжанне цэнтралізаванага тэсціравання ажно з Міністэрства адукацыі!

Да таго Дзіма год прцаваў зборшчыкам электраабсталявання на “Элекце” і адначасова з дапамогай маці мэтанакіравана рыхтаваўся да паступлення. У выніку ўсе тры іспыты (беларускую мову, гісторыю і біялогію), на кожным з якіх юнака экзаменавала камісія ў складзе дзвух выкладчыкаў і прадстаўніка Камітэта дзяржкантролю, былі здадзены дастойна і мкненне да ведаў рэалізавалася.

Падчас навучання ў камунікабельнага маладога чалавека ні з студэнтамі, ні з педагогамі праблем не было. Хаця некаторыя выкладчыкі, шкадуючы яго, прапаноўвалі “аўтаматам” паставіць залік ці станоўчую адзнаку за экзамен, але той ад такіх сумнеўных ільгот, калі яны былі незаслужаныя, адмаўляўся.

Як вучыўся? Сканіраваў старонкі падручніка і праз агучаную камп’ютарную праграму “чытаў” тэкст. Усё рабіў сам, стараючыся нікога з памочнікаў “не напружваць. Да таго ж вёў актыўную грамадскую дзейнасць як на факультэце, так і ва ўніверсітэце, які паспяхова скончыў.

Майстар ва ўсім

“З цягам часу разумееш, што калі Бог адно забірае, дык гэта кампенсуецца іншым”, – па-філасофску заўважае Дзмітрый. Сёння ён з’яўляецца кіраўніком гуртка “Школа адаптыўных тэхналогій” на прадпрыемстве “Элект”, дзе вучыць іншых не баяцца зменлівага свету. Спецыяліст-прафесіянал можа з лёгкасцю самастойна ўсталёўваць аперацыйныя сістэмы на камп’ютары, якія, між іншым, разабраць і сабраць для яго не праблема. Прызнае, што толькі паяць далікатныя мікрасхемы альбо платы не здолее.

Дзмітрый лічыць, што невідушчыя павінны і самі пра сябе заяўляць, чым і займаецца сумесна з кіраўніцтвам абласнога БелТІЗа на чале з Канстанцінам Ламчаноўскім і аддзелам рэабілітацыі свайго прадпрыемства. Арганізуюцца сустрэчы ў медыцынскіх установах, у студэнцкіх асяродках, каб распавесці пра свае праблемы і дасягненні. А яшчэ за межамі не толькі вобласці, але і краіны вядомы народны мужчынскі вакальны калектыў “Хорус”, дзе на ўзроўні гучыць і барытон Дзмітрыя Шломы.

У ладзе ды ў грамадзе

Колькі гадоў таму Дзмітрый праводзіў даследаванне, пры якім “для чысціні эксперыменту” яго відушчыя знаёмыя апытвалі дзяўчат з пытаннем “Ці змаглі бы вы выйсці замуж за сляпога чалавека?” Вынікі, шчыра кажучы, не суцешылі: 90% адказалі “не”. Сярод галоўных прычын называліся праблемы з працаўладкаваннем будучага сужонка, а таксама “неадэкватныя паводзіны” і “невысокі ўзровень інтэлекта”. Гэта ж наколькі яшчэ пануюць у кагосьці негатыўныя стэрэатыпы!

Аднак Дзмітрый на сваім прыкладзе даказвае, што чалавек з інваліднасцю можа мець паўнавартаснае асабістае жыццё. Зараз ён плануе працягнуць працу над дысертацыяй на тэму “Узаемаадносіны з супрацьлеглым полам у падлеткаў з глыбокім парушэннем зроку як фактар сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі”. Вось ужо колькі гадоў сустракаецца з дзяўчынай-інжынерам з аднаго віцебскага праектнага інстытута, з якой неўзабаве збіраецца ўзаконіць адносіны, пабраўшыся  шлюбам. Хай жа ім шчасціць!

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.

e-max.it: your social media marketing partner




Популярные новости

 

Последние комментарии

Любое использование материалов нашего сайта в сети Интернет допустимо при условии указания имени автора и обязательно размещения гипертекстовой ссылки на источник.
Оставляя свой комментарий, Вы автоматически соглашаетесь со следующими правилами: на сайте производится модерация, администрация оставляет за собой право удалять либо редактировать комментарии. При копировании или другом использовании материалов данного сайта ссылка http://vitvesti.by/ обязательна.

Подписка на новости

Подпишитесь и будете в курсе выхода новых новостей на нашем сайте