Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Персона

Сляпая жанчына з Міёршчыны пляце з бісеру кветкі, піша вершы і ледзь не трапіла ў праграму Андрэя Малахава

Афіцыйнай падставай  візіту да Сафіі Гуз разам са старшынёй Узмёнскага сельскага Савета дэпутатаў (Міёрскі раён) Таццянай Смулько стаў зборнік вершаў, кантрольныя экземпляры якога ўжо пабачылі свет. Але ўвогуле хацелася бліжэй пазнаёміцца з чалавекам, які, страціўшы зрок, не адчаіўся, знайшоў у сабе сілы жыць амаль што нармальным жыццём, гадаваць двух сыноў, пісаць вершы, займацца рамяством…

У яе хаце кінуліся ў вочы шматлікія пакаёвыя кветкі, якім было цесна на падаконніках, і яны акупавалі значную прастору на падлозе, скрыначкі з бісерам на стале ды з дзясятак галінак-загатовак для будучага, трэба меркаваць, букета. Таццяна Смулько патлумачыла, што Сафія – аматарка кветак, клумбы ля яе дома радуюць палітрай колераў з ранняй вясны да позняй восені. Падвор’е не раз прызнавалася пераможцам вясковага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні сядзіб. Прычым Сафія сама высаджвае кветкі, праполвае агародчык.

Неўзабаве ў пакой зайшла гаспадыня. Лоўка прайшла да канапы, прысела, правяла рукамі па стале.

– Ці парадак у доме? — спытала. – Хлопцы пабеглі ў школу, а я яшчэ за ўборку не бралася.

Што было адказаць на гэта прыгожай, усмешлівай жанчыне? Пацікавіцца, як падмятае і мые падлогу ў поўнай цемры, гатуе ежу, цепліць качагарку?..

Нібы пачуўшы гэтыя маўклівыя пытанні, Сафія Гуз коратка кінула:

-- Спраўляюся. Здараецца, пальцы спалю, калі пераварочваю дранікі, ці спатыкнуся, ідучы ў качагарку. Але хіба гэта бяда? Прывыкла.

І расказала, што зрок пачала губляць яшчэ навучэнкай прафтэхвучылішча, дзе вучылася на швачку. Ужо з аслабленым зрокам сустрэла суджанага, выйшла замуж. А далей — чорная ноч. Дзякуй Богу, Дзмітрый аказаўся надзейным чалавекам. Не пачаў піць ці гуляць, не кінуў, а быў і застаецца ёй надзейнай апорай. Сафія нарадзіла двух сыноў. Максім вучыцца цяпер у 7-м, а Арцём – у 4-м класе.

– Зорак з неба не хапаюць, – сказала пра сыноў маці. — Але для мяне больш важна, што растуць спагадлівымі, самастойнымі. Шкада іншага – сваіх дзяцей бачу толькі ў снах...

З чорнымі думкамі, дрэнным настроем спраўляецца па-свойму.

– Я плачу толькі ў клініцы, куды еду з надзеяй, але ў чарговы раз чую, што зруху няма і пакуль медыцына не можа мне дапамагчы. А потым збіраю волю ў кулак. Ведаю, ёсць людзі, якім значна горш за мяне, але яны не скардзяцца на лёс. Грэшна гэта рабіць і мне. Шукаю, чым магу яшчэ быць карыснай сям’і, дзе прыкласці сілы.

Так нечакана прыйшло да яе жаданне заняцца бісерапляценнем. Суседка-настаўніца расказала аднойчы, чым займала дзяцей у лагеры адпачынку. Маўляў, купіла некалькі пакецікаў бісеру і заахвоціла дзяцей да творчасці на цэлы дзень. Сафія папрасіла купіць рознакаляровых бусінак, кожны пакецік высыпала ў асобную скрыначку, з дапамогай дзяцей пазначыла, дзе ляжыць які колер.

– З чырвоным бісерам – ватка, з жоўтым – фанцік, з зялёным – каўпачок ад ручкі… Адразу многа не трэба, пераблытаю.

Як і што выглядае ў прыродзе, Сафія Гуз памятала. Але заўсёды хочацца новых уражанняў. Таму раз ад разу перабірае ў пальцах лісточкі, кветкі, а потым стараецца паўтарыць іх са штучнага матэрыялу. Кажа, асвоілася на дзіва хутка. Яе работы ўдзельнічалі ў розных выставах, атрымлівалі ўзнагароды.

– А потым пачала складаць вершы. Запісаць іх сама не магу, стараюся ўтрымаць у галаве, а раніцай тэлефаную знаёмым з Міёрскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ці сяброўцы з Узмён і прашу занатаваць. Так і сабралася нізка паэтычных радкоў для невялікага зборніка.

Пакуль былі ў Сафіі Гуз, яе тэлефон не змаўкаў. Званілі суседкі, сяброўкі. З адной Сафія дамовілася схадзіць на пошту, аплаціць камунальныя паслугі, другой параіла, што пакласці ў боршч, каб ён атрымаўся па-сапраўднаму ўкраінскім. Паабяцала мужу падкінуць у печ паліва… Яшчэ ў гэты дзень планавала сабраць з бісеру некалькі пялёсткаў будучай ружы.

– Зімой гэта мой асноўны занятак,-- патлумачыла Сафія Гуз.—Летам весялей. У нас ля дома вялікі сад, ужо больш за 40 дрэўцаў. Летам з сынамі хаджу на рыбалку і часам налаўлю карасёў больш за іх. У цёплую пару года запрашаюць і на спаборніцтвы, удзельнічаю ў рэспубліканскай спартакіядзе. У суправаджэнні бегла летась 60 м і заняла першае месца. Сёлета таксама брала ўдзел: была другой на сваёй дыстанцыі і першай у адцісканні.

Нейкім чынам пра такую актыўную невідушчую жанчыну з Міёршчыны даведаліся ў праграме Андрэя Малахава. Дзве гадзіны яго асістэнтка распытвала Сафію пра жыццё, хацела пачуць пра яе незвычайныя здольнасці. Але Сафія не стала крывіць душой і адказала, што такіх не мае. Маскоўскія тэлевізійшчыкі пыталіся таксама і пра яе мары.

А яны ў Сафіі Гуз не завоблачныя. Хацела б купіць сабаку-павадыра, ды сям’я не мае такіх грошай. Хацела б пагладзіць дэльфіна, апусціць рукі ў цёплае мора…

Мары. Магчыма, у гэтыя святочныя дні хтосьці дапаможа ажыццявіць хоць адну з іх. Бо сама Сафія вельмі чуллівая да людзей. Хоць раз на месяц, але патэлефануе па нумары, дзе збіраюць грошы на лячэнне дзяцей. Цеплыню яе душы адчуваюць усе, каго зводзіць з ёй лёс. Пэўна, таму ў іх хаце заўсёды ёсць госці.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ