Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Ретроспектива

Як Дзень горада адзначалi ў Віцебску ў 1980 годзе

У 1980 годзе Дзень горада праходзіў у Віцебску пад знакам Алімпійскіх гульняў і абласнога свята самадзейных артыстаў.

Напрыканцы 1970-х і ў пачатку 1980-х Дзень горада адзначаўся ў Віцебску ў апошнія выхадныя мая ці першыя – чэрвеня.
Галоўным месцам урачыстасцей было вусце Віцьбы, куды на ладдзі прыплывала легендарная заснавальніца горада княгіня Вольга. Гледачы размяшчаліся на Замкавай і Успенскай гарах, Кіраўскім мосце і процілеглым беразе Дзвіны, дзе на пагорку з дошак збіваліся часовыя трыбуны. Вечарам, у заключнай частцы свята, сярод ракі палілі чучала, якое гараджане называлі «гітлерам». Гэты момант быў адным з самых чаканых у дарослых і дзяцей.

31 мая і 1 чэрвеня 1980 года Дзень горада шматлюдна праходзіў на некалькіх пляцоўках. Абласная газета «Віцебскі рабочы» паведамляла (арфаграфія і стыль захаваны): «Свята самадзейных артыстаў вобласці і святкаванне 1006-й гадавіны Віцебска атрымалі, можна сказаць, асаблівы настрой і каларыт, якія былі народжаныя перш за ўсё выдатнымі працоўнымі дасягненнямі працаўнікоў горада і сяла ў завяршальным годзе дзесятай пяцігодкі і, канечна, маючымі адбыцца Алімпійскімі гульнямі ў Маскве».

У суботу раніцай адбылося ўрачыстае шэсце музыкантаў, спевакоў і танцораў па вул. Леніна. Сотні калектываў мастацкай самадзейнасці з усіх раёнаў і гарадоў Віцебшчыны прайшлі па галоўнай вуліцы горада. «Такой шырокай і маляўнічай людской ракі старажытны Віцебск яшчэ не бачыў за сваю шматвякавую гісторыю, – адзначалі рэпарцёры. – Ад удзельнікаў свята і працоўных горада былі ўскладзены кветкі да помнікаў У. І. Леніну і да манумента Вызваліцелям на плошчы Перамогі».

Тым часам на пл. Свабоды працавала выстава прамысловай прадукцыі. А на вул. Замкавай пачынаўся карнавал, адзін з яго фрагментаў мы бачым на старым здымку.

Ехалі мядзведзі…

У карнавале ўдзельнічалі дзясяткі рознакаліберных транспартных сродкаў, якія былі крэатыўна аформлены прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі горада. Яны рухаліся з Кіраўскага моста, абапал вуліцы стаялі людзі і з цікавасцю глядзелі на аўтамабілі, у кузавах якіх былі прадстаўлены казачныя героі і разыгрываліся розныя тэматычныя сюжэты.

Матацыкл, што вязе ў калясцы сімвал Алімпіяды, магчыма, належаў арганізацыі па рэалізацыі латарэй, бо на баку абшыўкі (1) нанесены надпіс «Призы, подарки, сувениры».

На заднім плане фатаграфіі адлюстраваны будынак тэатра імя Якуба Коласа, прыкрыты дрэвамі, з якіх захаваўся толькі магутны дуб (2). За плотам (3) знаходзіліся археалагічныя раскопкі, распачатыя ў 1977-м вядомым беларускім навукоўцам Міхасём Ткачовым.

У 2012 годзе ў інтэрв’ю абласной газеце «Народнае слова» ўдзельнік экспедыцыі Леанід Калядзінскі згадваў, што плошча раскопак перавышала 600 кв. м. Былі знойдзены выдатна захаваныя драўляныя збудаванні ХІІ – ХVІ стст., тысячы прадметаў быту, упрыгожванні, зброя, кераміка. Гэта дало падставу археолагам звярнуцца да ўлад з ініцыятывай стварэння музея.

Урад БССР падтрымаў навукоўцаў і 11 сакавіка 1980 года выдаў пастанову «Аб стварэнні ў Віцебску археалагічнага музея». У канцы 1982-га з’явіўся электрыфікаваны павільён «Старажытны Віцебск ХІІ – ХІV ст.» як філіял краязнаўчага музея. Але на гэтым справа і спынілася – раскопкі пакрысе заплывалі вадой. У жніўні 1989 года Міністэрства культуры БССР выдала мясцовым уладам дазвол на разборку павеці і засыпку старажытных збудаваняў.

О, спорт!

У 1980 годзе на Дзень горада княгіня Вольга традыцыйна прыплыла на ладдзі. Але ў адрозненні ад мінулых гадоў тады яе сустракалі пераважна спарт-смены на чале з майстрам спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы Генадзем Рабаконем.

У вусці Віцьбы сваё майстэрства дэманстравалі верталётчыкі, гімнасты, водналыжнікі, весляры, барцы, фехтавальшчыкі. «Віцебскі рабочы» паведамляў, што «нават сам гаспадар Алімпіяды – касалапы медзведзяня весела куляўся па імправізаванай эстрадзе».

Дарэчы, ролю «гаспадара Алімпіяды» выконваў чатырохногі артыст Маскоўскага перасовачнага цырка. У тыя гады шапіто прыбывала ў Віцебск у маі і размяшчалася на пляцоўцы каля былога магазіна «Электрон» на рагу праспектаў Чарняхоўскага і Будаўнікоў – зараз тут стаіць шматпавярховы жылы дом.

Спартыўнае свята, прысвечанае Алімпіядзе, прадоўжылася на стадыёне «Дынама» (цяпер ЦСК). На поле выйшлі калоны фізкультурнікаў і спартсменаў. Па бегавых дарожках лёгкаатлеты пранеслі сімвалічны «Алімпійскі агонь», запалены на пл. Перамогі ад Вечнага агню. Сярод бегуноў былі чэмпіён свету сярод юніёраў па кросе Сяргей Мішын, члены зборнай БССР па лёгкай атлетыцы Наталля Украінская і Алена Радзішэўская. Моцны вецер і дождж не сталі перашкодай для парашутыстаў, якія са сцягамі і вымпеламі прызямляліся дакладна ў цэнтры стадыёна. Гледачы ўбачылі майстэрства акрабатаў СДЮСШ №2, у тым ліку чэмпіёнаў СССР сярод юнакоў Андрэя Амельчука і Сяргея Гайдэнку. Віцебскія батутысты прадэманстравалі, што іх школа з’яўляецца вядучай у СССР.

Танцы ў парку

Адкрыццё абласнога свята самадзейных артыстаў, да якога рыхтаваліся амаль тры гады, адбылося 1 чэрвеня ў парку імя Савецкай Арміі (Мазурына). У ім удзельнічалі каля 5 тыс. чалавек. «Віцебскі рабочы» пісаў: «Велічна прагучалі песні аб Радзіме, У. І. Леніне, Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

Асаблівым упрыгожваннем канцэрта стала выступленне зводных хораў: беларускай песні, рускай народнай песні, акадэмічнага хору, зводнага духавога аркестра і танцавальных калектываў.

Вялікі поспех спадарожнічаў спевакам і музыкантам народных калектываў, Віцебскага і Наваполацкага музычных вучылішчаў, народнага ансамбля танца «Лявоніха» Віцебскага ГДК, народнага ансамбля танца «Дзвінскія зоры» Палаца культуры нафтавікоў горада Наваполацка, танцавальнаму калектыву Палаца культуры будаўнічага трэста №9 і многім іншым. Апафеозам стаў фінал – «Марш брыгад камуністычнай працы», у якім удзельнічалі ўсе артысты».

Нашы ў Маскве 

Ва ўрачыстым адкрыцці Алімпіяды ў Маскве 19 ліпеня 1980 года браў удзел ансамбль «Лявоніха». Напярэдадні мастацкі кіраўнік калектыву
Леанід Барадулька паведаміў карэспандэнту «Віцебскага рабочага»: «Рэпеціруем іскрысты беларускі танец «Крутуха», які з’яўляецца часцінкай велічнай музычна-танцавальнай сюіты «Дружба народаў», што адкрые святочны канцэрт. Праграма сюіты разлічана на паўгадзіны, а наш танец зойме 3 мінуты».

На рэпетыцыі «Лявоніха» выехала ў Маскву 21 чэрвеня 1980 года, амаль за месяц да пачатку форума. На дапамогу маскоўскім калегам адправіліся звыш 20 сувязістаў.

Больш за 60 кулінараў Віцебшчыны працавалі ў сталічнай сталовай самаабслугоўвання, што адначасова магла прыняць 400 чалавек. Папярэдні адбор праводзілі ў рэстаране абласнога цэнтра «Франкфурт-на-Одэры» (зараз «Вікторыя»), а затым два тыдні асвойвалі звыш 180 страў алімпійскага меню на базе Маскоўскага тэхнікума грамадскага харчавання.

Спорт Віцебшчыны прадстаўлялі барэц Ігар Каныгін, баскетбалістка Таццяна Івінская (Белашапка), гімнастка Таццяна Аржаннікава, лёгкаатлет Уладзімір Котаў. Ігар Каныгін стаў сярэбраным прызёрам, а Таццяна Івінская – алімпійскай чэмпіёнкай у складзе зборнай СССР.

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ