Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Ретроспектива

Як выглядаў Віцебск амаль паўстагоддзя таму? Фотапозірк у мінулае

У 1970 годзе вядомы віцебскі фатограф Міхаіл Шмерлінг атрымаў заказ ад выдавецтва «Беларусь» на здымкі Віцебска для выпуску прысвечанага гораду альбома. Маючы на руках дакумент з просьбай да ўсіх устаноў аб садзейнічанні, Міхаіл прыступіў да працы.

Не адразу ўдалося трапіць на самую высокую кропку тагачаснага Віцебска – вежу ратушы, якую тады большасць называла каланчой, бо ў царскія часы на працягу амаль паўтара стагоддзя яна выкарыстоўвалася пажарнымі ў якасці назіральнай пляцоўкі. Дырэктар абласнога краязнаўчага музея сказаў, што трэба чакаць майстра, які перыядычна прыходзіў заводзіць гадзіннік. Дарэчы, час нашы куранты адбівалі ў суправаджэнні мелодыі «Песні пра Віцебск», напісанай Барысам Насоўскім і Давідам Сімановічам. На жаль, абодва аўтары летась памерлі.

Майстар прыйшоў восеньскім пахмурным днём, і фатограф трапіў на вежу ратушы.

Пачнём з дробных аб’ектаў, якія размешчаны на пярэднім плане здымка. Побач з шасцю адзінкамі аўтатэхнікі рознага прызначэння стаіць газетны кіёск (1), які абаграваўся «буржуйкай», тры лаўкі вакол яго дазвалялі жадаючым адразу спакойна пачытаць свежую прэсу. Далей – чатыры тэлефонныя будкі (2) і латок (3), з якога гандлявалі піражкамі. У скверы, дзе зараз стаіць помнік князю Альгерду, знаходзілася скульптура (4): маці трымае на плячы дзіця, якое выпускае голуба. На супрацьлеглым баку вуліцы яшчэ дзве гандлёвыя кропкі (5), апроч тых жа піражкоў з розным начыннем, у іх таксама можна было набыць пячэнне, булачкі, цукеркі, папіросы, піва альбо ліманад у бутэльках. На сцяне тагачаснага Акцябрскага райвыканкама (6) вісіць наглядная агітацыя з заклікам падпісвацца на газеты. Упрытык з адміністрацыйным будынкам стаіць былая сярэдняя школа №6 (7).

Ад цэнтральнай плошчы Свабоды да канца 1970-х – пачатку 1980-х трамваі хадзілі ва ўсе чатыры канцы горада.

Прыпынкі (8) на гэтым участку вуліцы Леніна знаходзіліся амаль на самым Акцябрскім мосце. Яны былі не агароджаныя ці вынесеныя на тратуар, як зараз. У чаканні трамвая людзі стаялі на абсталяваных «астраўках». Невялікі аўтама-
більны рух дазваляў не так пільна клапаціцца пра небяспеку патэнцыйных пасажыраў. Пра колькасць машын на душу насельніцтва тады і сёння добра сведчыць напоўненасць плошчы Свабоды. Калі зараз на ёй амаль не праткнуцца, то ў 1970-м стаялі некалькі адзінак і пераважна адной маркі – «Волга-21». Гэта былі службовыя аўтамабілі партыйных работнікаў, якія прыязджалі па справах у абкам КПБ (9), што месціўся ў памяшканнях дарэвалюцыйнага акружнога суда.

А цяпер пра комплекс будынкаў, які выклікае найбольш моцныя настальгічныя пачуцці ў старэйшага пакалення гараджан і ў народнай тапаніміцы называўся «Фармфак» і «Аптэка». Яны былі размешчаны ў пачатку сучаснага праспекта Фрунзэ (да 1925-га вуліца Задунаўская) да 1980-х, калі іх знеслі накіраваным выбухам.

Падчас вайны гэтая частка праспекта была значна пашкоджана. У 1950-х яе аднавілі, у дарэвалюцыйным Зямельным банку (10) і больш сучаснай прыбудове размясцілі фармацэўтычны факультэт медінстытута. Аўдыторыі знаходзіліся і ў падвальных памяшканнях, таму прахожыя па вечарах маглі добра бачыць, як студэнты спасцігаюць навуку.

Дарэвалюцыйная фармацэўтычная ўстанова (11) Адольфа Вейгера фон Рэйдэмейстэра была на першым паверсе і выконвала свае функцыі да самага зносу пад найменнем «Аптэка №1». Другі і трэці паверхі былі жылымі, а ў пентхаўсе яшчэ да вайны працавала фотастудыя. Дарэчы, за гэтым будынкам бачны пачатак вуліцы Багдана Хмяльніцкага, дзе ў 1970-м стаяў помнік украінскаму гетману. Ён быў выкананы з цэменту, вятры і дажджы не шкадавалі манумент, таму пазней яго дэмантавалі. Але ёсць і другая версія. Пасля ўзвядзення ў 1976 годзе Віцебскага філіяла «Белгіправадгаса» (12) помнік застаўся ў глыбокім тыле будынка. Багдан Хмяльніцкі, трымаючы ва ўзнятай правай руцэ булаву, стаяў амаль пад сцяной і з сур’ёзным тварам заглядваў у вокны службовых кабінетаў. Магчыма, такі штодзённы пільны кантроль камусьці не спадабаўся…

Справа ад аптэкі знаходзіўся яшчэ адзін дом, але ў 1960-х на яго месцы пабудавалі «шкляное» кафэ «Чайка» (13). Аздабленнем інтэр’ера займаліся некалькі супрацоўнікаў мастацкіх майстэрань на чале з Анатолем Толкачам. У прыватнасці, кропка грамадскага харчавання была аформлена керамічнай пліткай ручной работы.

З будаўніцтвам «Белгіправадгаса» і сучаснага галоўнага ўпраўлення Нацбанка па Віцебскай вобласці на вуліцы Леніна быў знесены шэраг жылых і адміністрацыйных будынкаў (14), у тым ліку ПТВ №37. Таксама была выпрамлена і ссунута на поўнач вуліца Гогаля, яе сапраўдны напрамак выходзіць пад арку ўпраўлення Нацбанка.

На цяперашнім здымку бачна пабудаваная на мяжы 1980-1990-х вежа аблвыканкама, узведзеныя ў 2007 годзе дах амфітэатра і замкавая вежа «Духаўскі круглік». У 2009-м адноўлена Уваскрасенская царква, якая была знішчана ў 1936-м. Сёлета завершана будаўніцтва культурна-забаўляльнага комплексу «Вінтаж» (15), што даволі гарманічна заняў сваё месца побач са старадаўнімі аб’ектамі.

Гісторыя працягваецца.

Рэдакцыя «ВВ» дзякуе кіраўніцтву абласнога краязнаўчага музея за арганізацыю фотаздымак.

Фота Міхаіла Шмерлінга і Антона Сцепанішчава.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ