Автор: . Дата создания:

Лепельскі раён прыняў ад Чашніцкага эстафету патрыятычнай акцыі «Дарогамі памяці», прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі, якая праходзіць сярод аўтаклубаў Віцебскай вобласці.

На працягу некалькіх тыдняў супрацоўнікі і калектывы мастацкай творчасці аўтаклубаў выязджалі на месцы баявой славы, каб іх добраўпарадкаваць. 23 красавіка на мемарыяле «Вішанькі» ў Чашніцкім раёне лепяльчане прынялі ад гаспадароў агонь Памяці, кнігі «Памяць» Дубровенскага, Талачынскага, Аршанскага і Чашніцкага раёна, а таксама карты з указаннем помніка, дзе адбылася сустрэча суседніх рэгіёнаў.

– Наш доўг – падтрымліваць у належным стане брацкія магілы, помнікі і абеліскі. Шкада толькі, што зараз немагчыма наведаць ветэранаў, прыцягнуць да ўдзелу школьнікаў, – адзначыў загадчык аўтаклуба Лепельскага РДК Леанід Забабура і дадаў, што ўвогуле каля помнікаў у асноўным парадак, бо замацаваныя за імі арганізацыі добрасумленна прыбіраюць святыя месцы.

– У нашым раёне больш за 70 пахаванняў. Дзякуючы гэтай акцыі яшчэ раз давялося наведаць кожны помнік, датыкнуцца да памяці, – сказала загадчыца аўтаклуба Чашніцкага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Непляховіч.

Лепельскі раён перадасць эстафету памяці Докшыцкаму, прадоўжыцца акцыя да Дня Незалежнасці.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ, фота аўтара.