Прадпрымальнік з Узбекістана стварыў на Шуміліншчыне ТАА «Кашкадар’я чорва Уз» для вырошчвання буйной рагатай жывёлы на мяса.


– Спрыяльны клімат, урадлівыя землі дазваляюць забяспечыць высокія вынікі працы, – адзначыў Іскандар Кудратаў, які арандаваў у ТАА «Віцебскае насенне траў» будынкі фермы ў вёсцы Заобаль.

Рашэннем Шумілінскага райвыканкама для нарыхтоўкі кармоў і выпасу жывёлы «Кашкадар’я чорва Уз» перададзена ў арэнду 270 га зямлі.

Як расказаў дырэктар прадпрыемства Павел Шакун, у адным з памяшканняў ужо навялі парадак, пабудавалі агароджу вакол выгульных пляцовак і паставілі больш за 70 бычкоў. У арганізацыі працуюць трое беларусаў і два жывёлаводы з Узбекістана. Яны кормяць пагалоўе і прыводзяць у парадак другі будынак. Плануецца павялічыць колькасць бычкоў на адкорме да 350 – 400 галоў, а ў перспектыве – да тысячы. Таксама будуць пашыраны зямельныя плошчы для вырошчвання кармоў і зерневых.

Пакуль тэхніка для корманарыхтоўкі арандуецца ў сельгаспрадпрыемствах раёна, але з павелічэннем пагалоўя будзе набыта ўласная.

Нядаўна з работай «Кашкадар’я чорва Уз» азнаёміліся старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванни аблвыканкама Андрэй Булаўкін, намеснік главы Кашкадар’інскай вобласці Алішэр Закіраў.

Бізнесмены з Узбекістана праяўляюць вялікую зацікаўленасць да вытворчасці прадуктаў харчавання для хутка растучага насельніцтва гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны.

Паводле сайта газеты «Герой працы».