Міёры непазнавальна змя­ніліся. Такога меркавання прытрымліваюцца ўсе жыхары горада са шматвекавой гісторыяй. І госці Міёр згаджаюцца з дадзеным выказваннем. Стымулам да такіх перамен стала рашэнне аб правядзенні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026».

Вабяць вока адрамантаваныя дамы і аб’екты інфраструктуры, належны парадак каля ўстаноў і прадпрыемстваў. Нельга не захапляцца адноўленымі паркамі і скверамі, плошчамі і вуліцамі, адрамантаванымі тэрыторыямі двароў і дзіцячымі пляцоўкамі.


Шмат зроблена ў плане добраўпарадкавання. Набыты малыя архітэктурныя формы, дарожныя знакі, кантэйнеры для збору смецця, праведзена замена ліхтароў. У межах падрыхтоўкі да свята капітальна адрамантаваны раён газазабеспячэння, непазнавальна змяніліся будынкі гарадскіх сярэдніх школ №№ 2 і 3, установы аховы здароўя, культуры, жылы фонд. Міярчанам вельмі пашанцавала – тут адкрыецца зала боксу. Самае галоўнае, што ўсё зробленае будзе служыць міярчанам і гасцям горада, ствараць камфорт і пазітыўны настрой.

17 кастрычніка ў Міёрах пройдуць абласныя «Дажынкі». З кожным днём усё больш адчуваецца атмасфера свята. Раён жыў у напружаным рытме падрыхтоўкі да яго на працягу ўсяго года.

Нягледзячы на сюрпрызы надвор'я, добрых вынікаў дасягнулі вясковыя працаўнікі, у гонар якіх і ладзіцца сельскагаспадарчы форум.

Дзіяна ВАНСОВІЧ, прадавец магазіна «Магия вкуса»:

– З’явіліся новыя заасфальтаваныя вуліцы, гараджане правялі добраўпарадкаванне сваіх сядзіб. Амаль усе пабудовы адрамантаваны і пафарбаваны. Міёры змяніліся ў лепшы бок. Новы выгляд набыў і наш магазін, у якім павялічыўся асартымент тавараў.

Міраслава ПЛОТНІКАВА, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАНа:

– З нецярпеннем чакаем гэта свята. Любуемся прыгажосцю нашага горада, у якім з’явіліся новыя арт-аб’екты і пабудовы. Разам з сям’ёй навялі парадак каля хаты бацькоў, хочам, каб нашы Міёры спадабаліся гасцям. Дзякуй ўсім, хто аднавіў наш горад і зрабіў яго прыгожым.

Васіль САРУЛЬ, пенсіянер:

– Прыемна прайсціся па адрамантаваных гарадскіх вуліцах і тратуарах, паглядзець, наколькі ўсё выдатна зроблена. У начны час вабіць вока хараство вулічных ліхтароў. Радасна, што для моладзі з’явілася зала боксу. Мае ўнукі баксёры, вучацца ў Віцебскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву і прыязджаюць у Міёры на канікулы. Цяпер у хлопцаў ёсць усе ўмовы, каб удосталь трэніравацца падчас адпачынку ў родных. 

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара і рэдакцыі газеты «Міёрскія навіны».