Цікавая акалічнасць – 17 верасня, у дзяржаўнае свята народнага адзінства, якое мы мусім адзначыць у шосты раз, нарадзіўся выдатны пясняр Беларусі Максім Танк. Сімвалічна, што дзень нараджэння слыннага сына сваёй Айчыны, пра творы якога мы ведаем яшчэ са школьнай пары, супадае з днём гістарычнага афармлення беларускай нацыі.

Усё, што выпала ў ХХ стагоддзі на долю беларускага народа, дасталося ў пэўнай меры і яму, народнаму паэту Беларусі (1968), Герою Сацыялістычнай Працы (1974), акадэміку НАН Беларусі Яўгену Іванавічу Скурко, гэта сапраўднае імя Максіма Танка. Але прызнанне, пашана, узнагароды былі значна пазней. Першая палова яго жыцця была напоўнена цяжкімі выпрабаваннямі, нястачамі і змаганнем за правы беларусаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Бежанцы 

Нарадзіўся Яўген Скурко ў вёсцы Пількаўшчына Нарачанскага краю (Мядзельскі раён, суседні з Пастаўскім). У сям’і бацькоў было, як тады казалі, 14 едакоў. Жылі бедна, але сумленна, былі працавітымі. У 1914 годзе, калі пачалася Першая сусветная вайна, бацьку мабілізавалі, але як добрага шаўца яго накіравалі ў ваенную шавецкую майстэрню. Маці з двухгадовым сынам далучылася да абозу бежанцаў, гнаных фронтам у глыб Расіі. Шчаслівы выпадак дапамог сустрэцца з бацькам. Салдаты знайшлі для іх месца ў адным з эшалонаў, што накіроўваўся ў Маскву. Туды ж быў пераведзены як майстравы Іван Хведаравіч, бацька. У сталіцы яны пражылі да 1922 года і вярнуліся на радзіму.

Хлопчыку хацелася вучыцца, але школа была толькі польская, а польскай мовы Жэня не ведаў – давялося сядзець першую зіму дома.

Восенню 1925 года Яўген пайшоў у Сваткаўскую школу, дзе яму ўпершыню трапіў у рукі «Беларускі каляндар». Падлетка здзівіла, што каляндар быў напісаны на мове, якой гаварылі вяскоўцы, тады ён зацікавіўся беларускімі выданнямі. Праз год хлопец паступіў у трэці клас Вілейскай рускай гімназіі.

Сталенне ва ўмовах бяспраўя

У Вілейцы Яўген Скурко праходзіў школу палітычнай і нацыянальнай свядомасці. Рэвалюцыйная барацьба працоўнага народа за свае правы ўсё больш прыцягвала юнака. У сціплага сялянскага хлапчука з Пількаўшчыны складваўся характар байца і змагара.

Закончыць Вілейскую гімназію Яўгену не давялося: восенню 1928 года польскія ўлады закрылі яе. У дажджлівы вераснёўскі дзень хлопец з хатнімі сухарамі за плячыма і школьнымі падручнікамі прыйшоў у мястэчка Радашковічы, каб паступіць у пяты клас беларускай гімназіі. Тут ён упершыню сустрэўся з падпольнай камсамольскай арганізацыяй, у якую неўзабаве ўступіў. Па-другое, дужа здзівіла, што амаль усе з сяброў пісалі вершы.

За ўдзел у адной з вучнёўскіх забастовак супраць ліквідацыі польскім урадам беларускіх школ з гімназіі было выключана некалькі гімназістаў, у тым ліку і Яўген Скурко.

У пачатку 1929 года будучы народны паэт паступіў у беларускую гімназію ў Вільні. Але ненадоўга: новы ўдзел у забастоўцы выклікаў новае «выдаленне». Нічога не заставалася, як ехаць у родную вёску. Дома Яўген правёў вясну і лета, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, многа чытаў і пісаў. Але юнаку вельмі хацелася вучыцца.

Восенню ён паступіў на гадавыя курсы тэхнікаў-меліяратараў.

Аблавы і астрог 

У жыцці Максіма Танка 1932 – 1934 гады напоўнены арыштамі, допытамі, астрогамі. У красавіку 1932-га юнака арыштавалі як актыўнага карэспандэнта падпольных і легальных камуністычных выданняў – «Часопіс для ўсіх», «Пралом», «Беларуская газета», дзе друкаваліся яго вершы.

Восенню 1932 года ЦК камсамола Заходняй Беларусі накіроўвае Яўгена Скурко на падпольную работу на Навагрудчыну. Інструктар ЦК камсамола і паэт, Яўген Скурко паўгода арганізоўваў камсамольскія ячэйкі, наладжваў іх сувязь з цэнтрам, распаўсюджваў камуністычную літаратуру.

Яўгена настойліва шукала паліцыя: рабіла аблавы ў Пількаўшчыне, наведвала яго былыя кватэры ў Вільні і іншыя мясціны, дзе жыў раней. На падставе правакатарскіх даносаў польскія ўлады даведаліся аб сувязях Яўгена з КПЗБ і яго падпольнай рабоце. 27 мая 1933 года юнака арыштавалі каля мястэчка Глыбокае і адправілі зноў у турму. Акруговы суд у Вільні прыгаварыў яго да шасці гадоў зняволення і пазбаўлення грамадзянскіх правоў на восем гадоў. Аднак праз год апеляцыйны суд справу перагледзеў і, не маючы канкрэтных доказаў, зменшыў пакаранне да двух гадоў турэмнага зняволення ўмоўна.

«Здарова, таварышы!»

Працуючы ў Вільні, Яўген Скурко напісаў шмат вершаў, якія склалі аснову першага зборніка паэта «На этапах», які выйшаў у 1936 годзе. Аднак адразу пасля выхаду цэнзура канфіскавала кніжку паэта, а ён сам трапіў на лаву падсудных. З усяго тыражу канфіскаванай кнігі ўдалося выратаваць толькі некалькі сот экзэмпляраў – частку тыражу вынеслі рабочыя друкарні. Але і гэтага было дастаткова, каб кніга выклікала пэўны грамадскі рэзананс. У Мінску яе атрымалі народныя паэты Беларусі Янка Купала і Якуб Колас, яны высока ацанілі творчасць паэта.

На фальклорнай аснове вырасла і першая паэма Максіма Танка – «Нарач» (1937). Яна навеяна паэту выступленнем нарачанскіх рыбакоў. Польскі ўрад перадаў возера Нарач у арэнду памешчыку Яблонскаму і забараніў мясцовым людзям лавіць у ім рыбу. Нарачанскія рыбакі падняліся на абарону сваіх азёр. Гэтыя падзеі навялі Максіма Танка на думку стварыць паэму пра бунтарскі дух і непакорнасць народа. Новая кніга таксама была канфіскавана польскімі ўладамі.
Жыць у Вільні стала вельмі цяжка, і паэт пераязджае ў Пількаўшчыну, дзе і застаў верасень 1939 года. Ужо 17 верасня, у першы дзень вызвалення, з’явіўся верш

«Здарова, таварышы!», прысвечаны важнай падзеі – уз’яднанню беларускага народа.

Святлана ДЗЯДЗІНКІНА. Фота з адкрытых крыніц.