Автор: . Дата создания:

Для таго, каб павіншаваць перадавікоў Леаніда Аляксеенку і Сяргея Калбасава з СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат», якія першымі ў вобласці намалацілі 4 тысячы тон збожжа, на поле прыехалі шматлікія госці на чале са старшынёй камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама Сяргеем Ягоравым.

-- Самае важнае сёння -- паспяхова завяршыць жніво, -- падкрэсліў Сяргей Валер’евіч. -- Хочацца адзначыць зладжаную работу вашай гаспадаркі ў Лепельскім раёне. Усе земляробы -- спецыялісты, механізатары, камбайнеры, аператары сушыльных комплексаў -- працуюць у надзейнай звязцы, што і выводзіць гаспадарку, увесь раён на першыя пазіцыі. СВФ «Заазер’е» і ўся Лепельшчына ўжо выканалі пастаўкі ў лік дзяржаўнага заказу, прыступілі да ўборкі яравога рапсу і сяўбы азімых культур. Яшчэ раз віншую вас і ўсіх земляробаў з высокім дасягненнем!

-- На палях вобласці ў перыяд масавага жніва працавалі 1357 камбайнаў. Сярод іх вы першымі намалацілі тысячу, дзве, затым тры, і вось цяпер – 4 тысячы тон, -- адзначыла старшыня абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Ярома. -- Гэта сведчыць пра тое, што вы -- безумоўныя лідары ўборачнай кампаніі на Віцебшчыне.

Леаніду і Сяргею былі ўручаны святочныя падарункі, а затым камбайнеры, выкарыстоўваючы пагодлівы час, рушылі зноў працаваць.

Валавы намалот мінулага года земляробамі Лепельшчыны ўжо перавышаны. Як заўважыў старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, у цяперашні час стаіць задача перасягнуць паказчык 2018 года, аднаго з лепшых і ўраджайных у гісторыі раёна – 23 тысячы.

Васіль МАТЫРКА, Лепель, фота аўтара.