Автор: . Дата создания:

Да стварэння сваёй інтэграцыйнай структуры ў аграпрамысловым комплексе на Пастаўшчыне падыходзілі разважліва. Прыглядаліся да работы холдынгаў у суседніх раёнах, выпрацоўвалі свой шлях, які паспрабавалі на звязцы малочнага завода і ААТ “Камайскі-Агра”. Два з паловай гады назад перадалі гаспадарку, якая знаходзілася на мяжы банкруцтва, паспяховаму перапрацоўчаму прадпрыемству ў давернае кіраванне. Што з гэтага атрымалася і як паўплывалі на сітуацыю Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, №399, карэспандэнт «ВВ» распытала кіраўніка сельгаспрадпрыемства Канстанціна Гайлеўскага.

– Па сутнасці, мы апрабавалі ўжо шэраг прапаноў па аздараўленні аграпрамысловага комплексу вобласці, якія прагучалі на нарадзе ў Прэзідэнта. І на ўласным вопыце ведаем, які станоўчы вынік атрымалі ад работы ў тандэме з заводам і ад мер па адтэрміноўцы і растэрміноўцы даўгоў, якія звязалі вытворчасць па руках і нагах, – паведаміў ён.

Але вернемся да сітуацыі 2017 года. Самая вялікая на Пастаўшчыне гаспадарка мела самыя горшыя паказчыкі ва ўсіх галінах дзейнасці. Яравую сяўбу заканчвала апошняй. З-за неадрамантаванай тэхнікі не магла пачаць нарыхтоўку кармоў. Людзі разбягаліся. І тады райвыканкам прыняў рашэнне перадаць “Камайскі” ў давернае кіраванне малаказаводу. У той жа год прадпрыемства ўклала ў сельгасвытворчасць вялікія інвестыцыі. Купіла сем энерганасычаных трактараў, дыскатары, корма- і збожжаўборачныя камбайны, іншыя машыны і механізмы. Набыло тэхніку і для заводскага механізаванага атрада. Кожны рабочы дзень дырэктар малаказавода Георгій Касцень пачынаў з візіту на сельгаспрадпрыемства.

– Так. Гаспадарку трэба было ратаваць, што мы і рабілі, з’яднаўшы намаганні. У выніку ў зімоўку ўвайшлі са 100-працэнтнай забяспечанасцю жывёлы кармамі. Своечасова пасеялі азімыя, узнялі ворыва. І за два апошнія гады дасягнулі ўзроўню вытворчых паказчыкаў лепшых гадоў дзейнасці сельгаспрадпрыемства.

– Канстанцін Генрыхавіч, гэты прарыў вы звязваеце толькі з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы адкрытага акцыянернага таварыства?

– Не толькі. Адной тэхнікай, хай і новай, праблемы вырашыць нельга. Сваю ролю адыграла жорсткая дыктатура працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны, на чым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. У штаце гаспадаркі было шмат людзей, не занятых у вытворчасці. Правялі аптымізацыю. Аплату працы завязалі на канчатковым выніку, на своечасовасці і якасці зробленага. Хто не мог ці не хацеў прыняць новыя патрабаванні, сышоў. Але засталіся людзі працавітыя, якія спраўляюцца з абавязкамі ў значна большых аб’ёмах, чым раней, маюць лепшы вынік і, вядома, зарабляюць больш.

Некалькі прыкладаў. У 2017 годзе намалацілі 4600 тон збожжа, у 2019-м – больш за 14 тысяч тон, рапсу адпаведна 166 і 1106 тон. Прыбытковымі сталі ўсе галіны вытворчасці.

– 2017 год быў цяжкім для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў вобласці. У маі ішоў снег, пасля заліла так, што нельга было ўбраць вырашчанае. Прапаную ўзяць за кропку параўнання 2016-ы. Як на фоне яго развіваўся “Камайскі-Агра”?

– У 2016-м рэнтабельнасць продажу складала мінус 24%, па выніках мінулага -3,4%. У два разы вырасла заработная плата.Тэмп росту валавой прадукцыі ў 2018-м да ўзроўню папярэдняга склаў 142%, у 2019-м да 2018-га – 126%.

За два гады гаспадарка пагасіла даўгі перад фондам сацыяльнай абароны, падатках, пратэрмінаванай запазычанасці. Мы зноў атрымалі магчымасць крэдытавання. За яго сродкі, напрыклад, купілі азотныя ўгнаенні для падкормкі 2700 га азімых і рапсу. Аздаравіць эканоміку акрамя ўласных намаганняў калектыву дапамагло, бясспрэчна, і рашэнне аб адтэрміноўцы і растэрміноўцы даўгоў, у выніку чаго атрымалі свабодныя сродкі для ўнутрыгаспадарчых патрэб. Дапамога малаказавода звялася да аказання паслуг, пакуль платных, але якія згодна з новай канцэпцыяй узаемаадносін паміж членамі холдынгу будуць прадстаўляцца галаўным прадпрыемствам сельгасвытворцам бясплатна.

– Зрухі ў раслінаводстве вы паказалі. А як справы ў жывёлагадоўлі?

– У сельгасвытворчасці ўсе галіны ўзаемазвязаны. Кармы ўплываюць на надоі і прывагі, рэалізаваныя малако і мяса даюць жывыя грошы. За два гады пагалоўе жывёлы прырасло на 1200 галоў, з іх 500 кароў. За апошні год валавы надой павялічыўся да папярэдняга на 2230 тон, надой на карову – на 371 кг. І гэта пры тым, што дойны статак абнаўляем прыплодам ад сваіх жа кароў. Значыць, і ў іх ёсць рэзерв павелічэння прадуктыўнасці, толькі трэба карову накарміць, стварыць умовы ўтрымання і патрабаваць ад работніц строгага выканання тэхналагічнай дысцыпліны. Наша перадавая даярка, якая другі год займаецца раздоем першацёлак, надаіла летась у сярэднім ад кожнай па 6300 кг малака. У снежні на дарошчванні цялят мелі 900 г сяреднясутачнай прывагі. Але сёння сутыкнуліся з недастатковасцю памяшканняў для жывёлы, хоць і будуем новыя фермы, рамантуем старыя.

– Трэба меркаваць, што ваш вопыт можа служыць прыкладам іншым па аздараўленні эканомікі сельгасвытворчасці?

– Гэта справа тых, хто жадае змяніць сітуацыю. Пасля нас па той жа дарозе пайшло ААТ “Кураполле-Агра”. Цяпер знаходзімся на стадыі стварэння Пастаўскай інтэграцыйнай структуры, якая аб’яднае малаказавод і пяць гаспадарак, тры з якіх фінансава слабыя. (Тут дарэчы сказаць, што на пасаду кіраўніка новай структуры райвыканкам вырашыў назначыць Канстанціна Гайлеўскага, яго кандыдатуру ўзгадніў Прэзідэнт. – Заўв. аўт). Шляхі аздараўлення вызначаны. Ёсць і шэраг пытанняў, якія патрабуюць больш дасканалай і дэталёвай прадуманасці, чым цяпер і займаемся разам з кіраўніцтвам раёна і ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.

– Дзякуй за размову.