Дэлегацыя Пастаўшчыны з сяброўскім візітам наведала франзузскi Вердэн

Печать

Гэты візіт стаў вынікам знаёмства першага саветніка па супрацоўніцтве і культуры Пасольства Францыі ў Беларусі Эльзы Піньёль з работай, якую не адзін год вядуць навукоўцы, краязнаўцы і валанцёры па даследаванні гісторыі Першай сусветнай вайны і менавіта тых яе падзей, якія адбываліся на пастаўскай зямлі.

У прыватнасці, у 2016 годзе тут прайшла маштабная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю Нарацкай аперацыі. Пры падтрымцы старшынь сельскіх Саветаў валанцёры на чале з Андрэем Мацурам займаюцца пошукам забытых пахаванняў і вайсковых могілак, іх добраўпарадкаваннем.

Ужо знойдзены і прыведзены ў парадак некалькі няўлічаных воінскіх пахаванняў, устаноўлены памятныя знакі, паклонныя крыжы, адкрыта экспазіцыя ў раённым краязнаўчым музеі.

Вось гэтай работай і зацікавілася Эльза Піньёль. Яна прапанавала наладзіць дзелавыя кантакты з Вердэнскім дзяржаўным мемарыялам, які займаецца ўвекавечаннем тых трагічных падзей і памяці загінулых з боку французскай і нямецкай армій. З падтрымкай праграмы Еўрапейскага саюза «Мост», якая накіравана на ўсталяванне паміж краінамі культурных, эканамічных, гуманітарных і іншых кантактаў, і была арганізавана такая сустрэча.

Французскі бок цікавяць падзеі Нарацкай наступальнай аперацыі, якая праходзіла на тэрыторыі Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў. Вядома, што ў сакавіку 1916 года, у перыяд самых жорсткіх баёў пад Вердэнам, урад Францыі звярнуўся да Расіі з просьбай арганізаваць наступленне на ўсходнім фронце, і Руская імператарская армія, выконваючы саюзніцкі абавязак, у складаных умовах надвор'я, без адпаведнай падрыхтоўкі пайшла ў наступленне і панесла каласальныя страты. Шмат палягло і немцаў. Такой непамерна высокай цаной была адцягнута частка нямецкіх сіл ад атакі на Вердэн, ад якога заставалася ўсяго 200 кіламетраў да французскай сталіцы.

— Наша дэлегацыя, – расказвае намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, – наведала дзяржаўны мемарыял «Вердэн», музей «Цытадэль Вердэн», вайсковыя могілкі, мемарыял «Дуамонскі асуарый», у якім знайшлі спакой дзясяткі тысяч загінулых падчас жудасных баёў. Менавіта ў ім запальваюць Вечны агонь, які сімвалізуе трагізм, памяць і прымірэнне, прэзідэнт Францыі і канцлер Германіі.

Падчас дзелавой сустрэчы ў мэрыі мы абмеркавалі сучасныя тэндэнцыі і агульныя падыходы ў пытаннях увекавечання памяці ахвяр войнаў і ўмацавання міру і ўзаемаразумення паміж народамі. Мы расказалі пра Нарацкую аперацыю, пра экспазіцыі нашага музея, прадставілі аўдыёвізуальныя матэрыялы па Першай сусветнай вайне на тэрыторыі Беларусі і Пастаўскага раёна.

Андрэй Мацур прэзентаваў свае фотавыставы, прысвечаныя падзеям той вайны і валанцёрскаму руху на Пастаўшчыне, добраўпарадкаванню воінскіх пахаванняў.

Дасягнута дамоўленасць аб далейшым супрацоўніцтве, візіце французскай дэлегацыі ў Паставы, арганізацыі сумеснай фотавыставы «Паставы — Вердэн», абмеркавана магчымасць удзелу беларускіх ваенных рэканструктараў у мерапрыемствах, што будуць праводзіцца восенню ў Вердэне з нагоды 100-годдзя заканчэння вайны.

У час адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў Паставах, прысвечанай подзвігу разведчыкаў Першай сусветнай вайны.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны