«Мне дастаткова паглядзець на кветку, і я паўтару яе»: майстар-кандытар з Пастаў здзіўляе цукровай аздобай тартоў

Печать

На стале стаяла з дзясятак тартоў, пасярэдзіне якіх узвышаўся трох’ярусны бялюткі велікан. Але здзівіў не яго памер, а вытанчаныя, амаль празрыстыя архідэі, што спускаліся з верху аж да нізу вырабу. Спачатку падумала, што кандытар у сваім тварэнні злучыла цеста з жывым матэрыялам, але потым убачыла, што кветкі рукатворныя, зробленая па-майстэрску так, што цяжка адрозніць ад сапраўднай.

 

– Яны цукровыя, – патлумачыла Святлана Карандашова, майстар-кандытар Пастаўскага спажывецкага таварыства. – Кветкі маё любімае ўпрыгажэнне. Аддаю перавагу палявым – васількам, незабудкам, званочкам.

Аднак тарты, што чакалі вынасу ў залу ўніверсама «Цэнтральны», дзе знаходзіцца кандытарскі цэх і працуе Святлана Леанідаўна, упрыгожвалі не толькі кветкі. Па многіх сярод зялёных ёлак і кустоў гулялі ежаняты і мядзведзяняты, на іншых раслі грыбы, якія збіралася сабраць у кошык Чырвоная Шапачка. Сапраўдныя скульптурныя кампазіцыі, толькі не высечаныя з камня і не адлітыя з бронзы, а вылепленыя рукамі таленавітай жанчыны.

Рабочы дзень у кандытарскім цэху пачынаецца ў сем гадзін раніцы, каб ужо ў восем, калі адчыніцца магазін, на прылаўку былі свежыя круасаны, булачкі не менш чым 15 відаў — пульхныя, гарачыя, з рознай начынкай.

Апошнім часам кандытары асвоілі выпечку пышак з часнаком, за якімі выстрайваецца чарга. Пастаўчане любяць іх есці з баршчом і халадніком, таму разбіраюць аднымі з першых. А ўсёй здобы Святлана Леанідаўна разам з памочніцай выпякае за месяц да 20 тысяч штук.

З тартоў найбольш запатрабаваны «Кіеўскі», у традыцыйную рэцэптуру якога майстрыца ўнесла свае змены. Святлана Карандашова любіць эксперыментаваць, прыдумваць новыя ўзоры прадукцыі, не шкадуе часу на тое, каб ужо знешне яны выклікалі цікавасць у пакупніка. З захапленнем я назірала, як вырасталі на тартах дрэўцы, распускалі пупышкі ружы, падымалі галоўкі з-пад белай глазуры блакітныя падснежнікі.

– Мне дастаткова паглядзець на кветку, і я паўтару яе. Прырода найталантлівейшы мастак, а я толькі рамеснік, – сказала майстрыца.

Сціпла, але не зусім праўдзіва. Святлана Карандашова – пераможца розных конкурсаў: абласных, рэспубліканскіх, міжнародных. Брала серабро і золата, на адной з выстаў уразіла сваімі кветкамі Прэзідэнта краіны, у Германіі – прызнаных еўрапейскіх кандытараў. А цяпер сама ацэньвае маладыя таленты ў складзе журы на прафесійных спаборніцтвах.

Фота Тамары Пашкевіч.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны