Фестываль эксперыментальнай керамікі “Дым” прайшоў на Пастаўшчыне

Печать

– Такога грандыёзнага мерапрыемства мы не бачылі даўно, а вогненнае шоу на свае вочы назіралі наогул упершыню, – сцвярджалі жыхары пасёлка Лынтупы на Пастаўшчыне. – Свята было відовішчнае, цікавае.

 

Задуманае як фестываль эксперыментальнай керамікі “Дым”, дзякуючы мясцоваму культурнаму цэнтру “Культыватар”, сельскаму і раённаму выканкамам  яно стала шматгранным культурным мерапрыемствам. Тут можна было падзівіцца на работы майстроў Пастаўшчыны, у прыватнасці тых, хто займаецца вырабам маляванак, купіць сувеніры рамеснікаў і работніц мясцовага філіяла раённага ТЦСАНа, паспрабаваць розныя стравы, якімі частавалі кулінары народных клубаў Пастаўшчыны і Беластокскага таварыства “Падляскія прысмакі”.

Аднак галоўнай гераіняй фестывалю была кераміка,  якую адна з арганізатараў свята кераміст Анастасія Мілаванава назвае алхіміяй.

 – Вы змешваеце зямлю, ваду і агонь і атрымліваеце цуд, – адзначыла яна. – Кераміка — гэта не толькі ганчарнае кола, за якім сядзіць мужчына з падкасанымі рукавамі. Гэта яшчэ і новыя матэрыялы, тэхналогіі, якія імкліва развіваюцца.

У гэтым мясцовыя жыхары таксама змаглі пераканацца. Напярэдадні фестывалю на базе «Культыватара» прайшоў двухтыднёвы пленэр, падчас якога керамісты з Беларусі, Расіі і Балгарыі абменьваліся  вопытам, удзельнічалі ў майстар-класах і, канечне ж, стваралі новыя вырабы. Усе жадаючыя маглі паназіраць за рознымі варыянтамі эксперыментальнага абпальвання гліны ці зрабіць нешта сваімі рукамі.

Пагуляўшы па пляцоўках, паслухаўшы выступленне фальклорнага калектыву з Гуты ці пагуляўшы ў “Яшчура”, удзельнікі фестывалю вярталіся да вогнішча, дзе абпальваўся вялікі мядзведзь. Самыя цярплівыя чакалі, калі ён загартуецца, да позняга вечара.

 У праграме фестывалю была вялікая канцэртная праграма. У касцёле выступіў камерны аркестр «Еўропа-Цэнтр» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава, на пляцоўцы – беларускі гурт KRIWI, танцавальна-музычнае шоу паказала этнастудыя «Кетры”, яна ж падарыла і вогненнае шоу.

Фота з адкрытых крыніц.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны