Самы вялікі камень на Беларусі ляжыць у ваколіцах вёскі Горкі Шумілінскага раёна

Печать

Рэдакцыя «ВВ» разам з краязнаўцамі Віцебскага кадэцкага вучылішча распачынае цыкл публікацый, прысвечаных славутасцям вобласці – прыродным, археалагічным, гістарычным, культурным і іншым, спадчынным і сучасным, у межах краіны вядомым і не надта. Мэта – нагадаць чытачам, які багаты адметнасцямі паўночны рэгіён Беларусі, звярнуць на іх увагу гасцей, разам палюбавацца гэтым каштоўным скарбам. Запрашаем далучыцца да праекта ўсіх жадаючых: раптам хто ведае пра нешта рэдкае, незаўважанае даследчыкамі на нашых абшарах, – паведамляйце! А пакуль – першая занатоўка.

самый большой камень в беларуси

Самы вялікі камень на Беларусі – Чортаў, або Вялікі – ляжыць у ваколіцах вёскі Горкі Шумілінскага раёна: 11 м даўжынёй, 5,6 м шырынёй, 3 м вышынёй. Адносна вагі ў навукоўцаў дакладнасці няма, бо абмерана толькі яго частка, якая вытыркаецца над зямной паверхняй. Адны лічаць, што пацягне амаль на 200 тон, іншыя – ажно на 800! Відаць, менавіта пра такіх волатаў пісаў народны паэт Беларусі і наш зямляк Рыгор Барадулін: «як Сакрат, лабаты…» Месца знаходжання каменя добраўпарадкавана, на шляху да яго ўсталяваны ўказальнік.

Ёсць і паданні. Раней тутэйшыя жыхары лічылі, што Вялікі камень збівае з панталыку вандроўнікаў – робіць так, каб яны патрапілі не туды, куды хацелі. Але незвычайную ўласцівасць можна было досыць проста парушыць – хітрыкамі: ідучы міма, вымавіць назву іншай вёскі, а не той, у якую наважыўся. Калі валун і чараваў, то чалавек усё роўна дабіраўся да патрэбнай мясціны.

Цікава, што другі па велічыні камень Беларусі – Кравец – таксама знаходзіцца на Віцебшчыне, каля вёскі Вароніна Сенненскага раёна. Памеры – 10,2*6,0*2,05 м, а верагодная вага – каля 340 тон.

Мікалай Півавар, выкладчык Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдат гістарычных навук.

Фота з архіва рэдакцыі.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны