«Ведаць больш, рабіць лепш» – крэда рэаніматолага Міёрскай ЦРБ Макара Ажэля

Печать

Макар Ажэль – адзін з трох маладых урачоў, якія прыйшлі на працу ў раённую бальніцу ў мінулым годзе і сталі рэаніматолагамі. Усе, па словах галоўнага ўрача Алены Сівой, ужо паказалі сябе добрымі спецыялістамі. Макар Сяргеевіч стаў прадаўжальнікам сямейнай дынастыі. Тое, што будзе медыкам, ведаў з 9-га класа. Менавіта тады пачалося вывучэнне анатоміі. І маладога чалавека нібы азарыла: дайшло, што вывучае сам сябе, будову ўласнага арганізма. Тады і захацелася ведаць яго дасканала, умець выпраўляць збоі і паломкі.

– Для вучобы выбраў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, паступіў лёгка. А вось так жа пра працэс навучання сказаць не магу. Часам патрабавалася не толькі разуменне тэмы, а зазубрыванне. Паступова звужаліся і прафесійныя інтарэсы. Пачалі больш цікавіць хірургія, траўматалогія. Анестэзіялогія, рэанімацыя не былі ў ліку прыярытэтаў. Толькі лёс распарадзіўся інакш, – расказаў Макар Ажэль.

– А нам патрэбаваліся менавіта такія спецыялісты, – удакладніла Алена Фёдараўна. – У рэанімацыі заставаўся адзін загадчык. Да яго і адправілі трох выпускнікоў медыцынскіх ВНУ. І з поўным перакананнем магу сказаць, што не пралічыліся. Цяпер прыглядаемся і да іх арганізатарскіх здольнасцей, бо абнаўленне кадраў патрабуецца і на адміністрацыйных пасадах.

Але Макар Сяргеевіч пакуль у кіраўнікі не імкнецца. Казаў, што перш трэба адчуць сябе прафесіяналам у тым, што робіць. Таму многа чытае спецыяльнай літаратуры, набіраецца вопыту ў старэйшага калегі.

«Хачу ведаць больш і рабіць лепш» – так на дадзеным этапе гучыць яго крэда. А работы ў рэаніматолагаў заўсёды хапае. Бо менавіта яны часцей за іншых урачоў бачаць, як чалавек знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, і ад іх у многім залежыць, хто пераможа ў гэтай нябачнай воку барацьбе.

Наогул год пачаўся са складаных аперацый. 2 студзеня ўжо аперыравалі міярчаніна з разрывам селязёнкі. Затым у аперацыйнай ратавалі другога пацыента, у якога здарыўся разрыў анеўрызмы ў брушным аддзеле, а потым яшчэ шэсць сутак выходжвалі ў рэанімацыі.

– Макару Ажэлю «шанцуе» на складаныя сітуацыі, – пацвердзіла галоўны ўрач.

На рахунку Макара чатыры аперацыі па разрыве анеўрызмы, нажавым раненні ў сэрца, цяжкіх траўмах, кесарава сячэнне.

– І ён ужо не навічок, а спецыяліст з вопытам. Перад Новым годам атрымаў другую ўрачэбную катэгорыю. І як зазначылі члены камісіі, быў у ліку найбольш падрыхтаваных.

– Як здымаеце стрэс? – запыталася ў доктара.

– Цяжкай фізічнай нагрузкай у трэнажорнай зале, на стадыёне, люблю гіравы спорт, – пачула ў адказ.

А старэйшыя калегі дапоўнілі, што Максім іграе на бас-гітары, выступае вядучым канцэртаў, у тым ліку і ў раённым Доме культуры, эрудыт.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны