Арт-аб’екты ААТ «Інвет» – неад'емны атрыбут ландшафтнага дызайну беларускіх гарадоў

Печать

Прадукцыю ААТ «Інвет» можна знайсці па ўсім свеце. І гэта не перабольшанне. У прадпрыемства наладжаны пастаўкі ў дзясяткі рэгіёнаў і дзяржаў. Попыт на інветаўскія вырабы сапраўды трывалы і, як адзначыў дырэктар Сяргей Грамадка, з года ў год расце.

З невялікага аграгарадка Бігосава Верхнядзвінскага раёна іх адпраўляюць больш чым у 50 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі – ад Смаленска і Санкт-Пецярбурга да Сахаліна, а таксама ў многія краіны Еўропы і Азіі – Фінляндыю, Казахстан, Ірландыю, Іспанію. На экспарце калектыў зарабіў летась
1 млн 760 тыс. долараў, на 28% у параўнанні з папярэднім годам павялічыў выручку ад рэалізацыі прадукцыі за мяжу. Гэтак жа паспяхова пачаў 2020-ы, за два месяцы атрымаў ад экспарту на 290 тысяч долараў.

Як і многія іншыя вытворцы, калектыў цяжка перажываў перыяд распаду СССР, па планавай сістэме якога меў абавязак разам з яшчэ 4 – 5 аналагічнымі суб’ектамі забяспечваць краіну ветэрынарным інструментам. Аднак бігосаўцы знайшлі сваё месца ў новых рэаліях. У першую чаргу дзякуючы кіраўніку і камандзе ініцыятыўных людзей, якія ўдыхнулі новае жыццё ў прадпрыемства.

Прыкладна пятнаццаць гадоў назад пачалося яго пераабсталяванне пад новае пры-значэнне – выпуск прадукцыі з пластмасы. Яно працягваецца і цяпер. Пашыраецца і асартымент прадукцыі, зараз гэта не толькі пластмасавы посуд. У актыве каля 400 найменняў.

Вяскоўцы, асабліва работнікі жывёлагадоўчых ферм, добра ведаюць домікі і клеткі для цялят ад «Інвета», дзякуючы якім жывёла расце здаровай. На многіх сельгаспрадпрыемствах яны ўтвараюць цэлыя гарадкі, дзе ўтрымліваецца маладняк. Біркамі, адлітымі ў Бігосаве, паўсюль памячаюцца бычкі і цёлачкі, дойны статак.

Гэтая прадукцыя запатрабавана і ў Расіі. Беларускае ААТ даўно і цесна супрацоўнічае з двума самымі вялікімі холдынгамі суседняй краіны, якія займаюцца вытворчасцю малака, – «ЭкаНівай» і агракомплексам імя Ткачова. Ёсць пакупнікі і ў іншых рэгіёнах.

Пластмасавыя вырабы неабходныя ў трактара- і машына-будаванні. Паліўныя бакі і расшыральныя бачкі, з дзясятак іншых камплектуючых пастаўляе «Інвет» на МТЗ, «Гомсельмаш», МАЗ, пачаў супрацоўніцтва з «Амкадорам».

– Нас ведаюць усе буйныя прамысловыя прадпрыемствы, – сказаў Сяргей Грамадка. — Змагаліся з канкурэнтамі за пастаўку паліўных бакаў на санкт-пецярбургскі трактарны завод, шырока вядомы пад брэндам «Кіравец», на завод па выпуску аўтобусаў групы кампаній ГАЗ. На «Растсельмашы» праходзіць апрабацыю вопытны экзэмпляр паліўнага бака да самаходнай касілкі новай мадэлі.

А яшчэ новы экспартны варыянт аўтобуса распрацоўвае МАЗ. Для яго ў Бігосаве таксама вылілі бак.

– Стараемся глядзець у перспектыву, – падзяліўся стратэгіяй кіраўнік. — Магчыма, напачатку ад такіх эксперыментаў панясём расходы, але калі яны абяцаюць вярнуцца праз пэўны час істотным прыбыткам, укладанні перспектыўныя, і іх трэба рабіць.

 Упісвацца ў розныя праекты ААТ «Інвет» дазваляе тое, што яно мае канструктарскае бюро і інстру-ментальную вытворчасць. Частка калектыву зна-ходзіцца ў Бігосаве, частка працуе аддалена, з Полацка. Такім чынам была вырашана праблема дэфіцыту кадраў. Разам і паасобку яны распрацоўваюць і даводзяць да дасканаласці патрэбную спажыўцам рэч, падтрымліваюць імідж кампаніі як мабільнага, прафесіянальнага і адказнага партнёра.

А заказы ў «Інвет» паступаюць розныя. Пластыкавыя трубы з фітынгамі патрэбныя сувязістам, электрыкам, меліяратарам, конусамі, блокамі карыстаюцца дарожнікі, пагранічнымі слупамі з Бігосава абазначана граніца Беларусі з Украінай, пантонамі ўладкаваны берагі азёр, у тым ліку на Браслаўшчыне і Нарачы.

Але самай вядомай у насельніцтва прадукцыяй з’яўляецца тая, што робіць нашы гарады, вуліцы і двары прыгожымі, – самыя розныя па колеры, памеры, форме вазоны для кветак, арт-аб’екты, металічныя канструкцыі. Сёння цяжка знайсці ў краіне горад, які не ўпрыгожваюць карэты, піраміды, тумбы, чашы, елачкі з Бігосава.

Ландшафтны дызайн Мінска на 70%, сцвярджаюць у «Інвеце», створаны з прымяненнем іх прадукцыі. Яна запатрабаваная ў Брэсце, Гомелі, Віцебску, у населеных пунктах Беларусі і Расіі.

Больш за 60 вялізных вазонаў, напрыклад, ААТ «Інвет» паставіла ў Кіславодск, іншыя курортныя гарады РФ.

З надыходам вясны пачынаецца новы этап добраўпа-радкавання тэрыторый. У гэты перыяд звычайна рэзка вырастае попыт менавіта на гэты сегмент прадукцыі, а значыць, і запатрабаванасць у кадрах. Так, ААТ «Інвет» запрашае зваршчыкаў як на пастаянную работу, так і па дагаворы. З райцэнтра ў аграгарадок супрацоўнікаў дастаўляе заводскі аўтобус. У планах купіць яшчэ адзін. ААТ гатова пашыраць штат, які ўжо налічвае каля 250 чалавек.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны